Вы тут

Святочныя мерапрыемствы да Дня Перамогі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі


Заўтра, 9 мая, краіна 74-ы раз адзначыць самае галоўнае свята — Дзень Перамогі... Нягледзячы на дажджлівы пачатак тыдня, сіноптыкі абяцаюць спрыяльнае надвор'е. Але нават калі ў нябеснай канцылярыі нешта пойдзе не так, гэта не паўплывае на агульны настрой. Людзі чакаюць свята, і яно павінна адбыцца на ўзроўні. Не абыдзецца, як заўсёды, без урачыстых мітынгаў, шэсцяў і ўшанаванняў ветэранаў, парадаў з удзелам ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, канцэртных праграм, кірмашоў з пачастункамі і многага-многага іншага... Чаго менавіта? Чытайце ў паведамленнях з месцаў нашых спецыяльных карэспандэнтаў.


Мінск

Канцэрты, выстаўкі, кірмашы — у Дзень Перамогі мінчанам прапануюць мноства мерапрыемстваў на любы густ.

Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны», традыцыйнае ўскладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі адбудзецца ў 11.00. Галоўным акордам свята стане канцэрт «Бессмяротныя песні» тэлепраекта «Плошча Перамогі — 2019» — сумесны праект Міністэрства культуры Беларусі, Мінскага гарвыканкама і Белтэлерадыёкампаніі.

Кожны раён сталіцы рыхтуе ўласную праграму. Заводскі 9 мая запрашае на свята да «Чыжоўка-Арэны», пачатак у 14.00. Ленінскі — да 12-й гадзіны ў Лошыцкі парк і на пляцоўку перад кінатэатрам «Салют». Маскоўскі чакае мінчан і гасцей сталіцы да 10 гадзін у парку імя М. Паўлава і скверы «Палянка» на К. Лібкнехта. Кастрычніцкі — а 13-й гадзіне ў парку «Курасоўшчына». Жыхары Партызанскага раёна могуць адзначыць свята не толькі ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага, але і на пляцоўцы па адрасе Сталетава, 1, а таксама на вуліцы Карвата на пляцоўцы каля самалёта. Старт — у 12 гадзін. Першамайскі раён збірае гасцей у парку Чалюскінцаў і Батанічным садзе ў 13 гадзін. Савецкі раён — збор а 12-й гадзіне перад «Лідо» па вуліцы Кульман. Фрунзенскі — а 12-й гадзіне пачне мерапрыемствы ў парку 60-годдзя Кастрычніка і парку імя Уга Чавеса. У Цэнтральным раёне з 12 гадзін стартуе забаўляльная праграма ў музейна-паркавым комплексе «Перамога» і Траецкім прадмесці. Яшчэ ў цэнтры сталіцы разгорнецца пляцоўка каля Палаца спорту. Там пройдзе вялікі канцэрт з удзелам прафесійных творчых калектываў і выканаўцаў, а таксама пераможцаў Мінскага гарадскога конкурсу патрыятычнай песні.

У 23.00 па традыцыі запланаваны грандыёзны салют.


Брэстчына

9 Мая зранку пачнецца шэсце кіраўнікоў вобласці і горада, ветэранаў, ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона, актыву грамадскіх арганізацый, удзельнікаў акцыі «Беларусь памятае», моладзі.

Усе яны накіруюцца ў бок плошчы Цырыманіялаў. Пасля ўскладання кветак да Вечнага агню і вянкоў да пліт мемарыяла адбудзецца жалобны мітынг.

З асобнай праграмай «Памяць сэрца» выступіць духавы аркестр. А каля Паўночных варот крэпасці адбудзецца музычны марафон «Кветкі Перамогі».

Тым часам у парку культуры і адпачынку разгорнуцца народныя гулянні. Творчыя калектывы падрыхтавалі тэматычную праграму. А ўдзельнікі Міжнароднага харавога фестывалю «Берасцейскія харавыя асамблеі» правядуць у парку заключны гала-канцэрт. Акцыі памяці і канцэртныя праграмы адбудуцца ва ўсіх раёнах вобласці.


Віцебшчына

Галоўная плошча Перамогі, адна з самых вялікіх у Еўропе, стане эпіцэнтрам святочных падзей.

Менавіта тут 9 мая ў 10 гадзін раніцы адбудзецца ўскладанне кветак і вянкоў да манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызанаў і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Потым — тэатралізаваны мітынг і святочная канцэртная праграма «Дзякуй героям за мірнае неба!».

Віцебская традыцыя ў Дзень Перамогі — ускладанне (у 10.30) кветак да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы П. М. Машэрава.

Непадалёку ад плошчы Перамогі — у скверы Б. Хмяльніцкага — адбудзецца дэманстрацыя абмундзіравання і ўніформы салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі ваенных гадоў.

Яшчэ ў Віцебску, у былым пасёлку Руба, пройдзе акцыя «Перамога. Музыка. Вясна». Там жа — шэсце, мітынг каля помніка Невядомаму салдату, акцыя памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны «Дзень белых жураўлёў».

Багатая на падзеі праграма святкавання чакаецца і ў раённых цэнтрах.

