Вы тут

Ці ёсць сэнс адмяняць мараторый на праверкі?


ФПБ плануе ўзняць пытанне мэтазгоднасці існавання мараторыя на праверкі кантрольных і наглядных органаў у існуючым выглядзе, які сёлета «адзначыць» сваё 10-годдзе. А ўся справа ў росце вытворчага траўматызму...


Што змянілася?

Сапраўды, Указ № 510, які пачаў дзейнічаць з 2009 года, на той момант дазволіў наймальнікам дыхаць лягчэй: ён гарантаваў адсутнасць неспадзяваных праверак з боку розных кантрольных органаў і, як вынік, — штрафных санкцый, якія маглі б пагоршыць фінансавы стан прадпрыемства. Дакументам прадугледжвалася, што пастукаць у дзверы з праверкай кантралёры могуць толькі праз пэўны тэрмін (звычайна, не раней чым праз 3—5 гадоў ад папярэдняга візіту) і ўсе разам, а не паасобку. Каардынаваць работу даручылі дзяржкантролю. План наведванняў фарміраваўся загадзя і вывешваўся ў агульным доступе. Здаецца, мара бізнес-супольнасці нарэшце ўвасобілася ў жыццё і палохацца больш няма чаго, калі працаваць сумленна і выконваць усё згодна з літарай закона. На той момант навацыю многія прынялі з вялікім задавальненнем, але былі і прагматыкі, якія сцвярджалі, маўляў, пачакайце — ягадкі яшчэ будуць... Няўжо, не адчуваючы бізуна ў выглядзе прыходу, скажам, супрацоўнікаў з МНС ці Дэпартамента дзяржінспекцыі працы і верагоднага штрафу за невыкананне нормаў па ахове працы або супрацьпажарнай бяспецы, кожны наймальнік будзе добрасумленна сачыць за выкананнем усіх правілаў? Сумнеўна, праўда?! Галоўнае ж на любым прадпрыемстве што? Правільна — прыбытак! Эканоміка дыктуе дырэктарам жыць з уключаным калькулятарам у галаве 24/7. А на нейкія дробязі ў выглядзе неправераных драбіны ці вогнетушыцеля можна пакуль не звяртаць увагі...

І вось ягадкі саспелі. І праявіліся ў росце колькасці пажараў і вытворчым траўматызме. Да апошняга прыгледзімся больш уважліва.

Часцей гінуць дасведчаныя...

Галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Павел МАНЬКО звяртае ўвагу на лічбы:

— Па звестках Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы і сацыяльнай абароны, летась у арганізацыях краіны ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 144 работнікі, 700 чалавек атрымалі цяжкія траўмы. У 2017-м лічбы былі меншыя: 115 і 593, адпаведна, — кажа ён. — Пагадзіцеся, плюс 29 загінулых — гэта зашмат...

Далі рост усе рэгіёны без выключэння. Больш падрабязна з данымі можна пазнаёміцца з нашай інфаграфікі.

Трэба адзначыць, што 24 лятальныя выпадкі на рабоце адбыліся, калі іх ахвяры былі пад чаркай і ў такім жа стане былі 35 чалавек з цяжкатраўмаваных.

Сумнае лідарства традыцыйна ўтрымліваюць такія галіны, як цяжкая прамысловасць, будаўніцтва, транспарт і сельская гаспадарка. На іх прыпадае крыху больш за 90 % ад усіх астатніх галін дзейнасці. Небяспека тоіцца падчас выканання вясенне-палявых работ і ўборачнай кампаніі, рамонту транспартных сродкаў і сезона актыўнага будаўніцтва. У кожнай з гэтых галін ёсць свае праблемы: гэта і зношанасць асноўных сродкаў, несвоечасовае забеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны, невыкарыстанне іх самімі работнікамі, цяжкасць у правядзенні перыядычнага кантролю, несвоечасовая выплата заробкаў, нястача сродкаў і гэтак далей.

Цікава, але факт: найбольш траўманебяспечныя дні — панядзелак і пятніца. На кожны з іх прыпадае амаль па 19 % усіх выпадкаў.

Яшчэ адна асаблівасць: траўмуюцца і гінуць не маладыя і зялёныя, а вопытныя, з вялікім стажам работнікі. Згодна з аналізам, праведзеным ФПБ, амаль палова цяжка траўмаваных была ва ўзросце 46—60 гадоў, без малога 30 % — мелі стаж ад 21 да 30 гадоў. Чаму ўсё ж такі няшчасны выпадак здарыўся? Суразмоўнік лічыць, што пачуццё страху ў такога работніка ўжо прытупляецца і інстынкт самазахавання не спрацоўвае, бо даўні тэхналагічны працэс ён выконваў кожны дзень і можа гэта зрабіць нават «з заплюшчанымі вачамі». Вынік такой упэўненасці доўга чакаць не даводзіцца.

