Вы тут

Аляксандр Кузьмін. «Неапаратны» партрэт


Ураджэнец Кіраўскага раёна Магілёўшчыны, у гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў камандзірам звяна бамбардзіроўшчыкаў, даслужыўся да звання падпалкоўніка. А ў мірны час рушыў «па партыйнай лініі» разам з Машэравым, уваходзіў у лік дэпутатаў Вярхоўнага Cавета БССР і СССР, быў абраны сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі. На гэтай пасадзе працаваў 15 гадоў, і «на дыване» ў яго пабывалі прадстаўнікі не адной рэдакцыі. А ў 1986 годзе, пасля прынцыповай нязгоды з тагачасным кіраўніцтвам — з-за нежадання замоўчваць маштабы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — ён пайшоў у адстаўку і назіраў ужо збоку за тым, як змяняецца краіна. Напярэдадні Дня друку ўспамінамі пра Аляксандра КУЗЬМІНА — былога галоўнага ідэолага БССР, які сябраваў з многімі выдатнымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі і шмат у чым вызначаў аблічча і змест айчынных СМІ 1971—1986 гадоў, падзялілася са «Звяздой» яго ўнучка Наталля Люцко.


Такім бачылі Аляксандра Кузьміна калегі і журналісты...

Паплечнікам і «моцным тылам» Аляксандра Кузьміна і на кіруючай пасадзе, і пасля была жонка Таісія Андрэеўна. Так склалася яшчэ з часоў вайны, якую, амаль усю, яны прайшлі разам: Аляксандр Трыфанавіч падчас баявых вылетаў некалькі разоў быў паранены, і кожны раз жонка выходжвала яго, а потым... зноў адпускала. Значна пазней прызнавалася ўнучцы, што хоць і была чалавекам няверуючым, але ў кожны вылет малілася: каб толькі вярнуўся жывы! Яна ж дзялілася некаторымі ваеннымі ўспамінамі пра агульных франтавых сяброў, у той час як дзед рабіў гэта рэдка.

— Пасля вайны ён пайшоў далей па партыйнай лесвіцы, працаваў у камандзе былых франтавікоў, якую згуртаваў вакол сябе Машэраў. Яны вельмі хутка знайшлі агульную мову і добра разумелі адзін аднаго. Нашы сем'і таксама камунікавалі, мы добра сябравалі з унукам Машэрава Пятром, ён на год маладзейшы за мяне. Помню, у Драздах з унукаў партапарату склалася гэткая кампанія: Федзя Сурганаў, Сяргей Броннікаў, Пётр Машэраў-малодшы і я, — успамінае Наталля. — Калі Пётр Міронавіч загінуў у аўтакатастрофе, дзед прыняў гэта вельмі блізка да сэрца і нават праводзіў уласнае расследаванне трагедыі, з той інфармацыяй і шырокімі магчымасцямі, якія ён у той час меў, мог сабе гэта дазволіць. Я пазней спецыяльна пыталася ў яго, якая са шматлікіх версій гібелі Машэрава была самай верагоднай. Дык вось, вывучаючы ўсе матэрыялы следства, ён прыйшоў да высновы, што гэта ўсё ж збег абставін і няшчасны выпадак: Машэраў любіў хуткасць і часта не прыслухоўваўся да перасцярог сваёй аховы...

* * *

— Ветэраны журналістыкі згадваюць, што Аляксандр Кузьмін вельмі многа і нястомна працаваў з тэкстамі, часта заседжваўся да ночы. Мо і дадому нёс гэту працу?

— У час, калі дзед пакінуў партыйную пасаду, я была яшчэ 10-гадовым дзіцем, таму мала што магу сказаць пра ягоную працу. Але ведаю, што сыходзіў ён не з прычыны стомленасці ці ўзросту, а з-за прынцыповай ідэйнай нязгоды з найвышэйшым кіраўніцтвам наконт Чарнобыля. Дзядуля шчыльна камунікаваў з фізікамі-ядзершчыкамі — напрыклад, былі такія вучоныя Васіль Несцярэнка і Мікалай Барысевіч, з якімі яны шмат абмяркоўвалі гэта пытанне. Дзядуля меў па ім вельмі цвёрдую пазіцыю, якая не знаходзіла разумення наверсе... Але, паўтаруся, мне было 10 гадоў, і больш запаміналіся зусім іншыя рэчы. Бо менавіта дзядуля быў тым чалавекам, з якім мы разам ездзілі на прыроду, лавілі рыбу, які паказваў мне розных жывёл, вучыў веславаць на лодцы, збіраць грыбы і арыентавацца ў лесе. Ён наогул вельмі любіў лес і часта гаварыў, што калі б не выбраў партыйную працу, то мог бы стаць лесніком.

...а такім — сябры і блізкія.

