Вы тут

Як з рускай мовы перакласці на беларускую выраз «его уже нет в живых»?


«Я з задавальненнем чытаю беларускія кніжкі, а вось з газетамі ўжо цяжэй. Досыць часта вочы рэжуць то злучнік «так як», то фразы накшталт «у вобласці медыцыны», — піша спадарыня Т. Марозік.

Яна ж цікавіцца, як з рускай мовы перакласці на беларускую выраз «его уже нет в живых»?

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


  • 1. Злучніка так як у беларускай літаратурнай мове і сапраўды няма. Замест яго ўжываюцца таму што, бо, паколькі. Напрыклад: не з'явіўся, таму што быў у камандзіроўцы; уцяклі, бо спужаліся вартаўніка; завод часова нічога не выпускаў, паколькі яго эвакуявалі.
  • 2. Раз-пораз у сродках масавай інфармацыі сустракаюцца і фразы накшталт спецыяліст у вобласці мовазнаўства, праблемы ў вобласці адукацыі. Аднак ужыванне слова вобласць у гэтых выпадках не адпавядае нормам мовы: па-беларуску правільна скарыстацца сінонімамі галіна, сфера. Напрыклад: спецыяліст у сферы этнаастраноміі, супрацоўніцтва краін у галіне эканомікі.
  • 3. У выпадку з перакладам рускага (быть) в живых шмат каму і сапраўды здаецца, што пытання тут няма: быў у жывых, няма ў жывых трэба казаць ды пісаць і па-беларуску, што зусім не так. Рускаму в живых у беларускай мове адпавядае кампанент у жыцці. Прыклады ўжывання гэтага выразу ёсць у кнізе вядомага айчыннага мовазнаўца Фёдара Янкоўскага «Беларуская фразеалогія»: «Покуль буду ў жыцці — не забудуся на тое»; у аповесці Васіля Быкава «Сцюжа»: «Але каго ўжо вінаваціць, калі абодвух начальнікаў няма ў жыцці...» і г. д.

Цікава адзначыць, што ў падобным выразе не прыметнік, як у рускай мове, а назоўнік выкарыстоўваўся і ў старабеларускай мове. Праўда, тады гэта было яшчэ не жыццё, а животъ. Напрыклад: «Короля Казимира Кроковского в животь не стало. И сынов в него не было».

У абарону слоў

Апошнім часам у няміласць нярэдка трапляе слова аказацца. Палічыўшы недастаткова беларускім, яго імкнуцца замяніць, прытым досыць груба: замест аказацца кажуць і пішуць апынуцца. І тады мы атрымліваем нягеглыя фразы накшталт «чалавек, які ішоў насустрач, апынуўся яе аднакурснікам».

Рабіць падобныя замены, вядома ж, не варта. Слова аказацца (у значэнні «з'явіцца ў сапраўднасці кім-небудзь» або ў безасабовай форме аказалася — «выявілася» і г. д.) выкарыстоўваецца ў беларускай мове досыць даўно. Сярод тых, хто ўжываў яго яшчэ ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, такія пісьменнікі і знаўцы мовы, як Карусь Каганец, Якуб Колас, Вацлаў Ластоўскі. Вось, напрыклад, сказ з твора Якуба Коласа «Дзяліцьба» (1911): «Аказалася, што бой быў у хаце, і Сымон прыпёр Міколу ў куток».

Такім чынам, у сучасныя слоўнікі гэты дзеяслоў у такім значэнні трапіў зусім правамерна і не трэба нам асцерагацца яго ўжывання.

Загаловак у газеце: Апынуцца побач... І не аказацца?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».