— Зразумела, побач з кожным наглядчыкам не паставіш і не звядзеш сумную статыстыку да нуля: на вытворчасці як гінулі, так і будуць гінуць, але наша задача — максімальна садзейнічаць таму, каб колькасць няшчасных выпадкаў памяншалася год ад году, — кажа тэхінспектар.

Інстытут грамадскіх інспектараў працы

Адной з прычын росту вытворчага траўматызму Павел Манько называе гонку прадукцыйнасці.

— Пры гэтым вялікую ўвагу аддаём колькасці прадукцыі, а забываем аб работніку, яго ўмовах працы. Сказваюцца стомленасць, эмацыянальная напружанасць, манатоннасць і ў той жа час складанасць працы, — упэўнены ён.

Што рабіць? Быць больш пільнымі: і работнікам, і наймальнікам, і тым, хто можа яшчэ ўплываць на сітуацыю з аховай працы. Так, з вядзеннем мараторыя на планавыя праверкі 10 гадоў таму, кантрольным і наглядным органам вобразна паказалі на дзверы. Толькі прафсаюзы яшчэ могуць бесперашкодна трапляць на прадпрыемства з мэтай правядзення маніторынгаў, у тым ліку за станам аховы працы. Але трэба ўлічваць той факт, што прафілактыка і вобразны бізун — рэчы розныя. Задача прафсаюзнага грамадскага кантролю — дапамагаць у пошуку недахопаў і падказваць наймальніку, як выправіць хібы, каб на вытворчасці не дайшло да трагедыі.

Менавіта таму з 1 мая ў краіне пачаў дзейнічаць інстытут грамадскіх інспектараў працы. Гаворка аб тым, што ва ўсіх раённых і гарадскіх аб'яднаннях прафсаюзаў на грамадскіх пачатках пачалі працаваць дасведчаныя ў пытаннях аховы працы людзі. З пачатку лета яны пачнуць актыўна працаваць на месцах.

Але ёсць адно важкае АЛЕ, і завецца яно падменай паняццяў. На грамадскі кантроль нельга перакладваць цяжар адказнасці за стан па ахове працы. І вось тут варта зноў прыгадаць вобразны бізун, аб якім ужо неаднаразова казалі. Суразмоўнік упэўнены: з адменай планавых праверак наймальнікі расслабіліся, бо колькі ні падказвай, але калі пакаралі рублём — даходзіць лепей.

— Задача прафсаюзаў — праводзіць прафілактыку вытворчага траўматызму, а вось кантраляваць павінны тыя, хто мае карныя паўнамоцтвы, — упэўнены ён.

Ініцыятыва ФПБ выглядае даволі лагічнай: даць магчымасць праводзіць пазапланавыя праверкі не ўсім кантрольна-надзорным органам, а толькі Дэпартаменту дзяржінспекцыі працы і МНС (бо ратавальнікі адказваюць за электрабяспеку), прыпыніўшы ў гэтым пункце дзеянне мараторыя.

Замест пасляслоўя

Так, рост вытворчага траўматызму амаль на 20 % — гэта жахліва, і ў барацьбе за жыццё і здароўе людзей будуць прыдатныя ўсе сродкі. Але гаворка будзе няпоўнай, калі не закрануць яшчэ адну лічбу статыстыкі, што датычыцца смерцяў на рабочых месцах. Вышэй мы казалі аб звязаных з вытворчасцю і аформленых актамі формы Н-1. Між іншым, ёсць і тыя, што пайшлі на работу і... не вярнуліся. Кажучы сухой мовай, памерлі ад натуральных прычын.

Па словах Паўла Манько, летась 598 чалавек памерлі на рабоце, 400 з якіх — з-за стану свайго здароўя. Чаму лічба такая вялікая? Спецыялісты лічаць, што многія работнікі стараюцца не раскрываць наймальнікам сваіх дыягназаў, каб не страціць работу. Іншая справа, што ў 93 % памерлых на рабоце былі ў наяўнасці медыцынскія прафагляды. Але гэта ўжо пытанне да якасці іх правядзення і зусім іншая, як кажуць, гісторыя...

Толькі лічбы

У 2018 годзе адбылося 40 групавых няшчасных выпадкаў, у выніку якіх пацярпелі 105 чалавек, з якіх 15 чалавек загінулі і 28 атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы. У параўнанні з 2017-м колькасць смяротна траўмаваных вырасла амаль у 1,7 раза, а пацярпелых, што атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы, паменшылася амаль у 1,5 раза.

У 2017 годзе абдылося 36 групавых няшчасных выпадкаў, у выніку якіх пацярпелі 108 работнікаў, у тым ліку 9 чалавек загінулі і 36 атрымалі цяжкія траўмы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Даражэй за жыццё няма нічога...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.