Вы тут

Каханне не мае полу


У сённяшні час бездухоўнасці і свядомай падмены каштоўнасцяў цяжка захаваць і развіць талент. Цяжка пісаць, адваёўваючы хвіліны для творчасці. Цяжка дасягнуць нават мінімальнага ўзроўню майстэрства. Неверагодна цяжка выдаць сапраўды добрую і вартую кнігу. Пісьменнікі, асабліва паэты, сутыкаюцца з такой жалезабетоннай сцяной непаразумення, што апускаюцца рукі. Неаднойчы, страціўшы надзею, яны задаюцца пытаннем: «А ці трэба ўвогуле высільвацца? Дзеля каго?» І многія здаюцца. Тыя ж, у кім б’юцца сэрцы не ў такт, не саступаюць. Бо паэзія — тая ж барацьба, якая патрабуе ў першую чаргу самаахвярнасці, смеласці, цярпення, мужнасці. На полі паэзіі таксама лятаюць кулі, і яны цаляюць напавал.


Прыкладам мужнасці, на мой погляд, з’яўляецца маладая паэтка (яна нара-дзілася ў 1992 г.) Крысціна Бандурына — яе дэбютны зборнік «Homo» зусім нядаўна пабачыў свет ў выдавецтве «Галіяфы». Яе мужнасці можна не толькі пазайздросціць, але і павучыцца, прычым не толькі паэтам і пісьменнікам. Мужнасці быць, прынамсі, чалавекам, што, зрэшты, і закладзена ў назве кнігі, правакацыйнай, неадназначнай, голаснай і годнай. Кожны верш Крысціны — як страла з запаволенай боегалоўкай на вастрыі. Яна не прамахваецца. Пасля прачытання кнігі сэрца выглядае расстраляным, гільяцініраваным, узарваным, смяротна параненым, але не забітым з тае прычыны, што паэтка сама не дазваляе загінуць гэтаму сэрцу, бо душа яе лекуе, душа, пранізаная тымі самымі стрэламі болю, нясцерпнага, невыноснага, усё ж верыць у святло. Яна не жаліцца і не плачацца ў камізэльку. Яе голас, надтрэснуты і нервовы, распавядае сваю гісторыю, годна, з жалем, але і з удзячнасцю да жыцця за досвед, няхай жорсткі, няхай гвалтоўны… Аднак менавіта ён навучыў яе быць і заставацца чалавекам у гэтым кончаным свеце.

Умоўна кнігу можна падзяліць на тры блокі ці фазы (як фазы болю, канстатацыі іх). І першая фаза — фаза асабістага пераадолення сябе, прыгажосці, вынутай з лёсу, але прыгажосці пачварнай. (Паэзія бясконца шырэйшая за свае мэты, і менавіта гэтая ўнікальная ўласцівасць стварае яе). Асабліва ўражваюць радкі з вершаў Крысціны, адрасаваныя маме. Не лубочна-«мімімішных» ці ўрачыста-патрыятычных, бо інакш жа нельга, бо гэта ж мама, а мама — святое, не.

Бездапаможнай

я прыйшла ў гэты свет

незапланаванай

нечаканай

штучна створанай і

разбаўленай фарбамі

Першы сказ звароту да мамы.

 Мама сама была лялькай

а бацька да канца жыцця

не мог нагуляцца ў вайну

Не, мяне не забілі. Але ці жадалі?

А вось з верша, які даў назву ўсёй кнізе:

Я была для цябе пакараннем, мама?..

я заўсёды была «не такая».

Мама, ведала б ты, як мне

не хапае цябе —

той, якой ты ніколі не будзеш…

Ведаеш, мама, калі мы былі дзяцьмі —

тымі, сярод каторых няма чужых, —

трыпутнік на ранках вучыў нас любіць.

