Вы тут

Як вырашаюць праблему адходаў у садаводчых таварыствах асобна ўзятага раёна


З надыходам цяпла значная частка гараджан пакідае свае кватэры і пераязджае на лецішчы. Асаблівы наплыў зазнае Мінская вобласць — лідар па колькасці дачных участкаў. Разам з дачнікамі за горад «перасяляецца» і смецце. Але ці заўсёды яно трапляе ў патрэбныя кантэйнеры?


Штрафы і размовы — дзейсныя метады?

Каб высветліць гэта, накіроўваемся ў рэйд па садаводчых таварыствах разам з начальнікам Пухавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрыем Кур'яновічам.

— У Пухавіцкім раёне налічваецца 168 садаводчых таварыстваў, гэта 25 тысяч участкаў, — уводзіць у курс справы Юрый Антонавіч. — І з усімі заключаны дагаворы на вываз смецця, існуюць схемы абыходжання з адходамі, узгодненыя з райінспекцыяй. То-бок ёсць неабходныя дакументы, якія рэгламентуюць гэты працэс. Пытанне толькі ў тым, наколькі добрасумленна выконваецца прыродаахоўнае заканадаўства...

Перад пачаткам дачнага сезона (ён цягнецца з 1 мая да 1 лістапада) начальнік інспекцыі разам з мясцовымі ўладамі праводзіць сходы са старшынямі таварыстваў, на якіх абмяркоўваюцца мінулагоднія парушэнні заканадаўства і праблемы, якія трэба вырашыць сёлета. Але кожнае таварыства ўспрымае такую інфармацыю па-рознаму. І шмат у чым гэта залежыць ад старшыні, які арганізуе работу па абыходжанні з адходамі. Калі гэта чалавек з актыўнай пазіцыяй, то і іншых дачнікаў падцягвае.

— Да ўсіх старшынь даводжу інфармацыю: калі ёсць парушэнні ў абыходжанні з адходамі, я не буду бегаць за кожным, а выпішу штраф з разліку — адна базавая велічыня (25 з паловай рублёў) на аднаго дзеючага члена таварыства, — расказвае пра прынцыпы сваёй работы Юрый Кур'яновіч. — Так, калі на адно з таварыстваў у 500 дачнікаў штраф склаў 250 базавых велічынь, грамадзяне пачалі задумвацца, а пасля і змянілі сваё стаўленне да адходаў.

Але ёсць і тыя, хто запэўнівае інспектараў: у заключэнні дагавораў і адпаведна аплаце камунальнай паслугі няма неабходнасці, бо «ўсё смецце вывозіцца ў Мінск». Каб даведацца, ці даязджаюць адходы да сталіцы, варта пасля чарговых выхадных агледзець прыпынкі грамадскага транспарту — менавіта там некаторыя дачнікі і складзіруюць пакеты са смеццем. У дзень нашага рэйду прыпынкі аказаліся чыстыя, але, па словах Юрыя Кур'яновіча, гэта сведчыць толькі пра аператыўнасць работы дарожных службаў, а не пра добрасумленнасць грамадзян. Дарожнікі, дарэчы, часта дапамагаюць выявіць парушальнікаў — калі падчас аб'езду яны сустракаюць людзей, якія выкідаюць смецце на прыпынках, адпраўляюць у інспекцыю іх здымкі.

Смецце ў лесе

Шлях да першых таварыстваў, «Усход-6» і «Веленская журавінка», ляжыць праз лясны масіў. Менавіта там робім першы прыпынак — хтосьці выкінуў пакет з пластыкавымі бутэлькамі, мантажнай пенай, а побач манітор ад камп'ютара.

— Такая звалка абыдзецца парушальніку, калі яго зловяць на гарачым, штрафам у 40 базавых велічынь, — адзначае Юрый Кур'яновіч. — Пры гэтым чалавек, які выкідаў смецце, не падумаў, што значную частку адходаў можна было здаць на перапрацоўку. Не падумаў ён і пра тое, колькі для ліквідацыі гэтай звалкі будзе затрачана чалавечых і фінансавых рэсурсаў!

Сёння, каб злавіць парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, каля садаводчых таварыстваў размяшчаюць фотапасткі. Але і яны, на жаль, з-за сваіх тэхнічных характарыстык і ўмоў мясцовасці не заўсёды дапамагаюць выявіць вінаватых. Добра, калі атрымліваецца зафіксаваць нумар машыны, але калі на фота толькі людзі, шукаць іх больш складана.

Калі ж аматары стварыць звалку знаходзяцца, прынцып «адна базавая» тут ужо не дзейнічае — больш затрачваецца сіл і фінансавых сродкаў на іх пошук. Таму за забруджванне лесу і хмызнякоў грамадзяне могуць атрымаць штраф на суму да 20, за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі — да 50 базавых велічынь.

