Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» высвятліў плюсы і мінусы салодкай прадукцыі


Першым жаданнем пасля размовы са спецыялістамі было пачысціць шуфлядку рабочага стала. Я вялікая ласуха, працаваць без смакаты мне наогул нецікава. Закінула ледзянец у рот — і жыццё напаўняецца іншым сэнсам. Але цукеркі — гэта не толькі гармон задавальнення. Гэта...

Лепш паслухаем экспертаў.


Фота: pixabay.com

Дыаксіду серы з цвіллю не жадаеце?

Звярнуцца да тэмы прымусілі вынікі праверкі цукерачнай прадукцыі расійскага паходжання ў гандлёвай сетцы рэгіёна.

— Мы знайшлі ў продажы тавар, які не адпавядаў патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» па бяспецы і маркіроўцы, — звярнула ўвагу намеснік начальніка Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту Наталля Жукава. — Напрыклад, колькасць дражджэй у пірожных «Усходняя казка» была завышана ў 30 разоў, а цвілі ў шакаладна-арэхавай пасце «Свет-птушка» ў паўтара раза.

Правяральшчыкаў таксама насцярожыла нестыкоўка «ядавітага» колеру ледзянцовай карамелі «Акварэлькі» і дражэ з кавай у цукровай абалонцы «Пці Бон» з іх маркіроўкамі. Там сцвярджалася, што фарбавальнікі, якія ў іх уваходзяць, — натуральныя. На самай справе аказалася хлусня.

— Падчас выпрабаванняў было выяўлена, што ў складзе цукерак знаходзяцца небяспечныя сінтэтычныя фарбавальнікі Е102, Е110, Е122, Е124, — кажа Наталля Жукава. — Вытворца нават не папярэдзіў, што гэтыя дабаўкі могуць аказваць негатыўнае ўздзеянне на актыўнасць і ўвагу дзяцей.

Не прайшлі выпрабаванні пасціла са смакам ванілі і зефір «Неўскі дэсерт». У іх складзе быў знойдзены кансервант дыаксід серы, які можа выклікаць алергію. Пра яго ні слова не было ў маркіроўцы.

Па выніках праверак Дзяржстандарта, увоз і продаж на рынку краіны такой прадукцыі забаронены. Спынена таксама дзеянне выдадзеных на яе дэкларацый аб адпаведнасці тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза. Але сумнеў, як той казаў, пасеяны.

Стабілізатары, фарбавальнікі, узмацняльнікі смаку

— У Беларусі больш жорсткія стандарты, — супакойвае дацэнт кафедры тэхналогіі хлебапрадуктаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Алена Наважылава. — Але пра карысць цукерак можна толькі марыць. Асноўныя кампаненты — цукар і, у залежнасці ад наймення, тлушч. Напрыклад, ледзянцовая карамель і памадныя цукеркі на 90—96 % складаюцца з цукру. Калі браць шакаладныя цукеркі, або, як яны правільна называюцца, — цукеркі з праліновымі карпусамі, цукру там 40—50 %, але шмат тлушчу з тых жа арэхаў або какава-алею. У цукеркі з жэлейнымі і фруктовымі карпусамі ўваходзяць розныя фруктовыя паўфабрыкаты, пекцін, але і цукру там таксама дастаткова. Ёсць вялікая група цукерак, пакрытая шакаладнай глазурай, з лікёрнымі карпусамі або заспіртаванымі ягадамі, куды ўваходзяць алкагольныя напоі. Каларыйнасць іх занадта высокая, хоць напаўняльнікі натуральныя. Акрамя ўсяго гэтага ў склад некаторых цукерак уваходзяць рэчавы, якія ўзмацняюць смак, водар і колер, — так званыя стабілізатары, фарбавальнікі і араматызатары. І калі ў цукерках з натуральнага шакаладу задзейнічаны натуральны араматызатар — ванілін, то ў таннай прадукцыі гэта часцей за ўсё штучныя інгрэдыенты. У тых жа ледзянцах і жэлейных цукерках з яркім інтэнсіўным колерам выкарыстоўваюцца, як правіла, сінтэтычныя фарбавальнікі, або, як пішацца на маркіроўцы, — ідэнтычныя натуральным. Яно і зразумела, натуральныя заўсёды нашмат даражэйшыя.

Шакаладка з пальмавым алеем

Нават той, хто не ведае, што дрэннага ў пальмавым алеі, стараецца прадукцыю з ім абыходзіць бокам. Але што рабіць, калі гэты алей знаходзіцца ў складзе той жа любімай многімі згушчонкі або шакаладу?

