Вы тут

Унікальная выстаўка «Салдацкая ежа на фоне стагоддзяў»


Калекцыянер Генадзь Дубінін збірае ўсё тое, што звязана з салдацкай ежай: ад лыжак да кацялкоў і пляшак. Самыя рарытэтныя экспанаты выраблены ў ХІХ стагоддзі. Экспазіцыя стала цудоўным падарункам напярэдадні святкавання Дня Перамогі і для ветэранаў Вялікай Айчыннай. Яны могуць не толькі ўбачыць, але і нават патрымаць у руках тое, што выкарыстоўвалі для ежы падчас вайны.


На выстаўцы "Салдацкая ежа на фоне стагоддзяў"

Усяго на выстаўцы каля ста экспанатаў з розных краін і стагоддзяў. Напрыклад, з Японіі, Швейцарыі, Швецыі, Германіі і іншых. Сярод іх і два ў адным: лыжка-відэлец!

Збіральнік — былы выкладчык гісторыі. Генадзь Дубінін мае ў сваёй калекцыі розныя рарытэты. У прыватнасці, у музеі другі па ліку яго збор. У канцы мінулага года тут прэзентавалі вельмі цікавую выстаўку, прысвечаную сапёрнай рыдлёўцы.

Калекцыянер расказаў, што цікавы экспанат можна купіць не толькі на інтэрнэт-аўкцыёнах, але і на рынку...

Дарэчы, ён упэўнены, што такія экспанаты, як салдацкія лыжкі і іншае, толькі на першы погляд параўнальна «дробныя» і для гісторыкаў нецікавыя. Вывучаючы іх, можна многае зразумець пра вайну. Між іншым, па надпісах на лыжках можна высветліць, каму яны належалі. Па ініцыялах на посудзе нават можна знайсці інфармацыю, дзе ваяваў уладальнік, у якім падраздзяленні. Гэта вельмі дарэчы, калі няма ніякіх іншых дакументаў. Здаралася, так не раз ідэнтыфікавалі ўладальніка посуду.

А нават тое, з чаго зроблены «аксесуары для трапезы», можа даць уяўленне аб стане арміі, эканоміцы краіны, якая ваюе, і нават аб прагрэсе ў навуцы. У прыватнасці, толькі пры Пятру І у расійскай арміі ўвялі нормы харчавання. А, напрыклад, Напалеон Банапарт паабяцаў заплаціць 12 тысяч франкаў таму, хто прыдумае спосаб кансервавання ежы. І гэта зрабіў Нікаля Франсуа Апер.

Цікава, што сёлета — 210-гадовы юбілей кансервавання як метаду захоўвання ежы. Напачатку кансервы знаходзіліся ў бутэльках з тоўстага шкла, вельмі падобных на тару з-пад шампанскага. Напалеон дараваў вынаходніку тытул — «Збавіцель чалавецтва». А вось класічныя бляшанкі прыдумалі ў Англіі.

Напалеон ІІІ ганарыўся ўнікальнай лыжкай і іншым посудам, зробленым з... алюмінію. Ён выкарыстоўваў яго выключна падчас урачыстых мерапрыемстваў. Так і было: алюміній на стале — толькі ў першых асоб Францыі, багацеяў, пакуль не прыдумалі, як масава вырабляць з гэтага лёгкага металу посуд для арміі.

Толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя прыдумалі перасоўныя палявыя кухні. Тады ж вайскоўцаў пачалі забяспечваць кацялкамі.

Вельмі здзіўляюцца наведвальнікі, калі бачаць савецкія шкляныя пляшкі ваеннага часу. Металу ў пачатку Вялікай Айчыннай не хапала, вось і знайшлі просты спосаб рабіць ёмістасць для вадкасцяў. А тое, што такія пляшкі маглі разбіцца, кампенсавала лёгкасць іх вырабу на любым заводзе, дзе робяць посуд. Дарэчы, і немцы выкарыстоўвалі для аналагічных мэт шкло.

Між іншым, нярэдка краіны-праціўніцы не грэбавалі капіраваць кацялкі, лыжкі і іншае.

Дырэктар музея Ірына Шышкова адзначыла, што выстаўка будзе працаваць да канца чэрвеня. Розныя крэатыўныя экспазіцыі і мерапрыемствы будуць праводзіцца і надалей. У прыватнасці, ёсць ідэя пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй, бадай, самай вядомай салдацкай ежы — тушонкі.

І безумоўна, будзе цікава даведацца пра тое, які алкаголь выдавалі байцам і ў якой колькасці. Пра франтавыя 100 грамаў ведаюць усе. А вось пра дробязі, бадай, — толькі ветэраны ды гісторыкі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: І шкляныя... армейскія пляшкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?