Вы тут

Чаму гепатыт цяпер не прысуд і колькі павінен атрымліваць донар?


Лячэнне ад гепатыту С у Беларусі з нядаўняга часу стала даступным. Летась для некаторых катэгорый хворых яго пачалі праводзіць за бюджэтныя сродкі. Некалькі айчынных фармацэўтычных прадпрыемстваў наладзілі выпуск прэпаратаў ад розных формаў гэтага захворвання, што дазволіла істотна скараціць кошт лячэння. А Беларусь стала адной з першых краін у Еўропе, дзе выкарыстоўваецца бадай самая танная і даступная схема лячэння. Наладзіць вытворчасць патрэбных прэпаратаў і, адпаведна, зрабіць лячэнне танным удалося на беларуска-галандскім фармацэўтычным прадпрыемстве «Фармлэнд» у Нясвіжы.


Бясплатнае лячэнне і новыя прэпараты

Ужо летась айчыннымі прэпаратамі пралячылі больш за 1,5 тысячы хворых з рознымі клінічнымі формамі гепатыту С. На гэты год у праграму лячэння за бюджэтныя сродкі ўключылі чатыры тысячы хворых. Захворванне называюць «ласкавым забойцам», бо яно развіваецца незаўважна і бессімптомна і выяўляецца часта толькі на стадыі цырозу печані. Заразіцца ім можна дзе заўгодна: у стаматолага, падчас манікюру, нанясення татуіроўкі — любых маніпуляцый, якія вядуць да пашкоджання скуры і слізістай.

— Да пэўнага часу гепатыт С лічыўся прысудам, дрэнна паддаваўся лячэнню. Потым стаў лячыцца лепш, бо з'явіліся амерыканскія арыгінальныя прэпараты, але гэта было вельмі дорага. Цана адной упакоўкі, якой хапала на месяц, — 20 тысяч долараў. Улічваючы, што курс лячэння — тры-чатыры месяцы, то яно каштавала 60, а то і 80 тысяч, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце кампаніі «Фармлэнд» Вадзім Сянчук. — Мы ўклалі вялікія грошы ў распрацоўку, правялі клінічныя выпрабаванні, у тым ліку і параўнальныя. Аказалася, што нашы прэпараты эквівалентныя найлепшым сусветным брэндам. Сёння ў краіне развіваецца дзяржаўная праграма дыягностыкі і лячэння гепатыту С. І мы ўдзельнічаем у ёй, пастаўляючы свой прадукт.

Дарэчы, эфектыўнасць лячэння камбінацыяй з двух прэпаратаў — софасбувіру і даклатасвіру — складае 98 працэнтаў. Кошт курса — каля 900 долараў. Такая камбінацыя шырока прымяняецца ў іншых краінах, напрыклад у Індыі і Іране. З улікам шырокага распаўсюджання хранічнай формы ў Беларусі ў спісы першачарговага лячэння ад гепатыту С за кошт бюджэту ўваходзяць пацыенты з 3-й і 4-й стадыямі фіброзу печані, з наяўнасцю пазапячоначных праяў захворвання, медыцынскія работнікі і тыя, хто заразіўся гэтай інфекцыяй па прычыне выканання прафесійных абавязкаў, жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту, якія плануюць цяжарнасць ці маюць паказанні да ЭКА, і некаторыя іншыя катэгорыі. Але набыць гэтыя прэпараты можна і ў аптэцы.

— Мы бачым, што наш курс з часам можа стаць яшчэ таннейшым — 400—500 долараў, — кажа саўладальнік і старшыня савета дырэктараў кампаніі «Фармлэнд» Іван Лагавой. — У нас ёсць ідэя арганізаваць для замежных грамадзян, у першую чаргу для расіян, такі варыянт медыцынскага турызму. У Расіі патэнтна забаронена вытворчасць гэтых прэпаратаў. І сёння яны едуць у Індыю, Егіпет, Бангладэш, закупляюць лекі там, але могуць прыехаць да нас. Тым больш што ў нас пацыент будзе знаходзіцца пад кантролем урачоў, што неабходна пры лячэнні такой цяжкай віруснай інфекцыі, як гепатыт С.

