Вы тут

Як беларусы адзначалі Дзень працы ў розныя гады


«Няхай жыве 1-е мая»: як беларусы адзначалі Дзень працы ў розныя гады — у спецыяльным аглядзе нашага карэспандэнта.


Перш чым паглыбляцца ў змест святочных нумароў «Звязды» шматгадовай даўніны, зраблю прызнанне: для мяне, чалавека, які нарадзіўся пасля распаду Савецкага Саюза, Першамай заўсёды быў дзіўнай датай. Праслаўляе працу, але выхадны дзень. Дзе логіка? І пры чым тут першамайскія дэманстрацыі, пра якія так натхнёна расказвае старэйшае пакаленне?

Адказы на пытанні ўдалося знайсці, прагартаўшы пяць пыльных і пажоўклых падшывак газет. Высветлілася, што калісьці свята не толькі мела назву, звязаную з працай, але рэальна спрыяла ўздыму эканомікі і прамысловасці Беларусі.

1929: бясплатнае кіно і «крывавыя маёўкі» суседзяў

Першая паласа “Звязды” за 30 красавіка – 1 мая 1929.

90 гадоў таму звычайны беларус не ведаў слова «працаголік», але гэта не перашкаджала яму з ранку да ночы ўкалваць так, як нам і не снілася. Нумар за 30 красавіка —1 мая літаральна трашчыць ад выкананых абяцанняў рабочых: «на швэйнай фабрыцы ў Гомелі выпускаюць 250 пінжакоў замест 135», «на Палесдруку нарэшце спынілася курэньне ў час работы», а «на шчаціннай фабрыцы ў красавіку выпусцілі 6000 кг шчаціны супраць сакавіцкіх 2000». Прычым у спаборніцтвы ўцягваліся не толькі тыя, хто працаваў рукамі: «бабруйскія настаўнікі кінулі выклік асьветнікам Магілёва, Менска, Гомеля, каб у парадку грамадзкай нагрузкі навучыць грамаце 200 непісьменных». Аднак самае цікавае — што людзі абяцалі зрабіць, калі не справяцца з новымі тэмпамі: «Рабочыя завода «Пралетарый», прыняўшы выклік завода «Энэргія», ставяць сваёй задачай за 6 месяцаў знізіць сабекошт на 10 працэнтаў і падняць прадукцыйнасць працы на 10. У выпадку невыканання ўмоў адзін з бакоў уносіць на карысьць другога 2 працэнты заробку на культасьветніцкую дзейнасць». Вось гэта матывацыя!

Першамай у той год адзначаўся «грандыёзна» (у газеце так і пісалі). Па сталічных вуліцах крочылі 18 рабочых калон — больш за 50 тысяч чалавек. Сышліся яны на пляцы Волі (сучасная плошча Свабоды) пад лозунгамі накшталт «Абвесьцім байкот лодырам і прагульшчыкам!» ці «За індустрыялізацыю і ўздым сельскае гаспадаркі!» Беларускі дзяржаўны тэатр (той, які зараз Купалаўскі) сабраў піянераў з усіх куткоў Савецкага Саюза на «злёт дзяцей усіх нацыянальнасьцяў супраць антысэмітызму». Па горадзе раз'язджаў цуд тэхнікі, якому мог пазайздросціць сам Ілан Маск: «Алё, гаворыць Масква, Менск, Баку...» Усе ўзьнімаюць голавы ўверх, але там нічога няма. Глянуўшы ўбок, бачыш аўтамабіль, адкуль чуюцца прывітаньні і музыка. Гэта Менскае таварыства аматараў радыё наладзіла радыёперасоўку-аўтамабіль. Ён упрыгожаны зеленьню, лёзунгамі, плякатамі [...] Як гэта можна слухаць з аўтамабіля, прыймаць на такую маленькую антэну?» — здзіўляўся карэспандэнт у сваім матэрыяле.