Абласныя спаборніцтвы па веласіпедным спорце, прысвечаныя Дню Перамогі, 8—9 мая праходзяць у Талачыне. А ў Наваполацку на наступны пасля святкавання дзень, 10 мая, запланавалі правесці гарадскі патрыятычны конкурс інсцэнаванай песні «Мы за мір!».


Гомельшчына

Гомельшчына пачынае адзначаць Дзень Перамогі 8 мая акцыяй «Гомель памятае». А 9 мая адбудуцца памятныя мерапрыемствы каля мемарыяла «Вечны агонь».

Тут пройдзе ўрачысты мітынг памяці і цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Ветэраны, спартсмены, творчая моладзь і ўсе, хто пажадае, пройдуць у гэты дзень шэсцем па галоўнай вуліцы горада над Сожам.

Баявы самалёт Су-24 стане яшчэ адным помнікам яго стваральніку, Паўлу Восіпавічу Сухому. Ён усталяваны ў рэканструяваным скверы перад галоўным корпусам Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, які носіць імя легендарнага авіяканструктара.

Мерапрыемствы, прысвечаныя перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, працягнуцца і ў наступныя дні. Напрыклад, 10 мая ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы пройдзе літаратурна-музычны салон «Подзвігам слаўныя нашы землякі».


Гродзеншчына

Святочныя мерапрыемствы разгорнуцца на некалькіх пляцоўках абласнога цэнтра.

Свята ў Гродне распачнецца з самага ранку: на плошчы Леніна адбудзецца ўрачысты мітынг, а ў парку Жылібера ўшануюць памяць загінулых, усклаўшы кветкі да Вечнага агню.

На працягу цэлага дня будуць ісці святочныя праграмы на плошчы Леніна: «Канцэрт на перадавой», «Пад песні 40-х», «У шэсць гадзін вечара пасля вайны», гасцінна сустрэне гасцей арт-кафэ «Пад адкрытым небам», а побач — на плошчы Тызенгаўза — пачне дзейнічаць інтэрактыўная выстаўка ўзбраення сучаснага войска.

Свята не абміне і Савецкую вуліцу, дзе прагучаць песні Перамогі ў выкананні кавер-бэндаў і вулічных музыкаў. Тут жа прапануюць набыць і адмысловыя сувеніры. На Савецкай плошчы можна будзе ўбачыць выстаўку рэтра-тэхнікі.

Завершацца святочныя мерапрыемствы на Кургане Славы канцэртнай праграмай з традыцыйнай акцыяй «Спяем «Дзень Перамогі» разам» і святочным салютам.


Міншчына

Ва ўсіх кутках Міншчыны 9 мая адсвяткуюць Дзень Перамогі. З гэтай нагоды запланавана шмат мерапрыемстваў — урачыстыя мітынгі, ускладанні вянкоў і, вядома ж, святочны салют.

А ў горадзе Жодзіне ў гэты дзень адбудзецца абласное свята, якое традыцыйна адкрые мітынг. Да манумента ў гонар маці-патрыёткі Н. Ф. Купрыянавай будуць ускла-дзены кветкі.

Падчас свята па праспекце Міру пройдзе парад з удзелам навучэнцаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, механізаванай калоны ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі Узброеных Сіл Беларусі, а таксама тэхнікі, што выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчым комплексе краіны.

Упрыгажэннем свята стане канцэртная праграма аматарскіх і прафесійных калектываў і выканаўцаў. Усе ахвотныя змогуць наведаць кірмаш з пачастункамі і сувенірамі.

Завяршыцца мерапрыемства яркім канцэртам на стадыёне «Тарпеда».


Магілёўшчына

Марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона, шэсце-парад «Беларусь памятае», мітынг каля Вечнага агню на плошчы Славы, святочны канцэрт — Магілёў урачыста сустракае 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі.

Усё больш магіляўчан прымаюць удзел у акцыі «Беларусь памятае» і ідуць у святочнай калоне па вуліцы Першамайскай з партрэтамі сваіх гераічных продкаў. Для ветэранаў па традыцыі падрыхтаваныя спецыяльныя аўтамабілі. Усяго ў горадзе запланавана больш за 20 розных мерапрыемстваў, прысвечаных пераможнаму маю. Яны пачнуцца а 10-й гадзіне раніцы і закончацца а 23-й гадзіне вечара салютам над Дняпром. Пра ліхія франтавыя нагадае традыцыйная палявая кухня каля гандлёвага цэнтра «Магніт», гарадская акцыя «Вальс Перамогі» на плошчы Зорак, салдацкая паляна ў Пячэрскім лесапарку, канцэртна-забаўляльныя мерапрыемствы ў розных куточках горада.

А 8 мая ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзь прымаюць удзел у перапахаванні знойдзеных пры пошукавых работах астанкаў абаронцаў Магілёва на мемарыяльным комплексе «Лагер смерці» па праспекце Шміта.

Сёння ў Магілёве засталося ўсяго 247 ветэранаў вайны, за год іх колькасць скарацілася на 73 чалавекі.

Вольга АНУФРЫЕВА, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Святлана ЯСКЕВІЧ.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Памятаем, шануем, ганарымся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.