Вы тут

«Я ўся — Радзіма...»


Мастацкае асэнсаванне рэалій малой радзімы ў зборніку паэзіі Людмілы Кебіч


Творца — асоба ўражлівая, здольная ў паўсядзённым заўважыць дзівоснае , незвычайнае. Натхненне паэта пераасэнсоўвае ўсё, што бачыць навокал. Для мастака слова мае першаснае значэнне: гэта не нешта павярхоўнае, а глыбіннае, сакральнае, пранікненнае ў сутнасць штодзённай існасці. І па-над усім — Радзіма ва ўсёй складанасці і шматграннасці свайго праяўлення.

Розныя аспекты мастацкай тэматыкі зборніка Л. А. Кебіч «Бэзавы дом» (2018) не ізаляваныя адзін ад аднаго. Кніга падзяляецца на пяць вялікіх цыклаў: «З Краснасельскіх крыніц», «Вясковая сімфонія», «Лепшы горад Зямлі», «Беларусь — маё нахненне», «Вершы з дарогі». Тэматычны абсяг раздзелаў падобны да колазвароту жыцця: родны пасёлак — бабуліна вёска — родны Гродна — краіна Беларусь — вяртанне на радзіму з далёкіх вандровак. Перад чытачом паўстае шматпланавая карціна жыцця лірычнай гераіні, якая з пазіцый назапашанага духоўнага досведу асэнсоўвае ўласны пройдзены шлях, лёс роднага краю і яго люду.

Паэтка спасцігае радзіму як сусвет прыгажосці, радасці, натхнення. Перад позіркам чытача праносяцца шматлікія існасныя ўніверсаліі: родная хата, краявіды, бацькі, беларуская мова (мова жыхароў гэтай зямлі) і інш. Ва ўсім знаходзяцца сэнсава ёмістыя дэталі, напоўненыя незвычайнымі фарбамі.

Там, сярод густых лясоў яловых,

дзе спакон жылі мае дзяды,

я адчула спеўнасць роднай мовы,

палюбіла край свой назаўжды.

Эстэтычна ўзвышанымі становяцца многія рэаліі. Лірычнае перажыванне гераіні нараджаецца з жыццёвых эмоцый, перажытых аўтаркай, — гэта вынік мастацкага пераўтварэння ранейшых выпрабаванняў, папярэдняга досведу. Рэаліі адлюстроўваюць пэўныя душэўныя станы: замілавання, суму, журботы, радасці. Ім спрыяюць навакольныя краявіды малой і вялікай радзімы. Некаторыя вершы прысвечаны акрэсленым вёскам і мястэчкам — «Гудзевічы», «У Дзяцелаўцах», «Каля вёскі Тэалін», а таксама іншым геаграфічным аб’ектам, якія падымаюць з глыбіняў памяці ранейшыя падзеі і даўнішнія вобразы — «Краснасельскія кар’еры», «Над Ваўкавыяй», «На Верасоўцы», «Над Швейцарскай далінай». Чытач пакрокава пранікаецца радзімай паэткі, бачыць яе шчырую любоў да беларускага краю. Родная старонка ўяўляецца аўтарцы як нешта цэльнае, дадзенае Богам для жыцця, для шляху з маленства з нейкай місіяй. Праз радкі вершаў акрэсліваюцца вобразы дарагіх дзядулі і бабулі, таты і мамы, асобаў, хто паўплываў на станаўленне светапогляду, хто ў розныя перыяды вёў па жыцці. Блізкія людзі яшчэ асацыююцца з нацыянальнай асновай, з роднай беларускай мовай, традыцыямі, побытам. Нездарма паэтэса сцвярджае ў вершы пра маленства «Хачу туды»:

Хачу туды:

дзе бабуля і дзед — жывыя,

і мой тата і мама — жывыя,

і ўсе працай нейкай занятыя,

а здаецца, у доме — свята.

Вершы зборніка «Бэзавы дом» кладуцца ў канцэпцыю еднасці лірычнай гераіні і той зямлі, што яе нарадзіла і вырасціла, зямлі з яе гісторыяй і культурай. Так, у вершы «Дарагі куточак» яскрава прасочваецца ланцужок універсалій: «куточак» — «родная мова» — «мае дзяды» — «нацыя свабодных беларусаў». Усё гэта знаходзіцца «там, дзе рэчка Рось пятляе крута», у Ваўкавыскім раёне. Лірычная гераіня — асоба цяперашняга часу, але яна не страціла повязь з мінулым і добра разумее каштоўнасць традыцый папярэдніх пакаленняў продкаў. Грамадзянскія матывы не навязлівыя, яны падаюцца ва ўтульна мяккай форме вобразаў дзяцінства і маладосці, даросласці і сталасці, праходзяць праз краявіды і пачуцці.

