Вы тут

З родных крыніц


Каля 20 кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці прайшлі творчую стажыроўку ў Беларусі


На памяць пра стажыроўку — сертыфікаты. Фота - Анастасія Шайпук.

Гэта былі беларусы з Арменіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі. На зямлі продкаў, казалі, лепш сябе адчуваеш, вальней дыхаеш. Асабліва тады, калі сустракаюць цябе як роднага чалавека.

Адзін з сёлетніх стажораў — беларус Васіль Сегень з Беластоку (Польшча). Усякі раз, казаў, як прыязджае ў Беларусь, яго сустракаюць надзвычай гасцінна. “Тут адчуваецца нешта роднае, і па-іншаму нават “жывецца”, — падзяліўся са мной Васіль. — Растлумачыць гэта розумам я не ў стане, яно ў сферы пачуццяў. Можа таму, што мая прабабуля Анастасія адсюль”. Ён — намеснік старшыні праўлення ўплывовага ў Польшчы Беларускага грамадска-культурнага таварыства, нарадзіўся і жыве ў Польшчы. Ведае польскую, беларускую, рускую, украінскую ды іншыя мовы. Васіль упэўнены: кожная мова ўзбагачае нас, дапамагае лепш разумець іншых людзей. Згадаў прыказку на гэты конт: маўляў, колькі моў ты ведаеш, настолькі ты — чалавек. Беларускую мову, якую лічыць мовай сваіх продкаў, Васіль пачаў вывучаць яшчэ ў Гайнаўскім ліцэі. Там ён упершыню свядома пачаў лічыць сябе беларусам. Вучыў ён беларускую мову і ў аспірантуры БДУ ў Мінску ў 90‑х гадах. Па-беларуску гаворыць так добра, што любы мясцовы жыхар мог бы пазайздросціць. Васіль Сегень доўгі час выкладаў рускую і беларускую мовы ў Беластоцкім дзяржуніверсітэце. “Як мне здаецца, ды й не толькі мне, беларуская мова ў самой Беларусі мала запатрабаваная. Каб яе тут больш было, то й нам было б лягчэй і ў Беластоку здабываць студэнтаў на беларускую філалогію, бо ў нас ужо некалькі гадоў яе ўвогуле не існуе”, — разважае. Сёння Васіль не толькі займаецца справамі БГКТ, але й спявае ў аматарскім хоры “Крыніца”, каб падтрымаць традыцыі беларусаў у Польшчы.

Адкрыццё-закрыццё стажыроўкі зладзіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Там жа праходзілі метадычныя й практычныя заняткі, сустрэчы з цікавымі творчымі асобамі, кіраўнікамі фальклорных гуртоў. А большасць імпрэзаў праводзілася з выездам за межы сталіцы. Стажоры з’ездзілі ў аграгарадок Азярцо, што пад Мінскам: вандравалі ў мінулае з дапамогай тамтэйшага Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры й побыту, паўдзельнічалі ў абрадавай імпрэзе “Сцежкамі народных святаў. Вясна”. Цікавай аказалася й паездка ў Лагойскі раён: там наведалі Гістарычна-краязнаўчы музей Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў, Мастацкую галерэю Сяргея Давідовіча. Канцэрты ад ансамбля народнай песні й музыкі “Шчодрыца”, калектыву фальклорна-бытавога танца “Суботка” чакалі гасцей ў мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу. На аграсядзібе “Расохі” Лагойскага раёна для іх зладзілі майстар-класы па саломапляценні, вырабе глінянай цацкі, ганчарнай справе, ткацтве паясоў на дошчачках і бярдзечку. Наведаліся госці і ў Швабскі сельскі дом культуры: там ім паказалі, як гатаваць смачныя беларускія стравы. І пачастунак быў адпаведным.

Вярнуўшыся ў сталіцу, яны змаглі павучыцца побытаваму танцу ў мастацкага кіраўніка фальклорнага ансамбля “Берагіня” Мікалая Казенкі, паспрабаваць граць на народных музінструментах разам з Іванам Кірчуком, кіраўніком этна-трыа “Троіца”. У Мінску стажоры гулялі па Верхнім горадзе й Траецкай наберажнай, пабачылі там памятны знак “Беларусам замежжа”. Знаёмства з архітэктурнымі адметнасцямі Храма-помніка Усіх Святых, а таксама Нацыянальнай бібліятэкай і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы дапамаглі ім скласці больш поўнае ўяўленне пра культурнае жыццё сталіцы.

Беларусы з‑за мяжы разам танцавалі, асвойвалі музычныя інструменты, вучыліся Велікоднай пісанцы, вышывалі… Новымі ўменнямі яны падзеляцца з сябрамі — там, за межамі Бацькаўшчыны, дзе самі пашыраюць беларускую культуру, традыцыі продкаў.

Ганна Лагун

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.