Вы тут

У Мядзельскім раёне інспектары выкрылі нелегальных здабытчыкаў вугра


Яны перавозілі 45 кілаграмаў улову, паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Траіх жыхароў Мядзельшчыны падазраюць у незаконным рыбалоўстве і здабычы вугра. Па папярэдніх дадзеных, браканьерствам яны займаліся на возеры Мядзел. Дзейнічалі скрытна і вельмі асцярожна. Каб узяць парушальнікаў на месцы злачынства, дзяржінспектары працавалі не адзін дзень. У чарговы раз паставілі назіральніка каля дома аднаго з падазраваных у вёсцы Стругалапы, што знаходзіцца на беразе возера. Калі ён паведаміў, што двое мужчын (меркавана, з уловам) ад’ехалі ад дома на аўто, машыну вырашылі затрымаць.

Аўтамабіль «Шкода» накіраваўся ў бок Мядзела. Аднак сігнал аб спыненні, пададзены дзяржінспектарам, кіроўца праігнараваў. Пачаўся пераслед. Калі зламыснікі зразумелі, што адарвацца не змогуць, кінулі аўтамабіль і схаваліся. У багажніку інспектары выявілі сумку, у якой знаходзілася 85 асобін вугра агульнай вагой 45 кілаграмаў, частка рыбы была замарожаная.

Асобы ўцекачоў ўстанаўліваць не прыйшлося — інспектары ведалі, хто знаходзіўся ў машыне: гэта тыя самыя жыхары Мядзела, якіх падазравалі ў браканьерстве. Адзін з парушальнікаў ужо ўзяты пад варту, другі — у вышуку. У вясковай хаце іх змоўшчыка знайшлі дзясяткі забароненых прылад лоўлі — сеткі, нераты, восці, а таксама вадалазны касцюм і нелегальнае ружжо.

Па факце незаконнай транспарціроўкі вугра заведзена крымінальная справа. Высвятляюцца абставіны яго здабычы. Кошт рэдкага ўлову ацэньваецца ў 32,5 тысячы рублёў.

У Дзяржінспекцыі нагадалі, што аматарская лоўля вугра ў Беларусі забаронена. Гэтая ўнікальная рыба нерастуе толькі ў Саргасавым моры. Да 2009 года шклопадобнага вугра для ўсялення ў беларускія вадаёмы імпартавалі з Англіі, Францыі і Літвы, закупляючы за бюджэтныя сродкі. У апошняе дзесяцігоддзе ў Еўрасаюзе дзейнічае забарона на продаж вугра ў трэція краіны. З кожным годам яго колькасць у нашых вадаёмах памяншаецца. Вядуцца перамовы, у тым ліку і спецыялістамі Дзяржінспекцыі, аб аднаўленні імпарту рыбапасадачнага матэрыялу вугра ў Беларусь. А пакуль гэтая рыба застаецца асабліва каштоўным і асабліва ахоўным прамысловым відам.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.