Шырокая панарама пачуццяў і адчуванняў узнікае ад вуліц, паркаў і гістарычных мясцін Гродна, ракі Нёман (вершы «На травеньскіх вуліцах Гродна», «Прывакзальная плошча», «Гарадзенскія салаўі», «На Замкавай гары», «Каложскі парк», «Песні над Нёманам» і інш.):

Сябе на думцы зноў і зноў лаўлю,

што з’ехаць аніколі не збяруся,

бо толькі Гродна ўсёй душой люблю —

куточак унікальны Беларусі.

На фоне глыбока пачуццёвых вершаў паэтка пакідае запавет сваім нашчадкам. У вершы «Скажыце мне» прасочваецца ў канцэтраваным выглядзе ідэйна-філасофская канцэпцыя зборніка — місія любога грамадзяніна служыць свайму народу, зберагчы родны край і перадаць у спадчыну нашчадкам:

Скажыце мне, што Беларусь не згіне

ад войнаў, ад пажараў, ад вады...

І я спакойна гэты свет пакіну,

закрыю вочы ціха назаўжды.

Паэтычную думку абуджае пошум лісця, спевы птушак, дзіцячыя галасы. Усё блізкае, роднае, душэўнае. Шчымліва дрыжыць сэрца, хвалююча пульсуе ў скронях кроў, пачуцці хваляю накрываюць... Радзіма вечная! Яе праявы ў гуках, фарбах, формах архітэктурных пабудоў, якія стварыў люд беларускі, продкі, «святыя дзяды».

Вершы зборніка «Бэзавы дом» у многім біяграфічныя. Факты з жыцця перайначваюцца праз паэтычны погляд жанчыны-творцы. Яна і ўнучка, і дачка, і ўжо маці, і бабуля. А яшчэ і беларуска, якая хварэе за свой народ і зямлю. Сацыяльныя працэсы і лёс лірычнай гераіні крочаць побач.

Лірычная гераіня паэзіі Людмілы Кебіч жыве традыцыямі народнай маралі, яе ўнутраны свет стаіць на падмурку каштоўнасцяў беларускага нацыянальнага светаўспрымання. Як музыкант, Людміла Антонаўна тонка адчувае мелодыку і паэтыку народнай песні і з лёгкасцю пад яе стылізуе ў настраёвасці старажытнага гусляра, апяваючы спрадвечную сілу беларусаў і прагу да свабоды, незалежнасці на складаных перакрыжаваннях гісторыі:

Ці ж з крыніцы волі нам больш не піці?!

Дзе ж асілкі-волаты ваша сіла?

У бядзе забраны край — ой не спіце!

Многія вобразы ў лірыцы Людмілы Кебіч набываюць сімвалічны сэнс, шматзначнасць. Блізкасць да нацыянальных традыцый — адна з ідэйна-сэнсавых дамінант вершаў, якія так, бывае, і называюцца «На Каляды», «Вялікдзень», «Дажынкі». Перад чытачом ненавязліва паўстае пласт народнай культуры на побытавым узроўні, з пункту гледжання простага чалавека, але пры гэтым у высокаэстэтычным асвятленні. Так, у вершы «Дажынкі» ў адзін сэнсавы шэраг аўтарка ставіць «людзей пачэснай працы» і «светлы лёс Айчыны», звязваючы іх непадзельнай асацыятыўнай сувяззю ўзаемазалежнай еднасці. Адчувальна суладдзе душы паэткі і беларускага народа, Радзімы. Паэтычная думка рухаецца ад мясцовага (вясковага, гарадскога) да глабальнага, агульнанацыянальнага, а пасля зноў вяртаецца назад.

Рэаліі роднага краю асэнсоўваюцца ў шчыльнай лучнасці з мінулым, сучасным і будучыняй у эстэтычна ўзвышаных фарбах экспрэсіўных пераходаў ад блізкага да далёкага і назад, вяртаючыся да сябе. Прадмову да зборніка Людміла Антонаўна заканчвае радкамі з паэтычнай фармулёўкай творчага крэда, якім кіруецца ў сваёй паэзіі:

Я ўся — Радзіма.

З ёю знітавана.

Адною ёю дыхаю, жыву.

І ўсё, што бачу навокал, як дзіва,

ўплятаю ў вершаў спеўную канву.

Руслан КАЗЛОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.