Вы тут

Зборная Беларусі па хакеі вярнулася ў эліту


Цяперашні чэмпіянат свету ў І дывізіёне для нашай зборнай склаўся неадназначна. З аднаго боку, каманда Андрэя Сідарэнкі выканала задачу і вярнулася ў элітны дывізіён, але з другога — невыразная гульня ў першым матчы супраць зборнай Літвы і паражэнне ад зборных Казахстана і Паўднёвай Карэі не закрылі ўсіх пытанняў балельшчыкаў і журналістаў.


Галоўны трэнер беларускай зборнай Андрэй Сідарэнка па прылёце ў Мінск адзначыў, што задаволены сваёй камандай, тым, што калектыў выканаў задачу па выхадзе ў эліту ў няпростых умовах і не з наймацнейшым складам, аднак трэнер таксама застаўся не задаволены асобнымі матчамі. «У апошняй гульні мы хацелі паставіць тлустую кропку, але не атрымалася. Нас хапіла толькі на адзін перыяд, таму што эмоцый проста не было, а без іх гуляць немагчыма, — расказвае Андрэй Міхайлавіч. — І летась, дарэчы, зборная Паўднёвай Карэі гуляла ў эліце разам з намі, не забывайце пра гэта. Усе хакеісты адзначалі, што пасля 2015 года не было атмасферы ў камандзе. Кожны цягнуў коўдру на сябе, не было ўзаемаразумення ў трэнерскім штабе, не маглі знайсці агульную мову. Некаторыя хакеісты казалі, што на мінулым чэмпіянаце свету многія хацелі ўзяць баулы і збегчы. І таму я на першай прэс-канферэнцыі казаў, што хачу змяніць атмасферу ў зборнай. І даў лозунг: «Калі мы адзіныя — немагчымае магчыма». У нас была сям'я. Так, дзесьці не хапала выканаўчага майстэрства, але мы гулялі ад душы, сэрцам гулялі. І ўпершыню я сустрэў, што было такое пачуццё патрыятызму, калі гульцы выходзілі на матчы і крычалі «За Беларусь!». Мяне гэта вельмі кранула».

Асаблівую атмасферу ў камандзе адзначыў і варатар Дзмітрый Мільчакоў. «Дамовіліся з камандай на старце, што ўсе асабістыя амбіцыі мы прыбіраем на другі план і робім усё для каманды. Былі праблемы і па складзе, і ў знешняй абалонцы, якая нас атачала. Але гэтая крытыка нас яшчэ і аб'яднала».

Такім чынам, да элітнага дывізіёна ў наступным годзе дададуцца зборныя Казахстана і Беларусі, чыё месца яны зоймуць і ў якія групы трапяць, стане вядома пасля сёлетняга чэмпіянату свету ў эліце, які стартаваў учора ў Славакіі. Дарэчы, турнір усё ж такі не абышоўся без беларусаў, на матчах будуць працаваць мінчане — рэферы Максім Сідарэнка і лайнсмен Дзмітрый Галяк.

Статыстыка гульцоў зборнай Беларусі на ЧС-2019

Джэф Плат і Арцём Дзямкоў, мяркуючы па статыстычных даных, сталі лідарамі беларускай зборнай у Нур-Султане. Плат у пяці матчах набраў 7 (3+4) ачкоў і заняў трэцяе месца ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату свету, Арцём Дзямкоў, у якога ў актыве 5 (3+2) выніковых балаў стаў сёмым сярод усіх гульцоў на турніры. Джэф Плат — другі на чэмпіянаце па працэнце перамог на ўкідванні — 68,29 %, лепшыя лічбы толькі ў літоўца Тадаса Кумеляўскаса — 71,43 %. Яшчэ адзін беларус, які мае паказчык больш за 50 %, — Арцём Волкаў (56,36 %). Нядрэнную гульню паказалі і беларускія варатары, Дзмітрый Мільчакоў прыняў удзел у чатырох матчах, працэнт адбітых кідкоў 90,7 — гэта шосты паказчык на турніры. Другі нумар зборнай Аляксандр Асіпкоў з 92,86 % на чацвёртым месцы. Адзначым, што каэфіцыент надзейнасці Мільчакова 2,02 — гэта трэці вынік на сусветным форуме.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Вяртанне ў эліту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».