Вы тут

Парог цярпення


Першы майскі выхадны для пяцідзесяцігадовай жанчыны з Бярозаўкі, што ў Лідскім раёне, стаў апошнім у жыцці. Прычым смерць была настолькі недарэчнай і дурной, што, калі дазнаешся падрабязнасці, застаецца толькі развесці рукамі. На агульнай кухні інтэрната на трэцім паверсе сабраліся тры кабеты. Міліцыя кажа, былі трохі нападпітку, але алкаголем па жыцці не злоўжывалі. Кожная займалася сваімі справамі, размаўлялі мірна, не сварыліся. Адна з іх вешала на вяроўкі памытыя рэчы. Балкона на кухні няма, але — тыповая інтэрнацкая забудова — у акне ёсць «дзвярны» праём, у якім практычна ў паветры нацягнутыя вяроўкі для бялізны. Дык вось, адна з удзельніц драмы, высунуўшыся ў гэтыя самыя дзверы, вешала рэчы, а другая скардзілася на жыццё: маўляў, надакучыла ўсё, прасцей было б памерці. Тая, што вешала бялізну, гэтыя скаргі слухала нядоўга, а потым штурхнула суседку ў адкрыты праём. Праўда, тут жа зразумела, што рабіць гэтага было не варта, паспела схапіць сваю ахвяру за нагу, але не ўтрымала. У руцэ засталася толькі шкарпэтка, а няшчасная спікіравала галавой уніз на бетонную паверхню і праз нейкі час сканала ў бальніцы. На тую, што яе штурхнула, заведзена крымінальная справа па артыкуле «Забойства». Першая майская раніца, якая сустрэла ласкавымі промнямі і прадчуваннем прыемнага адпачынку, для некалькіх чалавек за нейкія дзве хвіліны ператварылася ў непапраўны кашмар.


Калі я чытала ў зводцы абласной міліцыі падрабязнасці гэтай трагедыі, адчуванне было прыблізна гэткае ж самае, якое апаноўвае кожны раз, калі перачытваеш першыя раздзелы булгакаўскага «Майстра і Маргарыты». Асуджанасць, наканаванасць, непазбежнасць. І гэта фатальнае «Аннушка ўжо разліла алей». Так і тут — дзверы адчынены, дыялог распачаты, і нават рэальная спроба выратаваць чалавека, які ляціць у бездань (а ў кіно ж часцей за ўсё і выратоўваюць, чаму ж не можа здарыцца і ў жыцці?), ужо нічога не зменіць. Бо так лёсіць, так было некаму трэба. Але, калі перачытаць Булгакава разоў пяць, на шосты раптам зразумееш, што пісьменнік усё ж меў на ўвазе і іншы варыянт развіцця падзей. Памятаеце, як называецца самы першы раздзел, у якім усё і завязалася, а пасля Аннушка разліла алей, галава няшчаснага Берліёза пакацілася з-пад колаў трамвая, а паэт Іван Бяздомны пачаў свой гаротны шлях да шызафрэніі? «Ніколі не размаўляйце з незнаёмцамі». Як папярэджанне ўсім нам, што ўсе нашы беды і няшчасці пачынаюцца з неасцярожных слоў і неабдуманых дзеянняў.

У канкрэтным выпадку, што здарыўся ў Бярозаўцы, у прычынах і наступствах няхай разбіраецца следства. Але ўжо сёння без экспертыз і дазнанняў можна сказаць дакладна, што як мінімум два жыцці маладых яшчэ жанчын загубленыя. Адно хутка і літаральна, другое — доўга і пакутліва. Бо нават калі ўчыненае прызнаюць забойствам па неасцярожнасці, той, што штурхала, а потым беспаспяхова лавіла, наўрад ці стане ад гэтага лягчэй. А яшчэ можна сказаць, што і ахвяра, і яе неспадзяваная забойца адначасова пераступілі парог цярпення. І для адной, і для другой за парогам аказалася бездань.

Ён, гэты парог ёсць у кожнага з нас. Пагадзіцеся, часам усё так апрыкрае, надакучыць, дастане, што хочацца або завыць уголас, або на кагосьці накінуцца. Каталізатарам можа быць што заўгодна: і калі штурхнуць у аўтобусе, і выпіты келіх (тут шмат не трэба) віна. І ўжо не стрымліваеш сябе, пачынаеш скардзіцца на жыццё, а то і праклінаць яго, часам перад абсалютна калі не выпадковымі, дык абыякавымі да тваіх праблем суразмоўнікамі. Ці, наадварот, раздражняешся ад скаргаў або ныцця іншага чалавека, так і хочацца адказаць яму груба ці нават даць добрага ляпаса, каб ведаў, чаго скардзіцца і ные, бо яго праблемы — хіба ж гэта праблемы? Гэта находзіць нечакана, і ты проста некалькі хвілін не можаш сябе стрымліваць. Часцей за ўсё дастаецца нашым блізкім, асабліва дзецям, але бывае, што «пад раздачу» трапляюць і зусім незнаёмыя людзі. Пасля, калі «стан афекту» праходзіць, лягчэй не становіцца. Сорамна, прыкра, няёмка, людзі пакрыўджаныя. Думаеш: вось ніякай бы гэтай гадасці ў жыцці не было, калі б у адну асобна ўзятую хвіліну замест таго, каб даваць волю эмоцыям, пераступаць той самы парог, удыхнуў, выдыхнуў і сам сабе ўсміхнуўся.

Гадоў трыццаць назад падобны на бярозаўскі не па ступені трагічнасці, але па непапраўнасці наступстваў імпульсіўнага ўчынку выпадак здарыўся на маіх вачах на вяселлі ў далёкіх сваякоў. Маці ўдарыла сваю дванаццацігадовую дачку па вуснах. Нямоцна, далонню, але са злосцю. (Пасля расказвалі, што жанчына з самай раніцы была на ўзводзе: то прычоска не атрымлівалася, то яшчэ нешта, дый у рэстаран ледзь не спазніліся. А малая ўвесь час пад нагамі.) Што дзяўчынка зрабіла або сказала не так ужо ў гасцях, ніхто і не зразумеў. Зрэшты, няважна, тут пра наступствы. Той нямоцны ўдар па твары справакаваў у малой эпілепсію, якая толькі прагрэсавала. Прыгожая разумная дзяўчынка стала інвалідам, яе маладая маці за некалькі гадоў ператварылася ў старую з вечным пачуццём вінаватасці ў вачах. Прамучыліся яны так гадоў пятнаццаць, падчас чарговага прыступу дачка ўдарылася галавой аб прыступкі і памерла. Маці перажыла яе на два тыдні. Проста згасла, бо не было больш ні віны, ні сэнсу жыцця, якім (і сэнсам, і жыццём) гэта віна ў адну хвіліну стала.

Цана адной хвіліны, панове. Цана адной хвіліны...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.