Колькі каштуе плазма?

Прадпрыемства, якое калісьці пачынала сваю работу ў арэндаваных памяшканнях, зараз мае ўласныя цэхі па вытворчасці вадкіх лекавых сродкаў (раствораў для ін'екцый і інфузій, канцэнтратаў для гемадыялізу), цвёрдых лекавых формаў і завод па вытворчасці лекавых сродкаў на аснове плазмы крыві. Каля 10 % прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Летась, дарэчы, ён вырас у некалькі разоў: тут асвоілі выпуск прэпарату для наркозу, які аказаўся запатрабаваным у Расіі. Але ў геаграфіі экспарту ёсць і такія экзатычныя краіны, як В'етнам.

— Трэба шукаць свабодныя нішы, дзе цябе чакаюць, — кажа Іван Лагавой. — Назапасіўшы вопыт працы са звычайнымі прэпаратамі, мы зразумелі, што можам зрабіць штосьці, каб не канкурыраваць з іншымі. І ў 2016 годзе пабудавалі завод па перапрацоўцы плазмы крыві чалавека. Такіх праектаў на постсавецкай прасторы не было. Паралельна з намі будавалі завод ва Украіне, а вось некалькі спроб запусціць такое прадпрыемства ў Расіі поспехам не ўвянчаліся.

Магутнасці беларускага завода дазваляюць перапрацоўваць 600 тысяч літраў плазмы ў год — значна больш, чым патрэбна Беларусі. Таму на прадпрыемстве шукаюць спосабы перапрацоўваць расійскую плазму. З гэтай сыравіны тут асвоілі вытворчасць жыццёва важных прэпаратаў — альбуміну, імунаглабуліну, фактараў згусальнасці крыві VІІ і ІХ. Яны запатрабаваныя ў хірургічнай практыцы, транспланталогіі, анкалогіі, кардыяхірургіі. Працэс вытворчасці складаны і доўгі. Замарожаная плазма завозіцца ў халадзільнікі, дзе захоўваецца пры тэмпературы мінус 30 градусаў. Пры перапрацоўцы ў спецыяльных цэнтрыфугах і фільтрах з дапамогай хімічных рэакцый ідзе яе раздзяленне на лячэбныя кампаненты.

— У Беларусі выплаты донарам крыві дастаткова вялікія, за 450 мілілітраў плазмы чалавек атрымлівае каля 70 долараў. У Расіі і Польшчы гэта робіцца на бязвыплатнай аснове, ва Украіне сума значна меншая — 8 долараў. Таму наша плазма ўдвая даражэйшая, чым на сусветным рынку. Адпаведна, калі вырабляць прэпараты з нашай плазмы, яны атрымліваюцца неканкурэнтаздольнымі па цане. Пры гэтым Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе выкарыстоўваць менавіта мясцовую плазму — яна змяшчае імунаглабуліны супраць тых антыгенаў, якія ёсць у асяроддзі пражывання. Таму іншых варыянтаў, акрамя як зрабіць плазму больш таннай, няма, — упэўнены Іван Лагавой.

Прадпрыемства пабудавала тры плазмацэнтры па еўрапейскіх стандартах, дзе плазму могуць здаваць донары, — у Мінску, Маладзечне і Бабруйску. І гатова бязвыплатна перадаць іх дзяржаве.

— Мы не выступаем за тое, каб атрымліваць плазму бясплатна, — кажа старшыня савета дырэктараў. — Донар патраціў не толькі час, і кампенсацыя павінна быць, але яна мусіць быць разумнай, — 25 долараў, як у Еўропе. Мы знаходзім разуменне з боку Міністэрства аховы здароўя ў гэтым пытанні, і мяркую, з часам баланс у цане будзе ўсталяваны.

Алена КРАВЕЦ, г. Нясвіж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».