Вы тут

Як зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне


2 мая ў краіне распачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне, якая будзе доўжыцца да 1 чэрвеня ўключна. Для таго каб запасціся пропускамі на ЦТ, абітурыентам даецца амаль месяц, на працягу якога яны могуць завітаць у любы найбліжэйшы да іх месца жыхарства пункт рэгістрацыі. Такіх пунктаў па ўсёй краіне 40, прычым рэгістрацыя вядзецца не толькі на базе ВНУ, але і на базе каледжаў (іх пералік можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў). Усе яны падключаны да аўтаматызаванай сістэмы «Агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ».


Сістэма працуе па прынцыпе «аднаго акна»: сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Асабліва гэта актуальна для сталіцы. Аўтаматызаваная сістэма дазваляе падабраць абітурыенту найбольш зручнае для экзамену месца, нават калі той пажадае здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў іншым горадзе.

Калі для вас ёсць розніца, у якім універсітэце здаваць тэсты, лепш завітаць у пункт рэгістрацыі ў першай палове мая, бо да канца месяца свабодныя месцы ў папулярных ВНУ, што размешчаны ў цэнтры сталіцы ўздоўж лініі метро, разбіраюць і выбар становіцца бяднейшы. Праўда, трэба мець на ўвазе, што па не самых масавых дысцыплінах (напрыклад па хіміі, біялогіі, геаграфіі, сусветнай гісторыі) ЦТ праводзіцца не ва ўсіх ВНУ.

Пункты рэгістрацыі будуць працаваць па рабочых днях тыдня з 9.00 да 19.00. У перыяд працяглых свят (з 5 па 9 мая) рэгістрацыя будзе ажыццяўляцца толькі 6 мая. Таксама зарэгістравацца можна будзе і па суботах — 11 і 18 мая.

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Такім чынам, у іх ёсць магчымасць ракіроўкі пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці. А калі чалавек канчаткова вызначыўся з профілем навучання, ён можа здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па дзвюх дзяржаўных мовах, а пазней выбраць лепшы з двух сертыфікатаў. Праўда, у прыёмную камісію ВНУ трэба падаваць, як і раней, толькі тры сертыфікаты і два сертыфікаты — у прыёмную камісію ССНУ.

Паколькі сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання дзейнічаюць два гады, абітурыенты могуць скарыстацца і сертыфікатамі 2018 года. Але лепш гэтага не рабіць, бо пасля ўвядзення новай сістэмы падліку балаў большасць абітурыентаў без праблем пераадолеюць 50-бальны парог, таму леташнія балы могуць аказацца проста неканкурэнтаздольнымі.

У пункт рэгістрацыі на ЦТ абітурыент павінен прыйсці з пашпартам (непратэрмінаваным!) або іншым дакументам, што пацвярджае яго асобу (гэта можа быць пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, што пацвярджае асобу). Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку пасведчанне кіроўцы, для рэгістрацыі не падыходзяць.

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца менавіта на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява. Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі рахунак і ажыццяўляе плату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ. Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні за адзін вучэбны прадмет (2 рублі 55 капеек).

Унясенне сродкаў за афармленне і прыём дакументаў ажыццяўляецца праз АРІП (сістэму адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы): гэта можна зрабіць у інфакіёсках, плацежных тэрміналах і банкаматах, разлікова-касавых цэнтрах банкаў, з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу і мабільнага банкінгу (непасрэдна ў пункце рэгістрацыі на ЦТ).

Пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты абітурыент атрымлівае ў пункце рэгістрацыі пропуск на ЦТ, прад’явіўшы дакумент, які сведчыць яго асобу. Трэба мець на ўвазе, што пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім стаяць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар.

Абітурыенты, якія вызваляюцца ад платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, пры падачы заявы павінны прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць іх права на льготу.

У тым выпадку, калі абітурыент не можа асабіста зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ (сітуацыі ў жыцці могуць быць самыя непрадказальныя — хвароба, удзел у міжнародных конкурсах, службовая камандзіроўка ці іншыя незалежныя ад яго абставіны, пацверджаныя дакументальна), зрабіць гэта за абітурыента можа яго законны прадстаўнік. Ён павінен прад'явіць у пункце рэгістрацыі дакумент, які пацвярджае яго асобу і статус законнага прадстаўніка, а таксама завераную натарыяльна копію дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента. Акрамя таго, законны прадстаўнік абітурыента можа дзейнічаць на падставе даверанасці, заверанай натарыяльна.

Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, могуць накіраваць у пункт рэгістрацыі копію дакумента, які сведчыць іх асобу, і заяву па пошце, а рэгістрацыйны ўзнос аплаціць пасля прыезду ў Беларусь, але не пазней, чым за адзін дзень да пачатку тэсціравання па вучэбным прадмеце.

Летась для здачы тэстаў зарэгістраваўся 82 471 абітурыент, амаль кожны другі рэгістраваўся на чатыры прадметы. Колькі ахвотных знойдзецца сёлета, складана спрагназаваць. Вядома, што колькасць выпускнікоў адзінаццатых класаў зменшыцца на 1,5 тысячы чалавек. Ці азначае гэта, што зменшыцца і канкурэнцыя на ўваходзе ў ВНУ? Выпускнікі школ, ліцэяў і гімназій звычайна складаюць толькі палову ад агульнай колькасці абітурыентаў, а другая палова — гэта выпускнікі прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, выпускнікі папярэдніх гадоў і студэнты малодшых курсаў платнай формы навучання, якія спрабуюць зноў паступіць на бюджэт. Але вось ужо каторы год колькасць маладых людзей, што рэгіструюцца на ЦТ, працягвае змяншацца... Між іншым, дзесяцікласнікі да ўдзелу ў ЦТ (у адрозненне ад рэпетыцыйнага тэсціравання) не дапускаюцца. Гэта звязана як з тэрмінамі апрацоўкі бланкаў адказаў удзельнікаў экзамену, так і з тым, што вынікі дзесяцікласнікаў могуць сказіць агульную статыстыку, што таксама непажадана.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Толькі па ўважлівай прычыне абітурыента могуць зарэгістраваць яго прадстаўнікі...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.