Нарэшце дабіраемся да садаводчага таварыства «Веленская журавінка». У запоўненых кантэйнерах, якія чакаюць вывазу, знаходзім шмат кардонных скрынак і поліэтыленавай плёнкі.

— Гэта смецце пойдзе на палігон, дзе яго адсартуюць работнікі ЖКГ, — кажа начальнік інспекцыі. — Але ж дачнікі маглі здаць яго асобна і пусціць грошы на добраўпарадкаванне таварыства. Тым больш што часта за здачу вялікіх па аб'ёме кардонных скрынак, неакуратна складзеных у кантэйнер, ім прыходзіцца плаціць амаль як за кантэйнер, поўны смецця.

«Вайбер» для дачнікаў

Пакуль мы пераязджаем да наступнага садаводчага таварыства, Юрый Кур'яновіч разважае пра неабходнасць уключэння сучасных тэхналогій у работу інспектараў:

— У мяне была ідэя стварыць групу ў «Вайберы», каб мець магчымасць хутка дасылаць старшыням таварыстваў паведамленні ці фота парушэнняў больш аператыўна. Сёння ж такое пісьмо можа ісці вельмі доўга — пошта не працуе на дачах, таму пісьмы даводзіцца ці завозіць самому, ці адпраўляць на гарадскія адрасы. Але гэту ідэю не вельмі падтрымліваюць самі старшыні. Пры гэтым праз мабільную сувязь заўсёды ідуць на кантакт.

...У садаводчым таварыстве «Вішнёвы сад» кантэйнеры не перапоўненыя, але там таксама ляжаць ДМР (другасныя матэрыяльныя рэсурсы) побач з будаўнічымі адходамі:

— Добра, што прынеслі іх сюды, а не выкінулі ў хмызняку, — адзначае Юрый Кур'яновіч. — Гэта значыць, што людзі пачынаюць разумець сітуацыю. Стрымлівае жаданне выкінуць смецце ў недазволеным месцы і тое, што тэрыторыі лясных масіваў каля некаторых таварыстваў абнесены сеткай.

Стрэліць у цэль

Нашы наступныя пункты на карце — таварыствы «Гаспадынька» і «Стралок», размешчаныя побач. На ўездзе бачым галіны ад абрэзаных дрэў і гнілыя яблыкі. «Неабходна патэлефанаваць старшыням, каб убралі смецце», — пазначае сабе Юрый Кур'яновіч.

На кантэйнернай пляцоўцы «Гаспадынькі» такая ж карціна, што і ў папярэдніх таварыствах — запоўненыя кантэйнеры, дзе пластыкавыя бутэлькі ляжаць разам з іншымі адходамі. У «Стралка» ж кантэйнерная пляцоўка выглядае зусім па-іншаму — акуратныя кантэйнеры з закрытымі вечкамі, асобны кантэйнер для ДМР, а побач надпіс «Кантэйнеры толькі для бытавых адходаў. Кідаць арганіку забаронена. Хто будзе заўважаны на парушэнні — вываз кантэйнера за кошт парушальніка».

— Работа з адходамі, якая вядзецца ў «Стралку», вартая пераймання, — адзначае Юрый Кур'яновіч. І з ім нельга не пагадзіцца.

А вось для таго, каб у садаводчым таварыстве «Будмаш», якое мы наведваем далей, з'явіліся кантэйнеры, інспектарам давялося доўга «паваяваць».

— Раней смецце выкідалі на месцы былога супрацьпажарнага вадаёма, — кажа Юрый Кур'яновіч. — Часта яго падпальвалі, здараліся і пажары. У 2015 годзе, пасля таго, як на таварыства быў выпісаны штраф у памеры 150 базавых велічынь, грамадзяне пабудавалі кантэйнерную пляцоўку і пачалі працаваць з адходамі.

Заязджаем у адно з самых вялікіх у раёне садаводчых таварыстваў «Маліннікі», дзе зарэгістравана каля 1000 членаў. Тут жа знаходзіцца і адпаведная памерам таварыства кантэйнерная пляцоўка. Дванаццаць кантэйнераў, сярод якіх два для ДМР і адзін для аконнага шкла чакаюць візіту камунальных службаў. Насупраць пляцоўкі бачым ачышчаную тэрыторыю, мабыць, рыхтуюць месца пад дадатковую пляцоўку, разважае Юрый Кур'яновіч. А гэта значыць, што з адходамі тут працуюць сур'ёзна.

Наш рэйд скончаны, але работа ў інспектараў толькі пачынаецца. І чым бліжэй да лета, тым яна будзе больш складанай.

— З кожным годам людзі становяцца ўсё больш свядомымі, але да вырашэння «смеццевай праблемы» трэба прыкласці яшчэ шмат намаганняў як ахоўнікам прыроды, так і самім грамадзянам, — рэзюмуе Юрый Кур'яновіч.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кантэйнер рубель зберажэ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.