— Меркаванні наконт пальмавага алею неадназначныя, — кажа Алена Наважылава. — У трапічных краінах растуць асаблівыя віды пальмы, у пладах якіх шмат тлушчу. Дадаткова тлушч ёсць і ў костках пладоў. Калі алей атрымліваюць з мякаці, ён проста пальмавы, а калі з костак — пальмаядравы. З плюсоў — у ім няма халестэрыну, як і ў любым іншым алеі прысутнічаюць вітаміны А і Е. Мінусы звязаны толькі з засваеннем. Існуе меркаванне, што, калі тэмпература плаўлення алею вышэйшая за тэмпературу цела чалавека, ён складаней засвойваецца. Гэта датычыцца ўсіх тлушчаў, у тым ліку жывёльных. Вось і розныя фракцыі пальмавага алею плавяцца пры тэмпературы ад 19 да 49 градусаў. Алеінавая фракцыя (больш вадкая) хутчэй засвойваецца, а вось пальміцынавая (больш цвёрдая) — яе вельмі шмат у пальмавым масле — даўжэй. Асабліва з пальмаядравага алею, бо там пальміцынавай кіслаты больш за 70 %. І хоць халестэрыну ў самім прадукце няма, пальміцынавая кіслата можа садзейнічаць выпрацоўцы яго арганізмам.

У натуральным шакаладзе беларускай вытворчасці пальмавага алею наогул няма. Ён змяшчае толькі пяць інгрэдыентаў — какава цёртае, какава-алей, цукар, эмульгатар лецыцін і араматызатар ванілін. Могуць быць дабаўкі арэхаў, малочных прадуктаў, сухафруктаў. А вось у расіян іншыя крытэрыі і падыходы. У склад іх шакаладу можа ўваходзіць і какава-парашок, і заменнікі тлушчаў.

Тры цукеркі — і досыць

Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе чалавеку з'ядаць не болей за 24 кілаграмы цукру і цукрыстых рэчываў у год. Гэта з улікам цукру ў чай або каву, варэння і кандытарскіх вырабаў. Калі падзяліць гэтыя кілаграмы на 365 дзён, атрымаецца каля 66 грамаў у дзень. Цукерак у чыстым выглядзе 2-3, не болей.

— Калі арганізм здаровы, ён, магчыма, справіцца і з большай колькасцю, але гэта ўсё роўна будзе шокам, — удакладняе Алена Наважылава. — Перш за ўсё ўдар прыйдзецца па падстраўнікавай залозе і печані. З часам захапленне цукеркамі можа прывесці да дыябету, атлусцення, іншых балячак. А калі чалавек хворы, такія эксперыменты могуць быць зусім небяспечнымі.

Варта памятаць і пра тое, што ў цукерак, як і ў любога іншага прадукту, ёсць свае тэрміны захоўвання — ад дзесяці дзён (для цукерак ручной работы або з марцыпанавай масай) да шасці месяцаў. Захоўваць цукеркі трэба пры тэмпературы каля 18 градусаў у адносна сухім памяшканні з вільготнасцю не большай за 75 працэнтаў. У адваротным выпадку прадукт можа зацукравацца і стаць цвёрдым або ў ім адбудзецца перакрышталізацыя тлушчу і паявіцца белы налёт. Цукерка стане больш грубай на смак і перастане прыемна раставаць у роце. Ад яе не атруцішся, але і асалоды не атрымаеш. Так што не трэба саромецца і пры куплі цікавіцца, калі зроблены тавар.

Ледзянец або шакаладка?

Спецыяльна для чытачоў газеты студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, будучыя тэхнолагі, склалі так званы топ найбольш карысных, на іх погляд, цукерак. У яго трапілі дражэ з арэхамі і сухафруктамі ў шакаладнай глазуры, ірыс, які лёгка раскусваецца (туды ўваходзіць шмат малака), грыльяжныя цукеркі, дзе шмат арэхаў (а гэта бялкі і вітаміны), вырабы накшталт суфле, а таксама з фруктовымі або жэлейнымі карпусамі і мятныя ледзянцы — з эўкаліптам, шалфеем, рамонкам. А вось некарыснымі маладыя людзі назвалі цукеркі са спіртазмяшчальнымі напаўняльнікамі, звычайныя ледзянцы (асабліва, калі яны ядавітага колеру), памадныя цукеркі — тлушчаў там няма, але вельмі шмат цукру. Некаторыя аднеслі да не зусім карысных і шакаладныя, як вельмі каларыйныя, а таксама ірыс з грыльяжам, як небяспечныя для зубоў. Зефір з мармеладам добрыя тым, што змяшчаюць пекцін, яечны бялок, але іх ужыванне таксама трэба абмяжоўваць з-за высокай колькасці цукру. Гэта ўсё, вядома, суб'ектыўна, але падумаць ёсць над чым. А яшчэ спецыялісты раяць звярнуць увагу на больш карысныя ў параўнанні з цукеркамі батончыкі мюслі з зерневымі прадуктамі, экструдзіраванымі крупамі і сухафруктамі. А яшчэ лепей — зрабіце ласунак самі. Для гэтага спатрэбяцца сухафрукты, мёд, арэхі. Перакруцілі на мясарубцы, змяшалі — і смаката гатовая да ўжывання. Галоўнае, не рабіце цукеркі на запас. Карысны прадукт — перш за ўсё свежы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: І цукерка можа выклікаць шок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?