Добра помню, што ў дзядулі дома быў асобны кабінет, дзе заўжды ляжалі стосы газет і кніг, ён шмат сядзеў за сталом і штосьці чытаў, пісаў, крэсліў; у час, калі дзядуля працаваў, чапаць яго забаранялася. Таксама абсалютнае табу на ўмяшанне меў вячэрні выпуск навін — яго дзед абавязкова і вельмі ўважліва глядзеў, хоць пры гэтым, дарэчы, і мог гушкаць мяне на назе. Але ў перапынках і пасля вячэры ён заўжды знаходзіў час на гульні, адказы на мае шматлікія пытанні і гэтак далей. ...Канешне, пасля 20 гадоў я не вельмі прыслухоўвалася да меркавання бацькоў і дзеда, па ўсіх пунктах у мяне была свая пазіцыя, як гэта звычайна і бывае ў перыяд юнацкага максімалізму. Але нават тады я не прыпомню моманту, каб мы не маглі прыйсці да кампрамісу па самых вострых пытаннях, — дзядуля ўсё ж чалавек вельмі мудры, ён гатовы быў выслухаць самыя розныя пункты гледжання.

* * *

У бытнасць сакратаром ЦК па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін аб'ездзіў не толькі ўсе куткі Беларусі (напрыклад, наведваў каталіцкія і праваслаўныя храмы і разважаў аб тым, што варта павучыцца ў святароў тэхналогіі работы з масамі), але і пабываў у іншых савецкіх рэспубліках і замежных краінах. У складзе савецкай дэлегацыі, напрыклад, сустракаўся з Індзірай Гандзі, быў з візітам у ЗША, дзе яго здзівіў прадстаўнік бізнес-эліты — мільянер, які выйшаў сустракаць савецкіх гасцей у пакамечаным пінжаку і нейкіх караткаватых штанах.

— Дзядуля застаўся палітыкам і на пенсіі, таму, безумоўна, параўноўваў, як змяняюцца час і людзі, як распадаецца і СССР, і партыя, і піянерыя... Канешне, параўноўваў, як было «тады і сёння», але гэтыя параўнанні не былі толькі на карысць мінулага. Перамены ён прымаў не тое каб з крыўдай, хутчэй з горыччу — усё ж тая краіна, за якую ён з сябрамі ваяваў, вельмі адрознівалася ад часу перабудовы і пазнейшага. Але нейкага антаганізму, катэгарычнага непрыняцця сучаснасці ў яго не было.

З унучкай у Раўбічах на чэмпіянаце свету па біятлоне, 1982 год.

* * *

Праз некалькі гадоў пасля выхаду на пенсію Аляксандр Кузьмін збудаваў дачу, дзе часта і з ахвотай бываў. Відаць, і месца падабраў назнарок побач з сябрамі і добрымі знаёмымі — так, суседняя дача належала Ігару Лучанку, праз некалькі дамоў было лецішча Васіля Быкава, таксама ў пасёлку жыло шмат людзей, з якімі Кузьмін быў знаёмы па рабоце ў ЦК.

— Ён сябраваў з Васілём Быкавым, з Яўгенам Глебавым, Анатолем Сульянавым, Міхаілам Савіцкім, Алесем Адамовічам, — пералічвае ўнучка. — І хоць, як правіла, творчыя асобы вельмі няпростыя ў жыцці, я ніколі не чула, каб яны сварыліся ці нешта высвятлялі на павышаных тонах, у іх заўжды былі зацікаўленасць і павага адзін да аднаго, яны бывалі ў нас дома і вялі доўгія размовы. І такімі яны былі свойскімі адзін для аднаго, што аднойчы, калі дзядулі ўжо не стала, тэлефануе мне з дачы муж: «Тут прыйшоў нейкі хударлявы чалавек, гаворыць, што ён сябар Аляксандра Трыфанавіча, прапануе пасядзець разам ля каміна і пагаварыць пра жыццё». Гэта быў Ігар Міхайлавіч Лучанок...

З жонкай Таісай і франтавымі сябрамі, 1943 год.

* * *

— За вокнамі пачатак мая, таму не магу не спытаць: на першамайскія дэманстрацыі вы разам з сям'ёй хадзілі?

— Шчыра кажучы, першамайскіх шэсцяў не помню. Але затое дзякуючы дзядулю я з маленства наведвала ўсе парады 9 Мая — безумоўна, не была на ўрадавай трыбуне, але знаходзілася недзе побач. І гэтаксама дзякуючы дзеду, у якога заўжды былі запрашальнікі на галоўныя прэм'еры, бачыла найлепшыя тэатральныя і музычныя пастаноўкі. Убачаны менавіта тады, у дзяцінстве, «Ціль Уленшпігель» зрабіў такое моцнае ўражанне, што сэрца трымціць і цяпер.

Падчас рабочай паездкі.

Запісала Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з сямейнага архіва Наталлі ЛЮЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».