Вы тут

Mark Formelle стварыла калекцыю з рэдкімі жывёламі і раслінамі


Кампанія сумесна з беларускімі мастакамі і з падтрымкай Мінпрыроды выпусціла калекцыю футболак, заплечнікаў, нататнікаў і стыкераў, прысвечаных чырванакніжным раслінам і жывёлам. Частка выручаных ад продажу сродкаў будзе перададзена прыродаахоўным арганізацыям і прытулкам для жывёл.


Яшчэ 38 гадоў таму, калі было складзена першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі, жывёл і раслін, якія знаходзяцца на мяжы знікнення, было менш за 200. Цяпер гэта лічба вырасла амаль у тры разы. Сваёй новай калекцыяй Mark Formelle вырашыла нагадаць беларусам, якую прыгажосць мы можам у хуткім часе страціць, калі не будзем берагчы прыроду.

— На планеце амаль не засталося месцаў, куды б не прыйшлі людзі са сваімі інтарэсамі. Аднак чалавек — не цар прыроды, а такая ж яе частка, як жывёлы і расліны. Таму нам трэба вучыцца паважліва ставіцца да сваіх суседзяў, — падкрэсліў начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай СВІДЗІНСКІ. — Кожны від расліннага і жывёльнага свету — унікальны і цікавы па-свойму, што адкрывае бязмежныя магчымасці для творчасці.

На прынтах новага адзення і сувеніраў — жукі-алені, совы-сіпухі, грабеньчатыя трытоны, рабыя суслікі, сфагнумы мяккія, хвашчы вялікія і іншыя прадстаўнікі Чырвонай кнігі. У кожнай з сямі прац свой аўтар, які самастойна выбіраў пару з жывёлы і расліны на свой густ. Спецыяльна для праекта кампанія запрасіла беларускіх мастакоў і ілюстратараў, сярод якіх Ніка Сандрас, Doctor Oy, Міця Післяк, Ганна Радзько, Аляксандр Сідаровіч, Надзея Макеева і Аляксей Лімонаў.

— Калі я ўбачыў жука-аленя, то вельмі здзівіўся і падумаў: чаму яго яшчэ з мастакоў ніхто не ўзяў. Разам з ім я чамусьці ў галаве адразу ўявіў гігроцыбе барвовую — гэта яркі і, што цікава, ядомы грыб. Працай вельмі задаволены, — падзяліўся ўражаннямі адзін з мастакоў Аляксандр СІДАРОВІЧ.

На ўсіх футболках і заплечніках ёсць ярлыкі з інфармацыяй пра расліну і жывёлу, выявы якіх на іх нанесены. Такія ж звесткі ўказаны і на адваротных старонках сувеніраў. Так, напрыклад, можна даведацца, чаму ў Беларусі засталося так мала рабых суслікаў. Аказваецца, у 1940-х гадах яны лічыліся шкоднікамі, таму мэтанакіравана знішчаліся. Аднак гэта жывёла, як і ўсе астатнія, — вельмі важная для экасістэмы, таму беларускія вучоныя цяпер спрабуюць выправіць памылкі нашых продкаў і аднавіць папуляцыю чырванакніжніка.

Калекцыя лімітаваная, але па прычыне яе ўжо прыкметнай папулярнасці кампанія абяцае давыпускаць адзенне. Магчыма, нават з новымі чырванакніжнымі
героямі.

Кацярына ЦІТОВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Чырвоная кніга на футболцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.