Вы тут

Сапраўдныя гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны


Вайна — гэта не толькі калі страляюць. Гэта нягоды, пакуты, голад, хваробы. Гэта страх, які ніколі не адпускае. На акупаванай тэрыторыі злачынствы чыніліся ці не ў кожным населеным пункце, і простыя людзі часта станавіліся сведкамі забойстваў і катаванняў. Людзі гінулі ў лагерах смерці і турмах. Але былі і тыя, каму ўдалося прайсці праз такія выпрабаванні, выжыць і расказаць пра тое, што адбывалася за кратамі... Такія гісторыі збіраюцца і захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Шмат было занатавана адразу, па гарачых слядах. Але лісты з прыватнымі ўспамінамі яшчэ доўгія гады працягвалі паступаць у музей, і такія дакументы складаюць асобны фонд.


Дзякуючы спецыяльнаму праекту музея сёння мы можам пачуць галасы сведак трагічных падзей.

«Не паспеў дабегчы да пажарышча, як мяне перахапіў немец з паліцэйскім і павялі на шашу. Там ужо стаялі людзі з рыдлёўкамі. Немец нешта загадаў паліцэйскаму, і той казырнуў, распарадзіўся, каб я ішоў за ім. Так мы аказаліся ў Смалярцы. Рэшту ночы і амаль увесь дзень туды бесперапыннай плынню прыбывалі вялікія крытыя машыны з людзьмі. Калі яма даверху запаўнялася трупамі, немцы яе пасыпалі вапнай і пяском, а затым загадвалі нам засыпаць цалкам.

Усякі раз, калі мы падыходзілі да ям, рыдлёўкі валіліся з рук, таму што ў большасці выпадкаў даводзілася засыпаць не трупы, а жывых людзей. Часта сыплеш пясок у яму, а ён варушыцца. Гітлераўцы, якія стаялі тут жа, заўважаючы з нашага боку ў такіх выпадках збянтэжанасць, выбухалі лаянкай і пускалі ў ход прыклады аўтаматаў.

Быў відавочцам спробы да ўцёкаў двух мужчын. Але дзе там было ўцячы... І дзесяць крокаў не паспелі зрабіць смельчакі, як тут жа былі ўложаны з аўтамата». (Адразу пасля вызвалення Бярозаўскага раёна ўспамінаў Андрэй Ляўковіч.)

У праекце «Галасы з пажоўклых старонак» супрацоўнікі музея на камеру чытаюць лісты і ўспаміны сведак. Відэаролікі выкладзены на сайце музея. Паспрабаваць сябе ў ролі акцёраў і зачытаць успаміны пра вайну прапаноўвалася падчас экскурсій і наведвальнікам установы. Але не ўсім удалося дачытаць лісты сведак да канца. Людзі прызнаваліся, што ім цяжка працягваць, у некаторых выступалі слёзы... Сапраўды, калі трымаеш у руках ліст канкрэтнага чалавека, адчуванне такое, быццам з табой дзеліцца ўспамінамі нехта вельмі блізкі...

«Пасля абеду ўсе жанчыны камеры, стоячы на каленях, маліліся. Маліліся доўга, прасілі ў Бога не аб тым, каб застацца ў жывых. Прасілі, каб савецкі снарад ці бомба прамым пападаннем патрапілі ў нашу турэмную камеру і ўсіх адначасова пахавала.

Пад вечар пачалі часта адкрывацца дзверы камер, чуліся стогны. Па калідоры гулка грукалі нямецкія боты. Узмоцнена білася сэрца, у мозгу нараджаліся думкі: напэўна, хутка і мяне павядуць на допыт, будуць біць, толькі б вытрымаць і хутчэй высветліць прычыну арышту.

А можа, расстраляюць? Гэта ж столькі ўжо расстралялі і павесілі... А дзеці? Хіба мае дзеці лепшыя за іншых. У думах чаканне, здавалася, доўжылася бясконца.

Але вось звякнуў ключ нашай камеры, і мяне з маёй напарніцай павялі на допыт.

У кабінет, дзе вёўся допыт, упіхнулі мяне, перад сталом следчага прымусілі стаць на калені, загадалі зняць сукенку. Ззаду стаяў гестапавец з гумавай дубінкай у руках. У гэты момант я не адчувала страху смерці. Мне нікога не было шкада, нават дзяцей. Я старалася пра іх не думаць...

Мяне пачалі біць гумавай палкай. Да дзевяці ўдараў я далічыла, пасля страціла прытомнасць. Мяне адлілі вадой. І першыя словы, якія я пачула: «Навошта б'еш па галаве? Магчыма, гэта не яна...» Калі ўбачылі, што я апрытомнела, зноў пачалі біць. Білі ботамі ў грудзі, жывот, спіну, а пасля прапанавалі назваць сваё прозвішча і імя.

Я — Хатчанка Надзея, а ў іх былі даныя на Харчанка Дзіну. Справа ў тым, што прозвішча Хатчанка амаль не сустракаецца, а Харчанка даволі часта, таму многія маё прозвішча скажалі. Паколькі мае прозвішча і імя не сыходзіліся, доказаў супраць мяне не было. І смерць, быццам у роздуме, спынілася.

