Вы тут

«Мы вам самі ўсё пакажам!»


Сатырычная трагікамедыя Эльдара Разанава нарадзілася наўпрост з жыцця — пасля таго, як рэжысёр сам пабываў на сходзе гаражнага кааператыва супрацоўнікаў студыі «Масфільм». Замест паўгадзіны рэжысёр правёў на сходзе практычна суткі і вярнуўся дадому ў шоку ад убачанага і пачутага. І хоць, безумоўна, НДІ па абароне жывёл ад навакольнага асяроддзя — зусім не тое самае, што творчае кола кінематаграфістаў, але ператварэнне быццам бы інтэлігентных, выхаваных, даўно знаёмых паміж сабой людзей у баязлівую і бессаромную «зграю таварышаў», гатовых зрабіць подласць дзеля машына-месца, — відовішча не для слабых нерваў. А ў Разанава яно атрымалася да таго ж настолькі вострым і пазнавальным, што фільм мог наогул не выйсці на экраны.


Так, яшчэ на стадыі ўзгаднення сцэнарыя пільныя цэнзары павыкрэслівалі мноства рэмарак Эміля Брагінскага і Эльдара Разанава — у прыватнасці, загадалі прыбраць пасаж пра намесніка старшыні кааператыва — «шэрага кардынала, які насамрэч галоўнейшы за кіраўніка» (бо менавіта «шэрым кардыналам» у той час у партыйных колах называлі Міхаіла Суслава). У гатовым фільме высокае кіраўніцтва раззлаваў дыялог пра вучоных, якіх адправілі перабіраць бульбу ў калгас, і візітоўку, якую пакінуў у кожным мяху іхні кіраўнік... Выратаваў карціну толькі збег абставін: якраз напярэдадні здачы на пленуме ЦК КПСС Брэжнеў патрабаваў бязлітасна крытыкаваць хібы грамадства. І атрымалася, што «Гараж» гэтым заклікам якраз адпавядае. Але ўсё адно рэжысёру адпомсцілі — прэм'еру не пусцілі ў цэнтральныя кінатэатры, каб афішы не мазолілі вочы ўздоўж урадавай трасы. Тым не менш «Гараж» толькі ў першы год паглядзела больш за 28,5 мільёна чалавек, а цытаты з фільма пайшлі ў народ — пэўная прыкмета поспеху.

У якасці дэкарацый быў выбраны заалагічны музей, што дазволіла разнастаіць дзею, якая цягам 1,5 гадзіны адбываецца ў замкнутай прасторы з удзелам адных і тых жа персанажаў.

Здымкі доўжыліся менш як месяц (толькі на гэты тэрмін рэжысёр, уключыўшы ўсе сувязі і асабістае абаянне, адпрасіў з тэатраў на здымкі найлепшых акцёраў). А каб яшчэ паскорыць працэс, кожную сцэну фіксавалі адначасова тры камеры з розных ракурсаў, а падчас мантажу пакідалі самыя ўдалыя фрагменты.

Не ўдалося ўключыць у акцёрскі ансамбль толькі Аляксандра Шырвінта. І зноў жа спрацаваў збег абставін: у суседнім павільёне ў гэты час здымаўся Валянцін Гафт, яму прапанавалі ролю — і ён не толькі бліскуча сыграў, але і сустрэў на здымачнай пляцоўцы свой лёс, будучую жонку Вольгу Астраумаву.

Як і ў іншых сваіх фільмах, Разанаў сыграў тут у эпізодзе — начальніка аддзела насякомых, які праспаў увесь сход, а таму выцягнуў нешчаслівае жэрабя выключэння з кааператыва.

«Мне б вельмі хацелася, каб «Гараж» састарэў як мага хутчэй, — прызнаваўся рэжысёр, — але, на жаль, ён дагэтуль застаецца люстэркам нашага непрывабнага жыцця...» Паглядзецца наноў у гэта люстэрка можна на канале «МІР» 17 і 18 мая — і, дай бог, не пабачыць сябе...

Сказана!

  • «У час здрадзіць — гэта не здрадзіць, гэта прадбачыць».
  • «Залаты мой, што, што, а права вы маеце».
  • «Таварышы, у мяне ўжо курыца пацякла!»
  • «Законным шляхам ісці можна — дайсці цяжка».
  • «Ён ляжыць у знак пратэсту!»
  • «Як ветэрынар, я абяцаю вам, пражэрлівы мой, заварот кішак».
  • «Чалавек — гэта таксама жывёла, яго таксама трэба ахоўваць. — Ад каго? — Чалавека трэба ахоўваць ад чалавека».
  • «Не чапайце макаку суматранскага! Гэта ж адзіны экзэмпляр у нас у краіне!»
  • «Спаць на стале прэзідыума маюць права толькі члены кааператыва».
  • «Серабрысты журавель — птушка цёмная, яна газет не чытае і таму не мае ўяўлення, наша яна ці капіталістычная».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».