Вы тут

Платон Галавач. Адзінокі і горды


Платон Галавач займаў высокія пасады. Ён быў і першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, і рэдактарам газеты «Чырвоная змена», і намеснікам наркама асветы БССР. Акрамя таго, з’яўляўся адным з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП, рэдагаваў часопісы «Маладняк» і «Полымя». На першы погляд — тыповы савецкі начальнік, які займаў ідэалагічна правільныя пазіцыі і мусіў абслугоўваць партыю, як выразнік яе інтарэсаў.


Актыўна выступаў у канцы 1920-х супраць «Узвышша» і Міхася Зарэцкага. Называў Фета, Бальмонта, Ахматаву «адрыжкамі мінулага», параўноўваў іх са «старымі заляжалымі ўборамі, якія сьмярдзяць нафталінам...» (цытата з артыкула «Сарваць маску!» // «Савецкая Беларусь», 1929, № 298). У нарысе «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934) пісаў пра вельмі чалавечнае стаўленне работнікаў ГПУ да зняволеных: «На Беламорбудзе было сабрана некалькі дзесяткаў тысяч былых злачынцаў… Да іх у лагеры АДПУ аднесліся як да людзей, паказалі мэту, вартую вялікай адвагі і геройства … забяспечылі вопраткай, харчамі, вучобай і навучылі працаваць…»

Але разам з тым Платон Галавач, як ніхто з тагачасных беларускіх пісьменнікаў канца 1920-х — пачатку 1930-х гг., здзіўляў і чытачоў, і крытыку непрыхаванай змрочнасцю ўласных твораў. У яго навелах, апавяданнях і аповесцях мы не знойдзем бестурботнай радасці і апявання светлай будучыні.

Тут пануе туга, трывога, востры сум, прадчуванне бяды і вялікая незадаволенасць рэчаіснасцю.

Знарочыстая адсутнасць радасці ў прозе Галавача злавала тагачасных літаратурных экспертаў.

Мовазнаўца Мікола Байкоў з непрыхаванымі ноткамі раздражнення пісаў: «…ценевыя бакі блізка што зусім засяняюць сьветлыя зьявы рачавістасьці; …блізка што не выяўляюцца дадатныя бакі комуністычнага будаўніцтва ў вёсцы. /.../ Няможна ў працягу бітых шасьціямі гадзін чытаньня кніжкі даваць больш ценевыя бакі нашай рачавістасьці і толькі на 2—3 хвіліны выво-дзіць на сцэну ідэальных прадстаўнікоў новага ладу» (М. Байкоў. «Платон Галавач. “Дробязі жыцьця”». // «Полымя», 1927, № 3).

Крытык Б. Каваленка абурана адзначаў, што ў творчасці Платона Галавача адчуваецца «...уплыў дробнабуржуазнага аб’ектывізму, паглыбленьне ў індывідуалістычную псыхалёгію…» Аналізуючы яго апавяданне «Уцякач» Каваленка з вялікім запалам піша: «…дэзэртыр у апавяданьні “Уцякач”... нічым дрэнным не адрозьніваецца ад сваіх таварышаў-чырвонаармейцаў і калі ўцякае з фронту, то толькі пад уплывам “жахаў вайны”, якія ня можа вытрымаць яго “тонка арганізаваная псыхіка”. Мы бачым у ім простага чалавека, які пратэстуе супраць бессэнсоўнага зьніштажэньня сваёй асобы, які стыхійна любіць жыцьцё і ўсё жывое /.../ аўтар не выкрывае клясава-варожай існасьці дэзэртырства, і таму сам расстрэл зьяўляецца проста жорсткасьцю... У аповесьці “Вінаваты” аўтар дае “трагэдыю” партыйца, сацыяльна-чужога паходжаньня, [якога] выключаюць за соцыяльнае паходжаньне: бацька да рэвалюцыі служыў у ахранцы /.../ “Праблема” не асабліва характэрная, а галоўнае, не асабліва значная для інтарэсаў клясавай барацьбы пралетарыяту. /.../ бацька-ахраньнік па ходу дзеяньня прадстаўлены ня дрэнным чалавекам, які толькі дзякуючы сваёй нявопытнасьці “паступіў на службу” ў ахранку» (Б. Каваленка. «Платон Галавач» // «Маладняк», 1932, № 2—3).

Так, Платон Галавач не хаваў свайго здзіўляльнага жадання заступацца за тых, хто па логіцы з’яўляўся «ворагам народа». Ад яго чакалі бязлітасна-пракурорскіх допісаў, а ён быў адвакатам тым бедакам, якія з’яўляліся лішнімі людзьмі падчас першай хвалі рэпрэсій пачатку 1930-х гг.

Калі толькі пачыналі крытыкаваць і абвінавачваць маладых Яна Скрыгана альбо Масея Сяднёва, менавіта Платон Галавач падстаўляў ім плячо, натхняў, ратаваў.

Больш за тое, дазваляў сабе крытычныя выпады на такія «святыя» рэчы, як «сацыялістычны рэалізм».

