Вы тут

Адмысловая тэрыторыя кнігі


У Мінску аматары чытання і друкаваных выданняў сустрэліся на фестывалі «Горад і кнігі», зладжаным калектывам Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, каардынатарамі праекта «ЗаЧытанне» і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй. Сустрэчы з пісьменнікамі, семінары і лекцыі, спектаклі для дзяцей, творчыя майстар-класы, кніжныя экскурсіі, настольныя гульні, гучныя чытанні, дыскусіі з экспертамі — тое, чым змог сёлета парадаваць жыхароў Мінска і гасцей гарадскі фестываль.


Тэрыторыя фестывалю прапаноўвала сем пляцовак: дзіцячая, зона гучных чытанняў, маладзёжная, экспертных сустрэч, зала майстар-класаў і літаратурных гульняў, выставачная пляцоўка, зона літаратурнай гарбаты і аўтографаў.

Выбар паміж электроннай і друкаванай кнігай прымушае спрачацца тых, хто любіць аналізаваць мінулае і прагназаваць будучыню. Тое, што ў наш час кнігу можна прачытаць ці спампаваць фрагмент навінкі бясплатна, прываблівае цяперашняга чытача, звыклага да хуткага атрымання інфармацыі. Але наўрад ці ён спазнае тую «старажытную» радасць, калі знайшоў патрэбную кнігу ў патрэбным афармленні, асабліва што датычыцца дзіцячых выданняў — асобнага прыкладу мастацтва. Таму друкаваная кніга не перастае вабіць і зачароўваць не толькі сталых чытачоў, становіцца ўсё больш важнай для грамадства нават у межах асобных гарадоў.

Пяты год ужо «Горад і кнігі» — першы гарадскі кніжны фестываль у Беларусі — праходзіць дзякуючы жаданню і падтрымцы неабыякавых энтузіястаў, якія лічаць друкаваную кнігу абавязковым складнікам самаадукацыі і бесперапыннага самаразвіцця. Сёння ў яго арганізацыі ўдзельнічаюць больш чым 100 валанцёраў, дзякуючы якім не толькі праходзяць кірмаш і розныя творчыя імпрэзы, але і запрашаюцца замежныя госці. Сёлета сярод іх Марыям Петрасян, пісьменніца і мастачка з Арменіі. Менавіта такія сустрэчы робяць фестываль патрэбным і запамінальным, таму ініцыятыва добраахвотнікаў штогод падтрымліваецца, і не дарма.

Адкрыццё азначылася не традыцыйным вітаннем і ўрачыстымі словамі выдаўцоў ці арганізатараў, а міжнароднымі чытаннямі. Фрагменты прозы з вуснаў прадстаўнікоў дыпмісій і айчынных медыяперсон гучалі ў арыгінале і беларускім перакладзе. Усе прысутныя ўважліва слухалі гэтыя кавалкі значных у літаратуры твораў, нібыта кожная мова ім знаёмая і зразумелая. Напрыклад, Фіёна Гіб, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі, прачытала фрагмент з кнігі «Пітэр Пэн». Беларускі пераклад гэтага ўрыўку прадставіў музыкант, лідар групы «J:mors» Уладзімір Пугач. Таксама кавалачкі з кніг прачыталі пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, першы сакратар Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія Якаб Рачэк, тэлевядучыя Іван Падрэз і Святлана Бароўская. Мовы гучалі розныя, і на працягу выступленняў склад гледачоў паступова змяняўся, але было бачна: выпадковых людзей няма. А пасля старту на «Пляцоўцы экспертных сустрэч» Антон Ламаеў, мастак-ілюстратар з Расіі, расказаў пра тое, як ствараецца друкаваная кніга, і нават адкрыў некаторыя сакрэты гэтай складанай працы.

