Вы тут

Уладзімір Акулаў: Крытыка заўсёды ідзе ад сэрца


Уладзіміра Акулава называюць геніем беларускага авангарда. Аматары мастацтва чакаюць яго выставак, а калекцыянеры лічаць за гонар мець работы гэтага мастака ў асабістай калекцыі. А ён ужо не адзін год трымаецца асобна ад творчага асяроддзя, працуе шмат. Жадае рухацца толькі наперад у свае 65 гадоў. Юбілейная дата стала нагодай для адкрыцця вялікай персанальнай выстаўкі Уладзіміра Акулава ў галерэі «Універсітэт кудьтуры», якую ўпершыню за доўгі час аўтар прэзентаваў асабіста. Гэта дало магчымасць для размовы пра тое, чаму ў мастацтве ён выбраў менавіта авангард, творца падзяліўся думкамі наконт трансфармацыі гэтага кірунку ў наш час і расказаў, як працуе над карцінамі:


— Калі сутыкаўся з класічным мастацтвам, не заўсёды яго разумеў. Хоць у інстытуце вельмі шмат маляваў у рэалістычнай манеры, але цягнула сказіць лінію, памяняць форму. Мяне стамляла стандартнасць. Класічнае мастацтва не натхняла, не вабіла. Затое авангард стаў родным кірункам. Здавалася, быццам ён існуе ў маёй падсвядомасці.

Падчас вучобы ў Віцебскім інстытуце я ўзняў тэму авангарда, і пра яго загаварылі ўголас. Ужо ў той час зрабіў выстаўку (хоць гэта здавалася немагчымым) і нават дыплом абараняў па авангардзе: намаляваў партрэт актрысы Нацыянальнага драматычнага тэатра Якуба Коласа. За яго мне паставілі тройку. Тады я нават не засмуціўся: любімай жа справай займаўся. Тым больш я заўсёды любіў крытыку. Любіў, калі мяне стараліся зачапіць за жывое. Гэта дапамагала не здавацца, трымаць уласную лінію да канца. Ведаю, што крытыка заўсёды ідзе ад сэрца і з’яўляецца больш сумленнай, чым пахвала.

Мне пашанцавала з тым, што я вучыўся ў Віцебску. Тут маю пазіцыю прынялі і пачулі. Дазвалялі праяўляць унутраныя парывы і эксперыментаваць, чаго б ніколі не было ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. У гэты час неверагодна цікава было жыць, таму што на тэрыторыі Савецкага Саюза пра авангард не вельмі шмат казалі, а я ў ім працаваў.

— Творчасць якіх аўтараў моцна паўплывала на вас?

— Яшчэ да вучобы ў Віцебску адным з узорных для мяне быў нарвежскі мастак Эдвард Мунк. Мяне часам параўноўваюць з тым жа Маркам Шагалам або Хаімам Суціным. Асабіста не бачу падабенстваў. Для мяне ідэалам быў Мунк — менавіта на яго творчасці я вучыўся, будаваў свае канцэпцыі. Хоць мае карціны з яго работамі параўнаць нельга. Я заўсёды захапляўся лёсам гэтага чалавека. Мяне прыцягваў спосаб яго жыцця. Таксама мяне ўражваў Васіль Кандзінскі. Калі бываў у Маскве, ішоў у музей і мог сядзець на падлозе і глядзець на яго карціну сем метраў даўжынёй і два — шырынёй. Захапляла яго чыстая абстракцыя. З таго часу я зразумеў, што авангард — самае моцнае, што можа быць, асабліва ў параўнанні з рэалістычным жывапісам, які тады быў паўсюль. Рэалістычны жывапіс, на мой погляд, не ўмее здзіўляць. А калі мяне нешта не здзіўляе, то і не бачу сэнсу глядзець у гэты бок.

— Як ставіцеся да таго, што ваш творчы почырк капіруюць?