Увогуле, забаў хапала. Спецыяльна да першамайскіх урачыстасцяў Белдзяржкіно раскашэлілася на дармавыя сеансы. Днём — дзіцячы фільм «Маленькія і вялікія», увечары — драма «Саламандра» пра нямецкага вучонага, якога «затравілі» арыстакраты і духавенства, або вострасюжэтная стужка «Патомак Чынгісхана», знятая ў стэпах Бураціі. Члены прафсаюзаў усяго за 15 капеек маглі трапіць на начныя прагляды. Афіша заманлівая: сусветны мастацкі баявік «Новы Вавілон», кінааповесць у 6 частках «Дзяўчына з палубы» і драма «Овад» у суправаджэнні духавога аркестра. Не хочаш у кіно? Просім у рабочыя клубы. Тут табе і антырэлігійныя мастацкія пастаноўкі, і «канцэрты са скокамі», і «лятучы цір». Калі на свята сем'і прыходзілі з малымі, то іх можна было пакінуць у дзіцячых пакоях пры клубах.

І ўсё ж святочную атмасферу ў 29-м савецкім беларусам сапсавалі навіны з-за мяжы. «У дзень сусьветнага пралетарскага сьвята вуліцы Бэрліну, Варшавы, Вільны, Львова заліты крывёю рабочых», — паведамляла «Звязда» за 4 мая. Заметкі і артыкулы пра дзясяткі забітых, сотні параненых і тысячы арыштаваных па ўсёй Еўропе падчас першамайскіх дэманстрацый занялі цалкам першую паласу газеты. Якая справа была нашым людзям да замежжа? Дык Першамай перадусім — Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных!

1939: «Лявоніха» на праспектах і 90 тон ласункаў

За развучваннем частушак. Калектыў мастацкай самадзейнасці менскай абутковай фабрыкі імені Кагановіча рыхтуецца да выступленняў у дні першамайскіх урачыстасцей. На пярэднім плане, злева на права – стаханаўкі-загатоўшчыцы таварышы Э.А. Балцэвіч м Е.А.Юхо. Фота: Л.А. Мазелева (БелТА).

У перадваенныя гады Свята працы стала ў адзін шэраг з Новым годам і Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дастаткова зірнуць на апошнія старонкі «Звязды». Напрыклад, «Дзяржаўная філармонія прымае заяўкі на абслугоўванне вечароў, прысвечаных святкаванню Першага мая» і «Не пазней 20 красавіка павінны быць пададзеныя заяўкі на ілюмінацыйныя ўстаноўкі да першамайскіх свят ва ўпраўленне сяцей і падстанцый». Кнігарні давалі інфармацыю, што да іх прыйшлі ноты «масавых песень, якія рэкамендуецца скарыстаць для гурткоў самадзейнасці». Першыя радкі хіт-парадаў тады займалі кампазіцыі з наступнымі назвамі: «О Сталине», «О Родине», «О Каховке», «О Воролошилове», «Если завтра война», «О тачанке». Універмагі заманьвалі пакупнікоў не зніжкамі і акцыямі, а «вялікім выбарам бюстаў і партрэтаў правадыроў». У карцінную галерэю БССР перадалі арыгіналы Рэпіна, Айвазоўскага, Сярова, Васняцова і Паленава, а ў батанічным садзе высадзілі персікавыя, лімонныя і апельсінавыя і фігавыя дрэвы.

Святкаванне першага мая ў Менску. Масавыя танцы ля клуба імя Сталіна (цяпер скрыжаванне Камсамольскай і Рэвалюцыйнай вуліц).  Фота: Г.Ліпкінда.

Акрамя здымкаў партыйнай вярхушкі ў газеце друкавалі фатаграфіі «знатных людзей БССР — стаханаўцаў прамысловасці, сельскай гаспадаркі і транспарта», якім «было радасна працаваць на сябе, на сваю Радзіму» адначасова на чатырох станках. А свае поспехі беларусы сціпла называлі «падарункамі». Рубрыка «У чэсць першамайскага свята» якраз расказвае ў невялічкіх замалёўках пра такія. «Кансервавы цэх Аршанскага мясакамбіната 25 красавіка датэрмінова выканаў гадавы план, выпусціўшы мільён банак кансерваў» ці «Дастойна сустрэлі свята рабочыя і служачыя кандзіцерскай фабрыкі «Х кастрычнік», датэрмінова выканаўшы месячную праграму: далі звыш плана 90 тон ласункаў». Пасля такога грэх не выйсці на плошчу ў цэнтры горада. Сталічныя дэманстрацыі былі досыць насычаныя і працяглыя. Спачатку «майскае сонца ігрыва сыпала праменні на варанёную сталь штыкоў, на матавую сінь кулямётаў, у жэрлы гармат» — адбываўся парад войскаў Мінскага гарнізона. Далей рушылі калоны матацыклістаў, пралетарская дывізія, піянеры і школьнікі і толькі за імі рабочыя трох раёнаў Мінска. Дзеля таго каб дзяўчаты з фабрык і заводаў маглі паскакаць «Лявоніху» на плошчах і вуліцах, цэнтр горада быў перакрыты для аўтамабіляў і коней з самага ранку да позняга вечара.

