Вы тут

Валянціна Локун: паказальнік зробленага


Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага падрыхтавала да выдання біябібліяграфічны паказальнік, прысвечаны творчасці літаратурнага крытыка Валянціны Іванаўны Локун (1946—2016).


Гэтага дзейснага, працавітага даследчыка сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі добра ведалі чытачы «Літаратуры і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Роднае слова» і «Нёман» на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Пачаўшы выступаць у друку ў 1973 годзе, калі ёй было ўжо амаль трыццаць гадоў, Валянціна Іванаўна паспела зрабіць неймаверна шмат у літаратурнай крытыцы, беларускім літаратуразнаўстве. Абараніла кандыдацкую дысертацыю «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы (на матэрыяле творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава)». У 1998 годзе была прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў (з 2006 — член Саюза пісьменнікаў Беларусі).

Зусім не выпадковым падаецца тое, што першыя артыкулы В. Локун былі прысвечаны людзям з няпростай біяграфіяй у частцы драматычных выпрабаванняў — Юліусу Фучыку, Мікалаю Астроўскаму, Уладзіславу Цітову. Сапраўды трывалае плячо пачынаючаму крытыку ў свой час падставіла мясцовая газета «Полесская правда». З канца 1970-х гадоў В. Локун друкуецца з рэцэнзіямі і артыкуламі ў «Літаратуры і мастацтве», «Нёмане», «Полымі». Паказальнік, дбайна ўкладзены супрацоўніцай Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага В. Гарбачэўскай, уражвае сваёй грунтоўнасцю. Выданне — красамоўны расповед пра зробленае, здзейсненае Валянцінай Іванаўнай Локун. Чалавек ціхі, някідкі трываласцю свайго лёсу, памкненнямі змагання за жыццё (з юных гадоў яна хварэла міяпатыяй, якая паступова давяла да атрафіравання мышцаў), сумленнай працай у беларускім літаратуразнаўстве заслугоўвае таго, каб адна з вуліц прыгожага і любімага ёй Пінска насіла яе імя. А паказальніку як пажаданне ў дарогу — хутчэй пабачыць свет, хутчэй знайсці свайго чытача.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?