— У прынцыпе я не так часта з гэтым сутыкаўся. Але былі імгненні, калі адзін мастак, які з’ехаў з Беларусі ў Берлін (імёнаў называць не хачу), спрабаваў мяне неаднаразова скапіраваць. Прыходжу ў госці, а мне кажуць: «Вось, паглядзі, твая работа вісіць». Здалёк бачу, што вельмі падобная, але рука не мая: штрыхі адрозніваюцца, колеры не дацягваюць. Інтуітыўна адчуў: не маё. Сказаць, што неяк крыўдзіўся або злаваўся, не магу. Той жа чалавек шукаў сябе і, магчыма, я для яго быў нейкім арыенцірам у прафесійным пошуку. Проста вельмі важна своечасова спыніцца і зразумець, што індывідуальнасць лепшая, чым копія. А іншых прыкладаў амаль не ведаю. Ну, бачыў некалькі разоў нешта падобнае, але ўпэўнены, што прафесіянал заўсёды зможа вызначыць, мая гэта работа ці не.

— У Беларусі апошнім часам прайшло шмат вашых персанальных выставак. Чаму на сваіх вернісажах вы практычна не з’яўляліся?

— Карціна — гэта ўжо аповед пра мастака і яго лёс. Таму яна сама можа ўсё расказаць. Для гэтага не трэба прыходзіць на выстаўку і паказваць, які ты малайчына. Я не люблю ўвагу, не люблю дэманстрацыю сябе. Бо гэта няправільна. Мастак павінен ствараць. Не асуджаю тых мастакоў, якія ўмеюць сябе прэзентаваць. Напэўна, гэта карысная якасць. Але я не такі. Я практычна ўсё жыццё жыву адзін. Дзевяць гадоў я наогул пражыў у адным з падвалаў Мінска. І мне не было кепска. Я такі ад нараджэння. Не разумею, як уголас можна гаварыць пра сябе. Бо для гэтага ёсць гледачы і мастацтвазнаўцы.

— Уладзімір Іванавіч, вы заўсёды працуеце з кантрастамі: вашы колеры літаральна ўразаюцца ў свядомасць… Вы робіце гэта наўмысна?

— Нічога не раблю адмыслова, не разлічваю на пэўную рэакцыю. Працую на ўнутраную эмоцыю. Ніколі да апошняга не ведаю, што атрымаецца ў канцы і што буду пісаць наступнае. Інтуіцыя вышэйшая за розум. Гэта закон прыроды. Для мяне ў працы важная эстэтыка. Так, яна ў мяне свая, індывідуальная. Але з’явілася не проста так. Гэта мая ўнутраная прырода і адчуванне.

У абстракцыі самае складанае — спыніцца, бо работу сапсаваць вельмі проста. Я часам малюю і адчуваю, што перамаляваў альбо наадварот. Бывае, наогул работу хочацца замазаць. Ніколі не расцягваю працэс. Калі пачаў сёння, сёння і скончу. Калі скончыў і бачу, што карціна не атрымалася, перагортваю і пачынаю новую. Гэта лад жыцця. Кожны дзень шукаю сваю фарбу, форму, лінію. І яна не можа быць кожны дзень аднолькавая. Галоўнае для мяне — зрабіць хутка. І не таму, што я хачу стварыць за жыццё мільён работ, а таму, што ў мяне ўсё залежыць ад імпульсу. Такі інтэнсіўны працэс выпрацоўвае энергію, якая неабходная для жыцця, яна дазваляе атрымаць задавальненне.

Часам маім натхненнем для творчасці становіцца паэзія. Я пішу вершы. Але нікому не паказваю. Яны асабіста мае і дапамагаюць адчуць унутраны парыў да творчасці. Я ніколі не малюю звычайна, а малюю на падлозе. Вельмі зручна. Лёгка пераварочваць работы, ад гэтага хутчэй адбываецца працэс. Бывае, намалюю штосьці вечарам, бачу, што мне вельмі падабаецца. А раніцай устаю — і ўжо іншае адчуванне, быццам памянялася жыццё.

