Вы тут

Па кім сумуюць «Партызанскія мадонны»


Міхаіл Андрэевіч Савіцкі (1922—2010) — у беларускім мастацтве постаць, без перабольшання, легендарная. Яго імя даўно стала хрэстаматыйным, а лёс выдатнага творцы цесна пераплецены з лёсам роднай краіны.


Нарадзіўся Савіцкі 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і селяніна. У 1940 годзе, пасля заканчэння школы, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, з пачатку вайны прымаў удзел у абароне Севастопаля ў складзе 345-й стралковай дывізіі, з 4 ліпеня 1942 года да 29 красавіка 1945 года знаходзіўся ў палоне ў канцлагерах у Дзюсельдорфе, Бухенвальдзе, Мітэльбау-Доры, Дахау. Пасля вызвалення з лагера працягваў службу ў Савецкай Арміі. У 25-гадовым узросце Савіцкі выбраў прафесію мастака, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (курс знакамітага Валянціна Волкава), потым паехаў у Маскву — вучыцца ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В. І. Сурыкава ў Дзмітрыя Мачальскага. Ён выпусціўся з чырвоным дыпломам, а дыпломны жывапісны твор «Песня» (1957) быў адразу набыты ў калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Вядомасць і папулярнасць да мастака прыйшлі ў 1960-я гады і былі звязаны з новымі павевамі ў выяўленчым мастацтве. Гэта быў час «хрушчоўскай адлігі» — час, калі мастацтва шукала новы погляд на рэчаіснасць, час станаўлення прынцыпаў «суровага стылю» ў савецкім мастацтве, час фарміравання яркіх індывідуальнасцяў. Міхаіл Савіцкі ўвайшоў у мастацтва са сваім разуменнем ролі мастака і творчасці ў грамадстве, са сваёй асабістай пазіцыяй, з адметным, новым поглядам на ваенную тэму. У адрозненне ад мастакоў 1940—1950-х гадоў, якія імкнуліся стварыць гераічны летапіс ваенных гадоў, Міхаіл Савіцкі расказваў пра трагічную з'яву, пра нечалавечыя выпрабаванні, якія выпалі на долю людзей у гады ваеннага ліхалецця. Яго мастацтва заўсёды выклікала непадробную цікавасць, спрэчкі і палеміку, бо ў ім спалучаліся і трагедыя, і мужнасць, і прыгажосць адначасова.

«Партызаны» (1963) — першая работа, у якой вызначыўся драматычны і напружаны стыль мастака. Фрагментарнасць кампазіцыі і манахромнае, амаль чорна-белае, каларыстычнае рашэнне палатна нагадваюць кадр з хронікі. Тэма карціны — развітанне перад баявым заданнем — падаецца як спроба зафіксаваць вырашальны момант у жыцці чалавека. Менавіта з такіх момантаў і складаліся ваенныя будні Беларусі. Невядома, ці сустрэнуцца гэтыя людзі яшчэ раз, а можа, гэта развітанне назаўсёды?..

Партызаны. 1963. Палатно, алей. 125х135.

Неаднаразова мастак звяртаўся да партызанскай тэматыкі і кожны раз рабіў гэта неардынарна і эмацыянальна пранікнёна. Маштабнае, манументальнае палатно «Віцебскія вароты» (1967) расказвае пра трагедыю бежанцаў вайны. Віцебскія, або Суражскія, вароты — умоўная назва саракакіламетровага прахода паміж савецкай і акупаванай тэрыторыяй, які існаваў сем месяцаў (люты — верасень 1942 года) і абараняўся партызанамі Віцебшчыны, у тым ліку легендарным атрадам «Бацькі Міная». Існаванне такога адносна свабоднага прахода дазволіла вывесці ў савецкі тыл каля 200 тысяч чалавек мірнага насельніцтва, а з савецкага боку на акупаваныя тэрыторыі пераходзілі дыверсійныя групы, увозілася зброя, боепрыпасы, медыкаменты, літаратура. Гэта быў адзін з найважнейшых стратэгічных пунктаў развіцця партызанскага руху ў Беларусі. Міхаіл Савіцкі знайшоў вельмі дакладную алегорыю гэтым падзеям. Галоўныя героі яго жывапіснага палатна — плынь жанчын, дзяцей, старых, параненых воінаў, якія пакідаюць родныя мясціны пешшу; усё, што яны забралі з сабою, нясуць за плячыма ў прасцінах або ў торбах у руках. Партызаны за пагоркамі ідуць у супрацьлеглым напрамку, яны абараняюць гэты натоўп. Агульная кампазіцыя палатна — з вышыні, вельмі высокая лінія далягляду і ярка-чырвоная паласа неба — зарыва вайны. Самае выразнае на карціне — вобразы напісаных персанажаў. Мы бачым стрыманыя, адасобленыя, засяроджаныя твары. Людзі ідуць у трагічнай маўклівасці, і ўнутранае разважанне кожнага складаецца ў агульную сімфонію пра цяжкі лёс беларускага народа падчас вайны.

Віцебскія вароты. 1967. Палатно, алей. 249х300.

Вялізны рэзананс у савецкім мастацтве выклікала карціна Міхаіла Савіцкага «Партызанская мадонна» (1967), якая экспанавалася на ўсесаюзнай выстаўцы, атрымала сярэбраны медаль Акадэміі мастацтваў СССР і пасля была набыта ў калекцыю Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Для савецкага мастацтва гэта была сапраўдная рэвалюцыя, бо такой трактоўкі жаночага вобраза ваенных часоў да Савіцкага не было ні ў кога. У дадзенай карціне мастак спалучыў цэлы шэраг вызначальных сімвалаў. Цэнтральная выява — маці з дзіцем. Сакральны хрысціянскі вобраз падаецца як мадонна часоў Вялікай Айчыннай вайны. Юная жанчына з немаўляткам сядзіць на фоне поля з жытам і жнеямі, а побач з ёй з аднаго боку — тры вінтоўкі, якія стаяць шалашом, і партызан на кані, а з другога — сумная сталая жанчына. Постаць Мадонны прасякнута непарушным спакоем, і гэта ўпэўненасць — гімн перамогі жыцця над смерцю.

