Вы тут

«Звязда» пабывала на фестывалі армейскай песні


«Як дзеці ў полымі крычалі, і дагэтуль не змоўк іх крык», спявала Юлія ЦЯРЭШКА, інжынер-тэхнолаг з 558-га Авіяцыйнага рамонтнага завода... «І панамкі на вадзе, быццам белыя гарлачыкі», працягвала Міхайліна СВЯСЮК, школьніца з Мікашэвіч, за спінай якой на экране мільгацелі кадры з падарванага карабля, на якім эвакуяваліся выхаванцы дзіцячага садка... «Трэба верыць, любіць, жыць па праўдзе», заклікалі артысты з 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра... «Гэта ўсё маё роднае, гэта тое, што не адняць», у песні расказвала Сафія РУСТАМАВА, школьніца з Брэста... Пра жахі вайны і катаванні ворагаў, любоў да Беларусі і прыгажосць роднага краю спявалі пераможцы ХХІІ тэлевізійнага фестывалю армейскай песні «Зорка». Шчырасць, прыгажосць і натхняльная моц іх выканання прабіралі да дрыжыкаў, да слёз...


Памяць пра сваякоў і любоў да Беларусі

Розных узростаў, з музычнай адукацыяй і без яе найлепшыя ўдзельнікі конкурсу з усіх куткоў краіны аднолькава прафесійна перадалі праз словы і эмоцыі атмасферу часоў ваеннага ліхалецця і любоў да роднай зямлі.

— Нашы з вамі справы, учынкі, творчасць даюць людзям магчымасць вярнуцца ў тыя трагічныя і адначасова гераічныя дні. Яшчэ раз нагадаць гісторыю, а тым, хто яе не ведаў, падказаць, што трэба вярнуцца, азірнуцца, зрабіць пэўныя высновы. Усе вы сваёй творчасцю робіце вялікую справу, — адзначыў, узнагароджваючы пераможцаў, палкоўнік Леанід КАСІНСКІ, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах.

Абіралі найлепшых у чатырох намінацыях, у кожнай з якіх вызначылі па тры прызавыя месцы. Пераможцамі сталі таксама тры лаўрэаты спецыяльнай прэміі і ўладальнік гран-пры фестывалю.

— Канкурсантаў ацэньвалі за выканаўчае майстэрства, падачу нумару, артыстызм, паўнату раскрыцця тэмы, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказаў палкоўнік Мікалай ЖЛОБІЧ, начальнік аддзела сацыякультурнай дзейнасці Міністэрства абароны. — Фестываль карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Канкурсанты не проста спяваюць пра вайну, а робяць гэта з разуменнем, з памяццю пра сваякоў, якіх шануюць у іх сем'ях.

Адпачываць на рабоце душой

Амаль у кожнага з выступоўцаў нехта з родных удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Напрыклад, дзядуля старшага лейтэнанта Аліны ЧЫЖОВАЙ, старшага памочніка начальніка штаба па кадрах і страявой часці 197-га асобнага батальёна 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра (АВЦ), ветэран вайны, ганаровы жыхар Смаленска. А бабуля Ганны ДЗЯМКО, начальніка лазні ўзвода матэрыяльнага забеспячэння 495-га асобнага батальёна 72-га АВЦ у вайну партызаніла. Абедзве артысткі разам з радавымі Ільёй БУСЛАМ і Аляксеем ДАВЫДАВЫМ — удзельнікі ансамбля 72-га АВЦ. Яны занялі другое месца ў намінацыі «Вакальныя групы і ансамблі».

У творчай суполцы, што на конкурсе выканала песню «А досвіткі тут ціхія», літаральна за тыдзень да выступлення Аліна Чыжова замяніла адну з артыстак.

— Нам усім проста падабаецца спяваць, — кажа Ганна Дзямко. — І хоць шмат хатніх спраў, у мяне трое дзяцей, мы знаходзім час адпачыць душой на рабоце.

— Па спецыяльнасці я дырыжор і артыст хора, настаўнік музыкі, — кажа Ілья Бусел, адзіны ўдзельнік ансамбля з музычнай адукацыяй. — Таму з задавальненнем скарыстаўся магчымасцю паказаць свае здольнасці. І пасля службы працягну выступаць.

Яшчэ адзін удзельнік калектыву 72-га АВЦ Аляксей Давыдаў да службы захапляўся танцамі. У магілёўскім прафесійным ліцэі пачаў спяваць. Кажа, у армію ішоў ужо з жаданнем працягваць там гэты занятак.

Патрыятызм і творчасць

Для многіх выканаўцаў сёлетнія ўзнагароды былі жаданай прыступкай на творчай лесвіцы іх ваеннай службы.

Юлія Цярэшка, пераможца намінацыі «Выканаўцы армейскай песні», прызнаецца, што, рыхтуючыся да конкурсу, часта не магла стрымаць слёз, пакуль выконвала песню «Званы Хатыні». Спяваць яна пачала з ранняга дзяцінства:

— У чатыры гады мама дала мне мікрафон і сказала «спявай». Я скончыла музычную школу, паступіла ў авіяцыйны ўніверсітэт, і песня стала хобі, а інжынерыя — прафесіяй. Упершыню ўдзельнічала яшчэ ў ХІV фестывалі. За дзевяць наступных гадоў я ўдзельнічала ў конкурсе яшчэ пяць разоў, і сёлетняе выступленне нарэшце стала пераможным. Дагэтуль не магу паверыць, бо вельмі доўга ішла да перамогі.

Мікалай НАВУМЕНКАЎ, радавы, курсант 4-га курса авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі, заняў другое месца ў намінацыі «Аўтары-выканаўцы» за ўласны твор «Малая Радзіма».

— Пачаў пісаць песні ў 2015-м, калі мы праходзілі курс маладога байца. Мяне натхніла на гэта рамантыка ваеннай службы і любоў да неба. На першым, другім курсе ўдзельнічаў у конкурсе ў складзе ансамбляў. На трэцім — выступаў проста як удзельнік гала-канцэрта. І вось нарэшце з уласнай сольнай кампазіцыяй заняў прызавое месца, — расказвае хлопец.

У намінацыі «Выканаўцы ваенна-патрыятычнай песні» першую прэмію атрымала Паліна БАДЗЕЕВА, хормайстар Ваеннай акадэміі з песняй «Прызнанне». У творы дзяўчына выказала любоў да Беларусі:

— Такі прэстыжны конкурс, як «Зорка», — гэта для мяне новая прыступка. Я вучу служачых і ўдзельнічаю ў канцэртах. А нацыянальны строй і беларуская песня застаюцца поруч са мной.

Як кажуць арганізатары конкурсу, у ім могуць удзельнічаць усе ахвотныя, а сам фестываль павышае патрыятычны настрой, падтрымлівае імкненне маладых людзей ісці ў армію, абараняць Айчыну, і вядома, дае магчымасць паказаць свой талент.

Тэлеверсію гала-канцэрта можна будзе ўбачыць 3 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 3».

Ірына СІДАРОК

ФОТА АЎТАРА

Загаловак у газеце: Ваенна-патрыятычнае сузор'е

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.