А калі пачынаю падрыхтоўку да выстаўкі, то ўвогуле магу кардынальна мяняць работы. Неаднаразова прыходзіў перад адкрыццём у выставачныя прасторы і пачынаў дамалёўваць. Так рабіў заўсёды брытанскі жывапісец Уільям Цёрнер. Бывае, многія работы прывозіш не са сваёй майстэрні: іх прадстаўляюць калекцыянеры. І тут бачыш: штосьці недапрацавана, недароблена. Пачынаеш правіць. З узростам прафесійны густ змяняецца, і ў рабоце, якая раней здавалася ідэальнай, бачыш шмат недахопаў.

— Што ёсць авангард у мастацтве ў наш час, на ваш погляд?

— На мой погляд, авангард трансфармаваўся. Ён стаў больш шырокі, эмацыянальны, моцны. Раней не было чыстай абстракцыі, нават у мяне яна мяжуе з рэалізмам. Цяпер у мастакоў больш свабоды, і яны могуць дазволіць выказваць сваю думку максімальна проста. У тым ёсць ідэя і сутнасць авангарду, яго развіццё і разуменне.

— Ці хацелі б, каб вашы мастацкія веды былі камусьці перададзены? Магчыма, хтосьці жадаў у вас вучыцца?

— У жыцці было шмат розных людзей, якія прасілі парады, дапамогі ў творчых пошуках. Але я нікога, на жаль, не магу навучыць. Я не педагог. Не ўмею тлумачыць. Я сам часам не разумею, што мною рухае. Педагогі — гэта людзі, якія ўмеюць фарміраваць думкі, умеюць іх захоўваць. Лічу, што чалавека не трэба вучыць. Калі творца адчувае святло, вобразнасць, форму, ён і ёсць мастак. А калі мы пачынаем прывіваць яму неіснуючыя здольнасці, гэта, напэўна, глупства.

Мяне ніхто не вучыў. Я прыйшоў да ўсяго сам. Вядома, у мяне былі курсы жывапісу, мяне вучылі кампазіцыі. Але па закліку душы кожны дзень я маляваў сам. І гэта мне дало шмат. Тое, што мне казалі выкладчыкі, я мог убачыць сам. Я займаўся творчасцю з задавальненнем. Гэта і сфарміравала мяне як мастака.

— Колькі сёння каштуюць вашы работы? Ці быў заробак грошай для вас адным з аспектаў творчасці?

— Любы мастак працуе за грошы. Гэта не для кога не сакрэт. Але я ніколі не імкнуўся зарабіць на сваёй творчасці вялікіх сум. Мне галоўнае — каб хапала на далейшую працу. Маю работу можна купіць і за трыста у. а., але на некаторых аўкцыёнах выстаўляюць за пятнаццаць тысяч у. а. Сам за такія грошы я не змагу прадаваць работы. Ніхто мне на гэтага права не даваў.

— Ці задаволены тым, як склаўся ваш жыццёвы і прафесійны лёс?

— А як быць незадаволеным, калі ты змог знайсці сваю справу? У трыццаць гадоў яшчэ ніхто не ведае, што будзе далей, але потым — бачыш, наколькі можа мяняцца жыццё. У свае 65 я ведаю, што ў маім жыцці шчасце было аднойчы — у чатыры гады, калі я толькі пачынаў асэнсоўваць сябе. Я так добра памятаю цацкі, памятаю машыну жалезную, якую мне зрабіў тата. І ў гэтыя гады да школы я быў па-сапраўднаму шчаслівы, таму што гэта быў час унутранай свабоды. Мы жылі ў пасёлку пад Баранавічамі. Там была прыгожая прырода. Мне падабалася выходзіць у двор, шпацыраваць, атрымліваць асалоду ад жыцця. Памятаю твары людзей таго перыяду. Гэта, напраўду, не забываецца. Усё, што было потым, было пэўным абавязкам. Я ніколі не любіў навязанай дысцыпліны.

Ды ўвогуле ў маладосці не думаеш пра тое, што з табой нешта будзе не так. Ці ты чагосьці не зможаш. Здаецца, што поўны сіл. Але праз гады задаеш сабе шмат пытанняў, навошта ты гэта рабіў так альбо не так. І многія з пытанняў асабіста ў мяне звязаныя з творчасцю. Як мастак я не заўсёды быў сабою задаволены.

Вікторыя АСКЕРА, фота Ігара Калашнікава

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.