Па асабістай просьбе тагачаснага дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алены Васілеўны Аладавай Міхаіл Савіцкі стварыў у 1978 годзе аўтарскі варыянт палатна, які называецца «Партызанская мадонна (Мінская)» — для яго мастак зрабіў іншую кампазіцыю. За аснову была ўзята вядомая карціна эпохі Адраджэння «Сіксцінская мадонна» Рафаэля — і гэта не выпадкова. Работа Рафаэля падчас вайны разам з іншымі творамі была схавана ў закінутай каменаломні пад Дрэздэнам. У маі 1945 года карціну знайшлі савецкія войскі, і яна трапіла ў сховішчы Пушкінскага музея, пакуль не была вернута разам з усім дрэздэнскім зборам уладам ГДР у 1955 годзе. Перад гэтым «Мадонна» Рафаэля была прадстаўлена маскоўскай публіцы. У той час Міхаіл Савіцкі вучыўся ў Маскве і бачыў гэту выстаўку.

У карціне «Партызанская Мадонна (Мінская)» (1978) мастак узнімае тэму гуманізму. Замест біблейскіх персанажаў мастак паказвае простых людзей, сведак чумы ХХ стагоддзя — фашызму. У адрозненне ад мадонны Рафаэля партызанская мадонна Савіцкага паўстае на фоне зямнога беларускага краявіду. У сваёй творчасці Савіцкі распрацаваў новую канцэпцыю гуманізму — гэта гуманізм чалавека, які перажыў вайну, які выдатна разумее цану чалавечага жыцця і ўсведамляе, якая тонкая мяжа разбурэння свету. Гэта стала асноўным маніфестам мастака: ніколі нельга забывацца пра самую страшэнную катастрофу чалавецтва — вайну, якой заўсёды супрацьпастаўляецца жыццё.

Безумоўна, Міхаіл Савіцкі звяртаўся не толькі да ваенных сюжэтаў. Распрацоўваючы іншыя тэмы і жанры, ствараючы гістарычныя, бытавыя карціны або партрэты сучаснікаў, знакамітых дзеячаў культуры і грамадства, ён заставаўся верны сваім канцэптуальным прынцыпам: галоўнае — гэта чалавек-асоба, яго маральнае аблічча.

Партызанская мадонна (Мінская). 1978. Палатно, алей. 207х142.

Бурныя спрэчкі ў грамадстве выклікала серыя твораў Міхаіла Савіцкага «Лічбы на сэрцы» (1976—1987), прысвечаная вязням канцлагераў. Шмат хто казаў, што падобныя жудасныя рэчы не павінны быць аб'ектам мастацтва. А Савіцкі адказваў: «Сама атмасфера нашага стагоддзя выклікае пякучую трывогу за лёс прыгожай планеты і яе галоўны скарб — чалавека. Кожны з нас адказвае за будучыню. З прычыны гэтай адказнасці я не маю права маўчаць. Мне давялося быць сведкам жахлівых злачынстваў». Гэтая серыя перш за ўсё была створана як пратэст супраць зла, каб ніколі не забылі мільёны тых, хто загінуў у канцлагерах, каб ніколі не паўтарыліся тыя страшныя злачынствы.

Менавіта пад Савіцкага, каб працягваць традыцыі рэалістычнага мастацтва, у 1980 годзе ў Мінску былі створаны Творчыя акадэмічныя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР для паслядыпломнай адукацыі мастакоў па жывапісе, скульптуры і графіцы. Сам Савіцкі казаў так: «Я прыхільнік рэалістычнай школы і лічу мастацтва носьбітам каштоўнасцяў, непадуладных часу. І ў гэтым яго сіла і моц. Такіх прынцыпаў я заўсёды прытрымліваўся і буду прытрымлівацца...» Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, скульптуры і графікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працягвалі працаваць, пакуль быў жывы іх кіраўнік — да 2010 года. За трыццаць гадоў Міхаіл Савіцкі выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў, розных па сваіх творчых метадах і напрамках. Але галоўнае, чаму вучыў маэстра, — гэта актыўная сацыяльная пазіцыя, высокія маральныя якасці мастака. Час фарміруе асобу, але і асоба фарміруе час, нельга заставацца абыякавым да грамадства і рэчаіснасці.

За сваё жыццё Міхаіл Савіцкі быў неаднаразова адзначаны ганаровымі званнямі і ўзнагародамі, ордэнамі: заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1970), народны мастак БССР (1972) і СССР (1978), першы сярод дзеячаў культуры Герой Беларусі (2006), правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР з 1983-га, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995), Міжнароднай славянскай акадэміі (1996), Міжнароднай акадэміі навук (2002), лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі (1970, 1980, 1998), СССР (1973), Міжнароднай прэміі Андрэя Першазванага ў намінацыі «За Веру і Вернасць!» (2000), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва (2002), Міжнароднай прэміі імя М. А. Шолахава (2002), прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва (2004), першы кавалер ордэна Францыска Скарыны з 1997 года, ганаровы грамадзянін Мінска з 2001-га.

У 2012 годзе ў Мінску была адкрыта Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, дзе існуе пастаянная экспазіцыя твораў мастака, зробленых за 60 гадоў плённай працы, без перапынкаў і выхадных ад мастацтва.

Вольга Архіпава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».