Напрыклад, у артыкуле «Ці патрэбна нам навэла?» выказвае такія «рэакцыйныя думкі»: «У нас, на старонках газэт … вы знойдзеце навэлу пра лепшую даярку, пра лепшага свінара, конюха. З навэлы вы можаце, верачы словам аўтара, даведацца, што даярка і свінарка і конюх у калгасе амаль раней за ўсіх ідуць на працу і пазней прыходзяць з працы, што ў іх свінарніку і ў хляве чыста … не даведаецеся вы ніколі затое таго, якія ж у герояў фізіяноміі, які ў іх склад мыслення, якія страсці, жаданні, пачуцці, імкненні. /.../ Часта рэдактары не глядзяць, ці ёсць у апавяданні думка, вобраз, пачуццё, а задавальняюцца тым, што ёсць тэма. У нас часцей гавораць пра добрыя тэмы і пра вялікія ідэі, а не пра добрыя творы».

Платон Галавач пакутваў у 1930-я гады ад падобнай адсутнасці шматгранных, псіхалагічна глыбокіх твораў. Плакатнасць тагачаснай літаратуры яго асабіста эстэтычна абражала, а таму ў апавяданнях і аповесцях стараўся як мог стварыць нешта адметнае і па-мастацку незвычайнае, хоць гэта і злавала дагматычных крытыкаў.

У аповесці «Вінаваты» ён перадаў праўдзівы вобраз савецкай сістэмы. Ад галоўнага героя, былога савецкага чыноўніка, падчас чысткі адвярнуліся таварышы, ён стаў нікому непатрэбны, яму не вераць, ён непрыкаяным бесхацінцам бадзяецца па непрытульнай Беларусі і сутыкаецца з халоднай абыякавасцю. Тут Галавач адзін з першых паказаў, як лёгка савецкая сістэма выкідае і пазбываецца непатрэбных ёй людзей, як адзін асобна ўзяты чалавек нічога не варты і не здольны даказаць відавочную невінаватасць.

Класічны твор «Спалох на загонах» нават і пасля шматлікіх перапісванняў і рэдакцый не перастае здзіўляць.

Гэта, ізноў жа, адзін з першых яркіх беларускіх твораў, які паказвае непрыняцце сялянамі калектывізацыі. Ніякімі спосабамі немагчыма ім давесці, што калгасы — гэта паратунак. Аповесць працята амаль апакаліптычным адчуваннем паразы. Прытым не сялян, а галоўнага героя, які ўсімі сіламі хоча стварыць калгасны рай.

У апошніх абзацах твора Галавач малюе жудасную смерць гэтага персанажа. Ён знаходзіцца адзін на полі. Раптам з’яўляюцца маўклівай змрочнай хмарай сялянкі, узброеныя рознымі сельскагаспадарчымі прыладамі. Яны марудна набліжаюцца, акружаюць сваю ахвяру і з такой жа страшнай маўклівасцю забіваюць, фактычна змешваюць з зямлёй, а разам з тым хаваюць усялякія спадзяванні, што хоць калі-небудзь прымуць для сябе калгасы.

І, што самае цікавае, калі чытаеш гэту сцэну, адчуваеш, што Платон Галавач не асуджае сялянак. Ён з жорсткім фаталізмам паказвае, што калгас і сяляне — рэчы несумяшчальныя, і спроба іх спалучыць можа прывесці толькі да вялікай трагедыі.

Дзіўна, але Галавача абмінулі першыя дзве хвалі рэпрэсій (1930 і 1933 гг.). Не арыштавалі яго і ў 1936-м. Узялі пісьменніка толькі праз год. Катавалі так, што Станіслаў Шушкевіч, калі выпадкова пабачыўся з ім у турэмным калідоры, не адразу пазнаў.

Яго дзіўныя творы цяжка назваць да канца рэалістычнымі. Фрагментарнасць і не зусім стройная кампазіцыя надае ім нават пэўную мадэрновасць, нервовую няўстойлівасць, якая выдатна адпавядае таму востраму настрою, у якім жыў аўтар і яго сучаснікі.

Галавач моцны не стылем, а настроем, пачуццём вечнай тугі — прадчуваннем хуткага канца, ад якога не застрахаваныя не толькі галоўныя героі, але і іх каты. Пісьменніка захапляла, напрыклад, што ў фінале навелаў Мапасана «беспрасветны адчай..., глыбокі песімізм», а ў творах Скрыгана «гучыць то ледзь улоўна, то больш моцна тужлівая нота. ...элемент трагічнага». А найлепшай навелай Васіля Каваля называў «Нянавісць» (1936 г.), бо там хвалюе «Незвычайны трагізм, якім насычаны змест... Уражанне пасіляецца тым, што страляе ў бацьку сын».

Платон Галавач не ўмеў маніць, не умеў прыстасоўвацца. Заставаўся шчырым, як у творчасці, так і ў паўсядзённасці. Не хаваў сваіх поглядаў. Яго дзівоснаму нежаданню мімікрыраваць, гордаму адстойванню ўласнай годнасці можна і трэба вучыцца цяпер.

Такія, як Платон Галавач, — рэдкасць у нашай літаратуры.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.