Рэклама, 1939 год.

Дзіву даешся спрытнасці нашага брата-журналіста ў 39-м. Першы нумар пасля свят дае поўную карціну беларускага Першамая: рэпартажы з усіх абласных гарадоў, асобныя матэрыялы ад спецкораў з Барысава, Брагіна і нават Плешчаніц (Лагойскі раён), калгаса «Чырвоны хлебароб» (Яромінскі сельсавет на Гомельшчыне) і заходняй мяжы краіны. З падрабязнасцямі, лічбамі, імёнамі і фотаздымкамі. Ні інтэрнэту, ні хуткасных цягнікоў, ні валодання асновамі рэрайтынгу, а спрацавалі якасна.

Святкаванне Першага мая ў Менску. У першым радзе злева  направа — таварышы Сусайкаў, Панамарэнка, Кавалёў, Кісялёў, Наталевіч і Грэкава на ўрадавай трыбуне. 1939 год.

1949: будаўнічыя батлы і «народныя пазыкі»

Вялікая Айчынная прынесла славу абаронцам Сталінграда і вызваліцелям Мінска, але не пашкадавала гэтыя гарады і амаль цалкам знішчыла іх. У 1948-м «браты па няшчасці» ўступілі ў спаборніцтва за хутчэйшае аднаўленне. Аб прамежкавых поспехах рапартуюць напярэдадні свят. «У мінулым годзе мінскія будаўнікі значна апярэдзілі сталінградцаў. Але, пачынаючы са студзеня, жыхары горада на Волзе настойліва змагаюцца за перадавое месца і ў першым квартале датэрмінова выканалі план...» — быццам падначвае мінчан журналіст. Хоць па старонках газет зразумела, што жылося ім тады сапраўды няпроста. Мала таго, што пасля работы трэба было ўвечары і на выхадных выходзіць на будоўлі, дык яшчэ і дзяржава настойліва «рэкамендавала» ўсім набываць аблігацыі Чацвёртай народнай пазыкі. Добрая частка святочнага нумара гэтаму прысвечана. Што за аблігацыі? Чалавек плаціў пэўную суму, а яму выдавалі дакумент, які праз некаторы час можна было назад абмяняць на грошы ці прадукты, рэчы. Навошта? У краіны проста не было валютных запасаў, а даваць крэдыты нават саюзнікі па вайне не хацелі. Вось яна і брала «пазыку ў народа».

Камсамольска-маладзёжная брыгада каменшчыкаў выдатнай якасці Белтрактарбуда цяпер працуе на будаўніцтве педагагічнага інстытута на плошчы імя Леніна. Брыгадзір Н.К. Сідарэнка з членамі сваёй брыгады. Фота: В.Лупейкі.

Разам з тым свята ніхто не адмяняў. Першамай як заўжды чакалі з асаблівым пачуццём і салодкімі прысмакамі: «Белгалоўхлеб» замест звычайных васьмі гатункаў венскай здобы выпусціў 20. Выпякаў мінскі сітны хлеб, халы з 85-працэнтнай мукі, стаграмовыя рускія і французскія булачкі [...], ромавыя бабкі, кекс вясновы, бісквіт з карыцай, ванільны сухар, многа відаў пірожных і тартоў». Запівалі, вядома, сваімі ж ліманадамі, бо «Завод газіраваных вод расшырыў асартымент безалкагольных напіткаў. Выпускаюцца: крушон, вішнёвы, клюквенны, лімонны і апельсінавы напіткі». Цікава, што ўсю гэтую смакату можна было замовіць на прадпрыемства, паколькі камбінаты яшчэ і дастаўку сваім транспартам ажыццяўлялі.