Напрыклад, адразу пасля адкрыцця на дзіцячай пляцоўцы распачаўся інтэрактыўны дзіцячы спектакль, прысвечаны экалогіі, зона гучных чытанняў напоўнілася гучаннем твораў Ліліі Ільюшынай і Маргарыты Латышкевіч у аўтарскім прачытанні, а на маладзёжнай пляцоўцы чыталі «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі на мове арыгінала і ў перакладзе на рускую і беларускую мовы. Акрамя гэтага, была магчымасць патрапіць у некалькі літаратурных падарожжаў па Мінску паводле дзіцячай кнігі «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» Ганны Янкуты, кнігі «Гасцініца Бельгія» Ганны Севярынец і серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай.

Больш за ўсё пляцовак было размешчана на трэцім паверсе, дзе знаходзілася «Зона гучных чытанняў», за якой — выстаўка хэнд-мэйд герояў сучасных кніг «Усмешлівыя цуды» і «Дзіцячая пляцоўка», напоўненая вясёлымі прадстаўленнямі. Тут знайшлося месца для малявання, прызначанага для самых маленькіх неведвальнікаў. Дарэчы, у межах фестывалю прэмія «Ліхтар» сабрала асобную бібліятэчку, якую складаюць найлепшыя кнігі для дзяцей і падлеткаў, выдадзеныя на працягу года. Да таго ж прайшлі і іншыя выстаўкі: стэнд «Звычайныя кнігі пра незвычайных дзяцей», перасоўны стэнд Пасольства ЗША «Спазнай Амерыку па коміксах!», бібліятэка краўдфандынгу, якая складаецца больш чым 80 выданняў, стол Мінскай абласной бібліятэкі «Шпарлагла», які дазволіў вывучыць некалькі кніжных фраз на розных мовах, напрыклад, на іспанскай, карэйскай, грэчаскай і іншых.

Усё ж такі сярод разнастайнасці шматлікіх сустрэч і выставак не апошняй мэтай, каб завітаць на фестываль, было набыццё кніг і сувеніраў на стэндах айчынных выдавецтваў і не толькі. Асаблівым попытам карысталіся паштоўкі выдавецтва «Тэхналогія». На любым фестывалі гэтыя паштоўкі становяцца лідарам продажу: як цікавы ўзор выяўленчага мастацтва і як напамін пра фестываль. Некаторыя выдавецтвы, кіруючыся шматгадовым досведам, прывезлі з сабой канкрэтную колькасць выданняў — ведаючы попыт і падлічыўшы ўсё ледзь не з матэматычнай дакладнасцю. Ды шмат людзей прыходзіла набыць зусім новыя кнігі, у тым ліку тыя, што яшчэ не на слыху. Арыентавацца ім дапамагалі прадаўцы, якія, задаўшы два-тры пытанні, раілі набыць тое ці іншае выданне.

Дарэчы, мінакоў, якія праходзілі паблізу месца фестывалю, вельмі прывабліваў медыяаўтобус DeutschExpress — сапраўдная бібліятэка на колах. Ён даў магчымасць знайсці не толькі кнігі, але і кампакт-дыскі, відэакасеты, DVD на нямецкай мове і ўзяць іх на час. Варта толькі зарэгістравацца. Але найбольшы ажыятаж можна было назіраць ля стэндаў з дзіцячымі выданнямі, у ліку якіх было прадстаўлена выдавецтва «Рэдкая птушка». Вялікі асартымент выданняў рознага фармату дазволіў бацькам і іх дзецям знайсці кнігі на самы патрабавальны і пераборлівы густ. Увогуле, дзякуючы наяўнасці некалькіх стэндаў з дзіцячай літаратурай і спецыяльнай пляцоўкі, большасць дарослых прыйшлі з дзецьмі. Былі і зусім маладыя бацькі, якія з’яўляліся на фестывалі нават з дзіцячымі каляскамі. Як відаць, іх хатнія бібліятэкі ў гэтыя два дні папоўніліся. І, магчыма, праз некалькі гадоў іх дзеткі будуць вучыцца чытаць па кнігах, набытых на фестывалі.

У нашай краіне ладзяцца і маштабныя кніжныя святы, і камерныя фестывалі, але ўсе яны маюць адну мэту — збліжэнне людзей, разуменне імі таго, што дае літаратура. Насамрэч простаму ці не вельмі простаму чытачу важна мець магчымасць пачуць і быць пачутым.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.