Пасля допыту вечарам таго ж дня мяне вызвалілі. Ад пабояў я доўга ляжала хворай.

На самай справе ўсе гады акупацыі прайшлі як хаджэнне над безданню, якое ўяўляла адно цэлае. Часам мне самой яны падаюцца неверагоднымі. Усё ж гэта рэчаіснасць, і ўсё ж гэта было!» (З успамінаў мінскай падпольшчыцы Надзеі Хатчанкі.)

Пра такую вайну не пачытаеш у падручніках, не пачуеш падчас класічных экскурсій. І калі «галасы з пажоўклых старонак» гучаць у адпаведна аформленых сценах музея, сапраўды складваецца ўражанне, што трапляеш на месца жахлівых падзей.

Сёння многа робіцца для выхавання патрыятызму. Але ўсё часцей ускрываюцца новыя тэмы, калі моладзь бачыць, што вайна гэта не толькі гераізм, подзвігі, але і пакуты. І зварот да эмоцый — ці не найлепшы аргумент супраць вайны? Супрацоўнікі музея шукалі новыя формы, як падаць інфармацыю сучаснаму пакаленню. І калі падчас мінулай «ночы музеяў» прапанавалі маладым людзям зачытваць успаміны людзей, якія прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, заўважылі, наколькі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне аказваюць такія «хвілінкі памяці».

Аўтар ідэі «галасоў з пажоўклых старонак» — Яўген Пашкевіч — расказвае: «Мы хацелі ўзяць прыватныя выпадкі, паказаць асабістыя трагедыі. Адбіралі гісторыі, якія б можна было пакласці на відэафармат і стварыць сюжэты працягласцю паўтары-тры хвіліны». У першых роліках праекта супрацоўнікі музея вырашылі раскрыць такую тэму, як акупацыя Беларусі. Пра яе распавядаюць не толькі падпольшчыкі ці ваеннапалонныя, але і простыя людзі, якія маглі і выпадкова трапіць у гэты замес. Супрацоўнікі музея цытуюць успаміны вязняў гета, турмаў, лагераў смерці. Але і непасрэдныя ўдзельнікі ваенных падзей могуць расказаць пра непрывабную, жахлівую, невядомую нам вайну.

«Пятніца 2 чэрвеня. Другі дзень жыцця на балоце. Спім у вадзе, падклаўшы пад сябе галінак з бярозы. Знізу вада, а зверху дождж — таксама вада.

Харчуемся сухарамі і салам. Немцы і паліцыя блакіравалі наша адступленне ў Казьянскія лясы. Што б ні здарылася, неабходна было прарваць кальцо праціўніка і выйсці ў тыл карнай экспедыцыі...

Сёння трэці дзень жывём на балоце... Немцы ачышчаюць вёскі. Забіраюць усю скаціну, насенне і дарослых мужчын. Далёка чуецца рыканне кароў: нямецкія пастухі гоняць іх на балота. Метраў за 70 ад нас запрацаваў варожы аўтаматчык. Мы ў складзе брыгады і атрада № 3 сышлі глыбей у балота, якое на карце значылася як непраходнае.

Аўторак 6 чэрвеня. Шосты дзень жыцця на балоце...

Адборныя карнікі-галаварэзы ўсё бліжэй падыходзяць да нас. Добра ўжо чутна іх лаянка і гаворка. Па нацыянальнасці яны былі розныя: немцы, чэхі, палякі, румыны, фіны, украінцы, рускія, латышы, літоўцы, эстонцы, беларусы і іншыя...

Размова немцаў і паліцаяў усё гучней набліжалася да нас. Ісці далей было немагчыма. Вырашылі неадкладна пагружацца ў дрыгву, якая ахвотна прыняла нас па самую шыю, а на галовы давялося надзець кавалкі моху, і так мы ў дрыгве пратрымаліся з 14.00 да 20.00 вечара, пакуль не прайшлі тры ланцугі карных войскаў. Яны ўвесь час штыкамі паролі мохавыя купіны. І прастрэльвалі аўтаматамі.

У гэты трагічны дзень загінула вельмі многа партызан. На балоце трупы хутка гнілі, і паўсюль разносіўся смурод. Карціна была жахлівая.

Працягваем жыць восьмы дзень на балоце. Начлег зладзілі на балоце і спалі да 10.30 раніцы. Затым прачнуліся. Замест сняданку паглядзелі адзін на аднаго і моўчкі ўзялі курс на возера Ельня. Ногі ўжо не рухаюцца. Ледзьве паўзём.

Ад карнай аперацыі шукала сабе паратунку і цывільнае насельніцтва, якое загадзя зносіла ў пэўныя знаёмыя ім месцы муку, крупы і іншыя прадукты. Аднак пад націскам карнікаў цывільнае насельніцтва кідала свае бедныя запасы і сыходзіла ўглыб балота. Мы ў некалькіх месцах знаходзілі жытнюю муку, якую зносілі ў адно месца і арганізоўвалі так званую мучную базу. Посуду для прыгатавання ежы ў нас не было. Калатуху з мукі рабілі адразу ў лужыне і сырое цеста ўжывалі як дэлікатэс...»

(З успамінаў партызана.)

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, Таццяна ПАЛІТЫКА

Загаловак у газеце: Хаджэнне над безданню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».