Вы тут

Білет замест візы


Упершыню іншаземцы з білетамі на фэст «Славянскі базар у Віцебску» могуць прыехаць у Беларусь без віз.


Пра цікавую навіну расказаў журналістам кіраўнік дырэкцыі фестывалю Глеб Лапіцкі. На яго думку, у першую чаргу гэта будзе вельмі цікава жыхарам прыгранічча ЕС. Напрыклад, Латвіі, Літвы, з якімі Віцебская вобласць мяжуе. У Прыбалтыцы білеты купляюць у анлайн-рэжыме за еўра. Дарэчы, можна набыць білеты на ўсе канцэрты.

Галоўнае, параіў Глеб Лапіцкі, правільна запоўніць адпаведную інфармацыю пры пакупцы, каб не было праблем з пагранічнай службай.

У дырэкцыі самага вядомага фестывалю на прасторах былога СССР адзначылі, што білеты сёлета купляюць больш актыўна, чым летась. Каб павысіць продаж оптам, вырашылі стымуляваць бонусамі. Напрыклад, пры пакупцы больш чым за 150 білетаў — 15 %-ная зніжка. І гэта практычна на ўсе канцэрты. У тым ліку і ў Летнім амфітэатры — на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы «Базару».

XXVІІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета пройдзе з 8 да 17 ліпеня. Цырымонія ганаровага адкрыцця адбудзецца 11 ліпеня, закрыцця — 15-га. Як заўсёды, гледачоў чакаюць шматлікія сюрпрызы.

Напрыклад, каб фэст можна было ўбачыць бясплатна, стане больш прадстаўленняў, канцэртаў пад адкрытым небам. Сёлета такім месцам стане плошча Перамогі. Дарэчы, і раней яна не пуставала на фестывалі, але сёлета тут будзе цесна з-за ахвотных пачуць і ўбачыць сваіх куміраў.

Што датычыцца канцэртаў адкрыцця і закрыцця «Славянскага базару», Глеб Лапіцкі адзначыў, што іх «напаўненне» будзе прынцыпова адрознівацца. Першы — больш «афіцыйны». Падчас яго шмат кампазіцый будзе прысвечана тэмам малой радзімы ў Беларусі, шлюбу, сямейным каштоўнасцям і гэтак далей.

А фінішны канцэрт адбудзецца з удзелам мноства выканаўцаў, якія набіраюць папулярнасць. Пры гэтым годна падзеляцца майстэрствам зоркі першай велічыні. У прыватнасці, спецыяльным госцем стане народная артыстка СССР Сафія Ратару.

Як заўсёды, у цэнтры ўвагі дарослы і дзіцячы конкурсы фестывалю. Сёлета ўпершыню тут выступяць прадстаўнікі КНР, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі.

Арганізатары імкнуцца, каб фестываль стаў запатрабаваным людзьмі розных узростаў і музычных інтарэсаў. Таму на фэсце можна будзе атрымаць асалоду ад розных жанраў: ад шансона да джаза. Сумна не будзе нікому, паабяцалі ў дырэкцыі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?