Вы тут

Двайное свята Аляксандра Ігнатовіча


У ветэрана Вялікай Айчыннай вайны жыхара Мазыра Аляксандра Ігнатовіча дзявяты дзень мая — асаблівы, таму што ў свята Перамогі Аляксандр Іосіфавіч адзначае яшчэ і дзень свайго нараджэння: заўтра шаноўнаму мазыраніну споўніцца дзевяноста шэсць гадоў!


На парадным пінжаку ветэрана прымацаваны баявыя ордэны Чырвонай Зоркі і Славы трэцяй ступені, два медалі «За адвагу», медаль «За баявыя заслугі», медаль за «Абарону Ленінграда», юбілейныя медалі — такім чынам быў адзначаны ўдзел салдата-пехацінца, кулямётчыка Ігнатовіча ў перамозе над фашысцкай Германіяй. Васямнаццацігадоваму хлопцу давялося прайсці дарогамі вайны, як кажуць, ад званка да званка. Не толькі ўзнагародамі, але раненнямі, потам і крывёю, стратамі родных, холадам і голадам урэзаліся ў яго памяць жорсткая вайна і доўгачаканая Перамога. Вайна забрала ў яго двух малодшых братоў, з якіх адзін загінуў у Польшчы, другі на радзіме — на Магілёўшчыне. Акупанты забілі яго бацьку і спапялілі родную хату.

Дзявятага мая пераможнага сорак пятага Аляксандр Ігнатовіч сустрэў у Чэхаславакіі — у той дзень яму споўнілася ўсяго толькі дваццаць два гады. Аляксандр Іосіфавіч і дагэтуль памятае, як радаваўся, пачуўшы вестку пра капітуляцыю Германіі, і як аднапалчане ў той жа дзень віншавалі яго з днём нараджэння. Такое ніколі не забываецца!

Напярэдадні двайнога свята ветэрана да яго прыйшлі ўдзельнікі народнага ансамбля «Мазырскія гармонікі», каб наладзіць маленькі віншавальны канцэрт, успомніць песні ваенных гадоў, паспяваць, паслухаць успаміны франтавіка. Сяргей Баханка, Уладзімір Гурын, Валянцін Мухін, Генадзь Шавялёў (яны на фота разам з ветэранам) як заўсёды прыхапілі свае звонкія гармонікі, бо такая склалася ў калектыве традыцыя: музыкай і песнямі абуджаць памяць і нагадваць пра вечныя каштоўнасці.

Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара

г. Мазыр

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.