Вы тут

Карані Станіслава Манюшкі


У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца беларускія і польскія выданні, што распавядаюць пра жыццё Станіслава Манюшкі ў Беларусі і Польшчы, яго дзейнасць у якасці кампазітара, дырыжора, педагога.


«Паходная песня ліцвінаў» С. Манюшкі (з нотамі), змешчаная ў аповесці У. Сыракомлі «Дачка Пястаў».

Вядучае месца ў даследаванні творчай і эпісталярнай спадчыны славутага кампазітара належыць польскаму музыказнаўцу, педагогу Вітальду Рудзінскаму, манаграфія якога «Stanisław Moniuszko. Studia i materiały. Cz.1.» з’яўляецца літаратурна-мастацкім даследаваннем яго жыцця і дзейнасці і захоўваецца ў нашай кніжніцы.

У ліку аўтараў, якія распавядаюць пра творчасць Станіслава Манюшкі, найбольшай увагі заслугоўваюць польскія даследчыкі Здзіслаў Яхімецкі і Станіслаў Невядоўскі. Трэба адзначыць і выдадзены ў Пецярбургу ў 1900 г. біяграфічны нарыс Баляслава Вільчынскага, прысвечаны кампазітару. Цікавы і асобнік ХІХ ст. «Геаграфічны слоўнік Польскага Каралеўства», па якім можна прасачыць жыццёвы шлях творцы і прачытаць пра яго родныя мясціны. З гэтымі выданнямі таксама можна пазнаёміцца ў ЦНБ НАН Беларусі.

Манюшкі — старажытны шляхецкі род герба «Крыўда» ў Вялікім Княстве Літоўскім і Расійскай імперыі, у 1802 г. яго занеслі ў радаслоўную кнігу дваран Мінскай губерні. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве г. Мінска ў фондах «Мінскі дваранскі дэпутацкі сход», «Мінскі галоўны суд» і «Ігуменскі земскі суд» захоўваюцца дакументы перыяду 1799—1916 гг. пра продкаў кампазітара. У іх утрымліваюцца спасылкі на тое, што заснавальнікам знакамітага роду быў Пятро Манюшка, які ў 1529 г. гаспадарыў у бацькоўскіх маёнтках і атрымаў ад польскага караля Сігізмунда Першага прывілей на дваранства і валоданне маёнткам Вялікія Манюшкі ў Ганёндзецкай парафіі (тэрыторыя сённяшняй Польшчы).

Бацька кампазітара Чэслаў у пачатку ХІХ ст. атрымаў у спадчыну ад бацькі фальварак Убель Ігуменскага павета. У гэтым мястэчку, за 9 кіламетраў ад Смілавіч, у сціплым драўляным доміку каля рэчкі Волма і нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Станіслаў-Ян-ЭдвардКазімір.

Чэслаў Манюшка быў нядрэнны мастак і пакінуў пасля сябе 12 альбомаў з партрэтамі, пейзажамі, замалёўкамі вайсковых дзеянняў і сямейных вечароў. Творчыя стасункі звязвалі яго з мастакамі Валянцінам Ваньковічам і Янам Дамелем. З першым ён меў нават сумесную майстэрню ў Мінску. Але бацька кампазітара быў не вельмі дбайным гаспадаром. Неабачлівасць у выдатках, легкавернасць у грашовых справах прывялі яго да фінансавага краху. У 1842 г. фальварак перайшоў у іншыя рукі. Рэшту жыцця Чэслаў правёў у Радкаўшчыне. Пані Эльжбета, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, праз усё жыццё захавала моц і раўнавагу духу. Менавіта яна заўважыла іскрынку таленту ў сына, была першай настаўніцай Станіслава. Дарэчы, у гонар сваёй маці кампазітар пасля яе смерці напісаў «Жалобную імшу за душы памерлых».

Палац у Смілавічах.

Дзяцінства будучага кампазітара прайшло на ўлонні прыроды, сярод сялян. Хлопчык прагна слухаў песні, якія спявалі вяскоўцы. Гэтыя мелодыі адрозніваліся ад тых, якія іграла на фартэпіяна яго маці.

Каб даць сыну адукацыю, сямейства перабралася ў Мінск, дзе ўпершыню былі напісаныя вадэвілі, камічныя оперы і музычныя камедыі. Але спакойнае жыццё доўжылася нядоўга. Пасля паўстання 1831 г. бацьку па палітычных матывах звольнілі са службы. Манюшкі перабіраюцца ў Вільню, з якой шмат чаго было звязана ў жыцці кампазітара. Тут ён узяў шлюб з Аляксандрай Мюлер. Сям’я жыла на вуліцах Нямецкай і Вострабрамскай. У Вільні нарадзіліся тры яго сыны. Каб пракарміць сям’ю, Манюшка даваў прыватныя ўрокі, іграў у касцёле святога Яна на аргане. І пісаў музыку… Напрыклад, знакамітую «Латарэю», якую ў 1843 г. з поспехам паставіла ў Мінску вандроўная трупа немца Шміткопфа.