«Звяздоўцы» ў 49-м больш пісалі пра дасягненні на працоўных нівах, чым пра тое, як народ адзначае. Замест фотаздымкаў танцуючых дзяўчат — засяроджаныя мужчынскія твары за рулём трактара ці на будоўлі. Адзінае — разбавіла першамайскія нумары нотка лірыкі ад тых, каго мы цяпер лічым класікамі. Чытачы «Звязды» атрымалі віншаванне ад Якуба Коласа і нарыс ад Івана Мележа.

1959: «нараджэнне гіганта» і тэлеграмы са зніжкамі

Адзін з красавіцкіх нумароў «Звязды» перыяду росквіту хрушчоўскай эпохі выйшаў з рэкорднай колькасцю першамайскіх заклікаў! Іх друкавалі штогод напярэдадні Дня працы. У 30-х было каля трох дзясяткаў, у 40-х больш за пяцьдзясят, у 60-х столькі ж. А вось у 59-м — цэлых 96! Да чаго заклікалі? Да ўсяго і па некалькі разоў! Асобна звярнуліся да «калгаснікаў і калгасніц» (тры разы), «работнікаў саўгасаў і РТС», «спецыялістаў сельскай гаспадаркі», «працаўнікоў сельскай гаспадаркі», «сельскіх механізатараў», «работнікаў саўгасаў» і «работнікаў сельскай гаспадаркі». Сёння ўспрымаецца дзіўна. Цікава, што на гэты конт думалі самі вяскоўцы?..

У той жа момант прыемна, што на старонкі газет вярнуліся праграмы святочных мерапрыемстваў. Пасля дэманстрацыі неабавязкова было «заставацца ў людзях», калі дома меўся тэлевізар, то за культурны адпачынак адказвала Мінская студыя тэлебачання. 1 мая паказвалі — уласна дэманстрацыю і святочны канцэрт, а 2-га — канцэрт для дзяцей, футбольны матч «Спартак» (Мінск) — «Калгоспнік» (Палтава) і эстрадны канцэрт. Усю сям'ю ад блакітнага экрана было не адарваць!

Рэклама, 1959 год.

Замест партрэтаў перадавікоў вытворчасці а-ля на пашпарт нумары запоўніліся больш цікавымі калектыўнымі фатаграфіямі з месца падзей. Да Першамая карэспандэнты «Звязды» далі рэпартаж з жыцця камуністычнай брыгады МТЗ, якая «смела ламала ўстарэлыя нормы і рашуча ўдасканаліла тэхналагічныя аперацыі на апрацоўцы поршняў да пускавога матора трактара «Беларус». То хлопцы і дзяўчаты ў цэху, то ў вячэрняй школе, то на занятках планернага гуртка.

Яшчэ адзін рэпартаж, добра аздоблены здымкамі, прыцягнуў увагу нават не маладымі тварамі з усмешкамі, а месцам, пра якое ідзе гаворка — Новастаробінск. Чулі пра такі? «...На зямлю спускаўся цёплы веснавы вечар. У блакітным купале неба адна за адной загараліся зоркі. У адзін момант у чыжэвіцкім полі, на шматлікіх аб'ектах вялікай будоўлі раптам успыхнулі электрычныя агні. Пульс напружанай працы тут не спыняецца ні днём, ні ноччу. Будуецца, нараджаецца гігант сяміготкі — Старобінскі калійны камбінат». Гэта ж пра сучасны Салігорск!

Дарэчы, пра фота. Напрыканцы 50-х можна было адправіць па пошце не толькі тэкставую, але і фотатэлеграму. Да першамайскіх свят на іх устанаўліваўся льготны тарыф з 50-працэнтнай зніжкай. Таму калі наступны раз надумаеце растлумачыць сваім бабулям і дзядулям, што такое месенджары, скажыце, што гэта, як у іх маладосці, толькі на пошту хадзіць не трэба.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Свята, якое трэба заслужыць

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.