Вы тут

Ядвіга Паплаўская святкуе 70-годдзе


Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народную артыстку Беларусі Ядвігу Паплаўскую з юбілеем, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.


«Дзякуючы выключнаму таленту і працаздольнасці Вы сталі ўзорам высокага прафесійнага майстэрства, прыкладам адданага і нястомнага служэння нацыянальнаму мастацтву», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што шматгадовая плённая творчая дзейнасць артысткі з’яўляецца яркай старонкай у гісторыі беларускай эстрады. «Кожнай песні Вы аддаеце часціцу свайго сэрца, зачароўваеце слухачоў не толькі цудоўным голасам, але і багаццем пачуццяў, дзіўнай прыгажосцю жаночай душы, здольнай спадзявацца, верыць і любіць», — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка пажадаў Ядвізе Паплаўскай моцнага здароўя, поспехаў і дабра.

Насамрэч у народнай артысткі Беларусі цэлых два дні нараджэнні: фактычны — 25 красавіка, і юрыдычны — 1 мая 1949 года, так бацьку маленькай Ядвігі, вядомага хормайстра Канстанціна Паплаўскага ўгаварылі ў ЗАГСе Валожынскага раёна.

Паплаўская скончыла Беларускую музычную кансерваторыю двойчы: у 1972 годзе — па класу фартэпіяна, а ў 1988 — аддзяленне кампазіцыі. Яшчэ падчас вучобы разам з сяброўкамі-студэнткамі выступіла заснавальніцай вакальна-інструментальнага ансамблю «Верасы», дзе не толькі выконвала вакальныя партыі, але і займалася аранжыроўкай, іграла на клавішных. Спачатку ансамбль быў выключна жаночым, але пазней у ім з’явіліся і хлопцы, у тым ліку будучы муж Ядвігі Паплаўскай Аляксандр Ціхановіч.

У 1986 годзе Ціхановіч і Паплаўская вымушаныя былі пакінуць калектыў, працавалі ў Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга У 1988 годзе яны перамаглі на конкурсе «Песня года» ужо як самастойны дуэт «Шчаслівы выпадак», пазней арганізавалі Тэатр песні і студыю пры ім, якая выпусціла мноства вядомых беларускіх выканаўцаў, а з цягам часу трансфармалавася ў прадзюсарскі цэнтр «Профіартвідэон», які дзейнічае і сёння. У 1991 годзе Ядвіга Паплаўская атрымала званні заслужанай, а ў 2005 — народнай артысткі Беларусі.

У шлюбе Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская пражылі больш як 40 гадоў, выхавалі дачку Анастасію, якая таксама стала папулярнай спявачкай і прадзюсарам. У студзені 2017 года пасля цяжкай хваробы Аляксандра Ціхановіча не стала. Але дуэт Ціхановіч — Паплаўская не знік, сёння народная артыстка выступае ў многіх канцэртных праграмах разам з дачкой, а таксама сольна, выконваючы як любімыя публікай хіты мінулых гадоў, так і новыя песні. Акрамя таго, Ядвіга Паплаўская — рэдактар і аўтар фартэпіяннага перакладу песень для нотнага альбому «Уладзімір Мулявін. Беларусь — я песня», таксама яна аўтар кантаты «Сын зямлі», сімфанічнай паэмы, дзіцячых п’ес для фартэпіяна, рамансаў, эстрадных песень, аранжыровак беларускага спеўнага фальклору. Яна з поспехам гастралюе па Беларусі і за межамі краіны, а таксама робіць аранжыроўкі песень, піша музыку для тэатра і кіно. Сёлета Ядвіга Паплаўская стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2018» у намінацыі «Духоўнасць і культура».

Рэдакцыя «Звязды» віншуе народную артыстку з юбілеем і зычыць ёй моцнага здароўя, творчага плёну і ўдзячнай публікі!

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота з архіва артысткі і Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.