І, тым не менш, яна шкадуе, што ёй ніколі не хопіць сіл прызнацца ў любові да мамы. Але як яна гэта робіць?!. Толькі праз любоў да яе іншых, калі разумее, што патрэбная на гэтай зямлі, што ўсё перажытае ёй не проста так, хоць і называе сябе «сухім зламаным голлем» яшчэ на пятым радку верша, які адкрывае кнігу, а перад гэтым прызнаецца, што «чужыя вершы б’юць пад дых»… Непасрэдная шчырасць, адкрытасць, аголенасць з першых слоў у выплёскванні сябе, у раздзіранні сябе да разрыву аорты не можа не захапіць, тым больш што гэта непасрэдна прызнанні Крысціны б’юць пад дых, а не нейкія чужыя вершы, якія, магчыма, паўплывалі на яе негатыўным чынам. І сказаць гэтак мог толькі мужны чалавек, які сумняваецца, але не баіцца, бо на яго баку сумленне, перамяшанае з горкай праўдай, пра якую хоць і не хоча чуць ніхто, але мусіць. Праз вершы, праз пазіцыю аўтара. Крысціна прамаўляе ўголас тое, пра што казаць забаронена ці не прынята. Пытанне: кім? «Сляпымі, якія спрабуюць кантраляваць жаданне?» Глухімі?.. Нямымі?.. Яна кідае выклік «жорсткасці гэтага свету, істэрыі яго крывадушнасці, калі дзве тысячы год… на кожным кроку крычаць: не забівай — і забіваюць».

Тут гуманізм

не працаваў ад пачатку —

калі ўкрыжавалі аднаго

дзеля спакойнага сумлення

ненажэрных многіх.

Не яна першая, так. Але ёй баліць, і яна не маўчыць, як мільёны астатніх. Ёй не патрэбна болей за ўсіх, яна не вытыркаецца наперад, проста яна чалавек і свет падзяляе на тых, «хто ўмее расказваць гісторыі, хто ўмее іх слухаць, і тых, хто на ўсім гэтым паразітуе».

Хто складаў казкі

маленькім дзеткам

у нямых мурах

канцлагераў

і хто дагэтуль піша іх

на слізкіх паперках

у карных органах.

Хто дзеліцца сваім болем

і для каго боль —

гэта чарнуха, якой

і без таго хапае.

Хто застаецца сабой

і хто дагаджае іншым.

Хто падбірае словы

і хто саромеецца сродкаў.

Хто ратуе сябе

і хто памятае пра астатніх…

Канцэнтрацыя болю сягае ў другой фазе, прысвечанай каханню, каханню да жанчын, каханню жанчын, каханню, якое не мае межаў, полу і веравызнання, бо ніхто не мае права, тым больш грамадства, ставіць пачуццям перашкоды і зазіраць у чужыя ложкі, крывадушна вяшчаючы пра прыстойныя паводзіны і мараль.

Счытвай з мяне пласт за пластом.

Я — як голая кніга…

Чарговае прызнанне паэткі і абвінавачванне грамадства ў «актыўным зашыванні пад скуру сурагатных генаў любові» яшчэ з дзяцінства.

па затопленых вуліцах гэтага горада

плыве генетыка страху

ўва мне паміраюць хірасімы…

Крысціна адэкватна ўспрымае гэты вычварны свет, але не жадае падпарадкоўвацца яго агрэсіўным правілам і дагматычным канонам, прыдуманым абмежаванымі людзьмі. Яна не хоча ані пачуваць сябе лішнім чалавекам, ані пагаджацца са статусам адрынутых. І паэтка «свой крохкі свет» будзе абараняць да апошняга.

Але ці нармальна гэта, калі ў цывілізаваным грамадстве вядзецца самая сапраўдная вайна з тымі, хто «не скован одной цепью, одной целью»?

Трэцяя фаза — своеасаблівае падсумоўванне тых думак, тых праблем, якія хвалююць паэтку, пра якія яна ўжо сказала, але мусіць паставіць тлустую кропку. Як кантрольны стрэл. Зрэшты, Крысціна супраць гвалту ва ўсіх яго праявах.

Мы — любоў, —

кажа яна за тых, каго, уласна, прадстаўляе сваёй кнігай, і працягвае:

Каханне не мае рэлігіі

Каханне не мае расы

Каханне не мае полу

Каханне не мае смерці.

Відавочна адно: у літаратуру прыйшоў паэт, чыя кніга — свайго роду маніфест, чый голас не зблытаеш ні з якім іншым і чые вершы будзеш чакаць...

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».