Вы тут

Сяброўства, гартаванае ў агні


У Еўпаторыі сабралі традыцыйны ўжо “Букет дружбы”, адкрылася фотавыстава Дзіны Шаўчэнкі, прымеркаваная да 75‑годдзя Вызвалення Беларусі


Беларусы Еўпаторыі віншуюць з 95-годдзем ветэрана-вызваліцеля Беларусі Рыгора Сямёнавіча Васільева. 7 красавіка 2019 года.

Дзень яднання народаў сведчыць: мы памятаем, як разам беларусы і расіяне баранілі агульную ў той час Айчыну. Свята сімвалізуе і надзею: братнія сувязі паміж народамі будуць умацоўвацца, не стануць толькі гісторыяй.

Пяты год у нашым горадзе ў Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі праходзяць святочныя імпрэзы: сустрэчы, прэзентацыі, канцэрты, выставы. Іх ладзяць актывісты мясцовай Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі горада Еўпаторыі. Сёлета ў святочны дзень у клубе санаторыя “Орен — Крым” адкрылася фотавыстава “Крым — Беларусь” Дзіны Шаўчэнкі, галоўнага рэдактара аднайменнага часопіса. Выстава прымеркаваная да 75‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На фотаздымках мы бачым еўпатарыйцаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Бачым вызваліцеляў Беларусі на парадзе Перамогі-2007 у Мінску, на Кургане Славы і Мемарыяле спаленых вёсак у Хатыні… Памяць пра трагедыю нашых народаў зберагае зямля Беларусі.

На адкрыцці выставы Дзіна Шаўчэнка расказала, як стварала ў горадзе грамадскую арганізацыю “Крым — Беларусь” з ветэранаў Вялікай Айчыннай, якія вызвалялі Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў. Па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі група ветэранаў суполкі з 2 па 4 ліпеня 2007 года ўдзельнічала ва ўрачыстасцях, прысвечаных 63‑й гадавіне Вызвалення. Ветэраны наведалі гістарычныя мясціны Мінска, Курган Славы, мемарыял “Хатынь”, гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, былі на святочным парадзе ў Мінску. Аснову фотавыставы й склалі зробленыя тады рэпартажныя здымкі Дзіны Шаўчэнкі. Выстава будзе экспанавацца да 3 чэрвеня: Дня незалежнасці Беларусі і 75‑годдзя яе Вызвалення. У санаторыі “Орен — Крым” пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных памятнай даце.

Дзіна Шаўчэнка з Рыгорам Васільевым

Прадаўжаецца й традыцыя, якую пяць гадоў таму распачала Дзіна Шаўчэнка з сябрамі: “Букет дружбы” ў гэты дзень збіраюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў з нашага горада. Мы складаем кветку да кветкі са словамі добрых пажаданняў і ўдзячнасці ветэранам. У ліку тых, хто сёлета паўдзельнічаў у стварэнні букета, былі дэпутат гарсавета Барыс Назараў, старшыня Савета ветэранаў Аляксандр Елісееў, намесніца начальніка ўпраўлення культуры й міжнацыянальных адносін Эльміра Акімава, актывісты нямецкай, азербайджанскай, грэцкай, нямецкай, армянскай аўтаномій, Рускай абшчыны Крыма ды іншыя. Далучыліся да праекта ветэраны, члены іх сямей.

На свяце гучалі беларускія й рускія напевы ў выкананні ансамбля “Вдохновение” пад кіраўніцтвам Аляксандра Малінкіна. Знаёмыя песні падпявалі ўсе, і ў шматгалоссі было сапраўднае, гарманічнае яднанне.

Надзея Паўлянкова, г. Еўпаторыя

Ад рэдакцыі. У Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі Віншавальны ліст Дзіне Шаўчэнцы, іншым сябрам беларускай суполкі Еўпаторыі накіравала кіраўніца горада Алеся Харытоненка.

А нядаўна ў Еўпаторыі ў Краязнаўчым музеі ўшаноўвалі тых еўпатарыйцаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё горада й папулярызацыю гэтага курорта. Яны адзначаны як лаўрэаты гарадской прэміі імя Сямёна Эзравіча Дувана — яшчэ дарэвалюцыйнага гарадскога кіраўніка й мецэната, які шмат зрабіў для развіцця горада. Прэстыжная Дуванаўская прэмія прысуджаецца штогод. І сёлета сярод лаўрэатаў — беларуска Дзіна Шаўчэнка. Кіраўніца Мясцовай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі г. Еўпаторыі “Крым–Беларусь”, заснавальніца і галоўны рэдактар і выдавец часопісаў “Крым–Беларусь”, “Крым–Казахстан”, “Крым–Север”, сябар Саюза журналістаў Расіі атрымала ўзнагароду ў намінацыі “Журналістыка”.

Віншуем, Дзіна Рыгораўна! Ганарымся вамі!

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».