Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Музыка

9 мая споўніцца 95 гадоў з дня нараджэння Булата Акуджавы — паэта, кампазітара, лірыка 60-х, а галоўнае, легендарнага барда — аўтара і выканаўцы глыбока філасофскіх песень, якім у свой час, без перабольшання, падпяваў увесь Савецкі Саюз.

Пры гэтым Акуджава быў на дзіва закрытым чалавекам, і расказаць пра яго сёння могуць толькі нямногія людзі, хто сапраўды блізка ведаў яго і любіў. Удава Вольга, якая захоўвае памяць Акуджавы ў доме-музеі ў Перадзелкіне на іх былым лецішчы, сябар Міхаіл Фядотаў, які згадае апошняе выступленне і апошнія дні паэта ў прыгарадзе Парыжа, аўтар песень Юлій Кім і рэдактар Павел Гусеў, якія памятаюць, як паэта хоць і не ўнеслі ў спіс дысідэнтаў і нават прынялі ў Саюз пісьменнікаў, але негалосна забаранялі друкаваць яго вершы ў газетах і часопісах. Усе яны, а таксама музыканты і выканаўцы Барыс Грабеншчыкоў і Дзіяна Арбеніна, рэжысёр Іосіф Райхельгаўз, кампазітары Аляксандр Журбін і Уладзімір Дашкевіч, спявачка Алена Камбурава ўзялі ўдзел у стварэнні дакументальнага фільма «Булат Акуджава. «Надзеі маленькі аркестрык», знятага тэлекампаніяй «Астанкіна». Гэты фільм-успамін тэлеканал АНТ пакажа 11 мая.

Горы

11 мая на «Беларусь 3» — нячасты госць тэлеэфіраў: ваенная прыгодніцкая драма Станіслава Гаварухіна «Белы выбух» (1969), якая расказвае пра подзвіг савецкіх салдат-альпіністаў. Падзеі фільма разгортваюцца ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў гарах Каўказа. Нямецкія салдаты са спецыяльнай горнастралковай дывізіі «Эдэльвейс» занялі зручную пазіцыю, з якой абстрэльваюць бежанцаў і раненых, хто спрабуе перабрацца праз адзіны магчымы выхад з каменнага меха. Лейтэнант Арцём Арсенаў прапануе падняцца на вяршыню і ўзарваць снегавую шапку, каб утварылася лавіна і абрынулася на нямецкія пазіцыі. Праўда, самому Арсенаву яшчэ ў даваенны час скарыць гэту вяршыню так і не ўдалося — але цяпер у яго няма іншага выйсця. З сабой ён набірае групу з шасці чалавек, куды ўвайшлі як вопытныя альпіністы, так і навічкі. ...Практычна ўсе байцы дыверсійнай групы ахвяруюць сваімі жыццямі, але выконваюць заданне: перавал разблакаваны і праз хрыбет ідуць асноўныя сілы Чырвонай Арміі.

Гэта ўжо другая драма Гаварухіна пасля «Вертыкалі», прысвечаная менавіта альпіністам і ў якой зняўся Уладзімір Высоцкі. А яшчэ — Армен Джыгарханян, Сяргей Ніканенка, Людміла Гурчанка, якія адкрываюць для гледача свае нечаканыя грані. Дарэчы, спецыяльна для гэтага фільма Высоцкі напісаў дзве песні — «Да вяршыні» і «Горная лірычная», але ў карціну яны не ўвайшлі, ды і самога Высоцкага ў выніку агучыў іншы акцёр.

Фільм-прытча, чорна-белы і такі просты знешне, расказвае пра гераізм не на мове зброі і пафасных учынкаў «дзеля і ў імя», але тым не менш гадзіну з лішкам трымае гледача ў напружанні сваёй будзённай суровасцю. Тут усё сапраўднае, усё насамрэч — і альпінісцкія прылады, і нават лавіна. Шасцёра маладых людзей ідуць на смерць, яны ўсе разумеюць гэта. І ўсё ж разам з героямі верыш — «гэта нашы горы, яны дапамогуць нам»...

Тэатр аднаго акцёра

Паэма «Васіль Цёркін», яна ж «Кніга пра байца», — візітоўка савецкага паэта і публіцыста Аляксандра Твардоўскага. Працаваць над вобразам свайго прыдуманага героя, увасаблення ўсіх салдат Вялікай Айчыннай, паэт пачаў у 1940-х гадах, калі быў карэспандэнтам газеты «На стражы Радзімы» ў перыяд фінскай ваеннай кампаніі.

З 1942 года «Кніга пра байца» друкавалася ў газетным варыянце з працягам і была завершана ў 1945-м. Фрагменты паэмы перадрукоўвалі цэнтральныя выданні, яе выконвалі па радыё вядомыя акцёры... А ў 1979 быў зняты фільм-спектакль з Алегам Табаковым, Цёркін якога ўвайшоў у гісторыю савецкага мастацтва як узор твора ў жанры «тэатр аднаго акцёра». На наступным тыдні, 6 і 7 мая, дзве часткі гэтага монаспектакля пакажа тэлеканал «Культура».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».