Вы тут

Мінск прымае канферэнцыю Групы падтрымкі Шоўкавага шляху ПА АБСЕ


У канцы мінулага тыдня погляды сусветнага супольніцтва былі скіраваны на Пекін, дзе праходзіў ІІ Форум міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях». На мерапрыемства прыбылі амаль чатыры дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Сярод іх і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Зараз тэму ўзаемадзеяння на Шоўкавым шляху па лініі Парламенцкай асамблеі АБСЕ працягваюць абмяркоўваць ужо ў Мінску. Учора ў беларускай сталіцы адкрылася Міжнародная парламенцкая канферэнцыя Групы падтрымкі Шоўкавага шляху ПА АБСЕ «Адзін пояс, адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і працвітання».


Перад цырымоніяй адкрыцця адбылася сустрэча старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ з яго калегам з Парламенцкай асамблеі АБСЕ Георгіем ЦЭРЭТЭЛІ. Размова праходзіла за зачыненымі дзвярыма, але пасля яны падзяліліся з журналістамі асноўнымі тэзісамі сваёй гутаркі.

— Мэта гэтай міжнароднай канферэнцыі — гэта, перш за ўсё, аказанне палітычнай падтрымкі супрацоўніцтву ў рамках кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Вы ведаеце, што вялікая роля ў ёй належыць Рэспубліцы Беларусь, бо наша краіна з'яўляецца мостам паміж усходам і захадам. І дастаткова сказаць, што толькі за мінулы год 90 % перавозак чыгуначным транспартным шляхам праходзіла праз Беларусь. І ў Беларусі створаны такі магутны праект, як індустрыяльны парк «Вялікі камень». Мы валодаем значным вопытам у рэалізацыі ініцыятывы Шоўкавага шляху, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — На канферэнцыі размова будзе ісці аб зняцці бар'ераў, якія сёння існуюць, важных пытаннях аб інвестыцыйным супрацоўніцтве, пытаннях мытнага супрацоўніцтва, таксама супрацоўніцтва ў вобласці навукі, культуры, зялёнай эканомікі.

Сваімі думкамі аб значнасці мерапрыемства падзяліўся і старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Георгій Цэрэтэлі:

Група падтрымкі Шоўкавага шляху стала вялікім крокам у развіцці нашага супрацоўніцтва. І калі на першапачатковым этапе мы казалі аб 17 краінах-удзельніцах, то за гэты невялікі перыяд колькасць краін-удзельніц павялічылася да 24. Гэта прыводзіць да ўмацавання эканамічнага супрацоўніцтва. Мы, вядома, прызнаём і разумеем, што існуюць пэўныя выклікі. Вы ўсе аб іх ведаеце — гэта і канфлікты ў суседняй Украіне, і іншыя канфлікты.

Група падтрымкі Шоўкавага шляху дастаткова малады і амбіцыйны праект. «Нарадзіўся» ён 8 ліпеня 2017 года ў Мінску на 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Таму не дзіўна, што адказнасць за яго будучыню ляжыць на плячах беларускіх дэпутатаў. Але выгады ад рэалізацыі ініцыятывы не прыйдуць самі па сабе, трэба стварыць адпаведныя ўмовы, выбудаваць маршрут і партнёрскія адносіны. Менавіта гэтыя функцыі ўскладаюцца на парламенцкую дыпламатыю.

— Мы не ўтойваем, і мы гэта паклалі ў парадак дня нашай сённяшняй міжнароднай канферэнцыі, што мы зацікаўленыя ў прыцягненні інвестараў і інвестыцый. І больш за тое, мы кажам не проста аб інвестыцыях, нам патрэбны высокія тэхналогіі, інавацыйныя праекты. Безумоўна, такімі праектамі валодаюць шматлікія нашы партнёры, буйныя еўрапейскія партнёры, якія сёння прысутнічаюць — Швейцарыя, Францыя, Румынія, Сербія, Вялікабрытанія праявіла дадатковы інтарэс. Таму я лічу, што парламенцкая дыпламатыя разам з іншымі органамі і структурамі, у тым ліку ўрадавымі, эфектыўная, — падкрэсліў віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК.

На цырымоніі адкрыцця да шматлікіх гасцей з прывітальным словам звярнуўся Уладзімір Андрэйчанка. Ён адзначыў, што канцэпцыя Шоўкавага шляху і ідэя перазапуску Хельсінкскага працэсу базіруюцца на блізкіх прынцыпах.

— Беларусь адна з першых краін, якая не проста падтрымала канцэпцыю Шоўкавага шляху, але і пачала яе практычную рэалізацыю на сваёй тэрыторыі. І сёння беларуска-кітайскія адносіны выйшлі на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — расказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Вопыт гэтага супрацоўніцтва абвяргае стэрэатып аб несумяшчальніцтве Усхода і Захада, еўрапейскай і еўразійскай эканамічных мадэляў. Мы патрэбны адзін аднаму. Аб'яднанне намаганняў дапаможа нам дасягнуць сінергетычнага эфекту ў дасягненні нашых агульных мэт, галоўнай з якіх з'яўляецца мірнае, стабільнае і ўпэўненае развіццё рэгіёнаў.

Пасля работа канферэнцыі працягнулася ў трох тэматычных панэлях.

У аўторак замежныя госці азнаёмяцца з будаўніцтвам і развіццём «жамчужыны» Шоўкавага шляху — індустрыяльным паркам «Вялікі камень».

Марыя ДАДАЛКА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Імкнуцца да сінергетычнага эфекту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.