Падчас жыцця ў Вільні, а потым у Варшаве, кампазітар часта прыязджаў у Мінск, каб пагасцяваць у свайго сябра Дуніна-Марцінкевіча, пабачыць бацьку і сваякоў. Асабліва памятны быў для Манюшкі прыезд у 1856 г., калі тут праходзілі шляхецкія выбары. У гонар кампазітара адбылася вечарына, на якой прысутнічалі артысты і літаратары. У адну з паездак Манюшка пабываў у Каралішчавічах, непадалёк ад Мінска. Потым ён з захапленнем пісаў пра гэтае падарожжа. Апошні раз завітаў у Мінск у 1864 г., калі быў ужо вядомым і прызнаным кампазітарам.

Фонды аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваюць некалькі кніг, якія выйшлі пры жыцці вялікага кампазітара ў віленскіх друкарнях сярэдзіны ХІХ ст. Сярод іх — вельмі каштоўнае выданне Уладзіслава Сыракомлі «Дачка Пястаў» (1855 г.), дзе змешчаны музычны твор Станіслава Манюшкі «Паходная песня ліцвінаў». На пажоўклым ад часу аркушы мудрагеліста ўплеценая ў арнамент назва песні на словы Уладзіслава Сыракомлі. Сярод нот для голасу і суправаджэння размешчаны словы гэтай песні. «Паходная песня ліцвінаў» — адзін з варыянтаў арыгінальнай старадаўняй песні, якая пераносіць нас у далёкія часы. Весела шуміць лес, ліцвіны выступілі ў паход, спяваюць бадзёрую песню пра свае подзвігі. Заўтра будзе бой. Каб толькі коні не падвялі і стаялі смела! У добры час…

Сярод іншых музычных твораў з прыжыццёвых выданняў кампазітара, выдадзеных у Вільні, — нотны запіс песні «Вясковы лірнік» на верш Уладзіслава Сыракомлі З гэтым вершам кампазітар мог пазнаёміцца яшчэ вясною 1852 года, калі Сыракомля прыязджаў з арандаванага ім прынёманскага фальварка Залуча ў Вільню і спыняўся ў доме Мілера, цесця Манюшкі, каб працягваць працу над тэкстам кантаты «Год у песні». Час магчымага напісання музыкі да «Вясковага лірніка» польскі музыказнавец Эрвін Навачык абазначае межамі ад узнікнення верша ў 1852 г. да першага выканання песні ў 1857 г. Аднак магчыма, што «Вясковага лірніка» Манюшка напісаў менавіта ў 1857 г. Сучаснік кампазітара Ежы Ляскарыс у сваіх нататках, змешчаных у «Тэцэ Віленьскай», прыгадвае, што Манюшка ў 1857 г. шмат увагі ўдзяляў пераробцы оперы «Галька» і акрамя гэтага напісаў яшчэ некалькі твораў. Першым з іх названы «Лірнік». Нотны запіс песні С. Манюшкі змяшчае аўтограф Сыракомлі і подпісы блізкіх паэту людзей, што робіць гэтае выданне вельмі каштоўным. Пад вершам-прысвячэннем услед за Сыракомлем падпісаліся Баляслаў Навінскі (акцёр Віленскага тэатра), Мікалай Акялевіч (вядомы літоўскі пісьменнік), Эміль Дэрынг (акцёр Віленскага тэатра) і інш. Калектыўны подпіс пад вершам Сыракомлі ў зборніку Манюшкі замыкае Паўліна Кандратовіч, жонка паэта.

Станіслаў ва Убелі. Малюнак Чэслава Манюшкі.

У ЦНБ НАН Беларусі праходзілі мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Станіслава Манюшкі: ладзіліся выстаўкі да юбілейных дат, дэманстраваліся прыжыццёвыя выданні кампазітара ў гонар візіту ў бібліятэку яго прапраўнучкі, прафесара Парыжскай кансерваторыі, прэзідэнта Асацыяцыі імя Станіслава Манюшкі спадарыні Клары Манюшкі, якая дзесяць гадоў таму ўпершыню прыехала на радзіму свайго прапрадзеда.

Алена ДЗЕНІСЕНКА

Загаловак у газеце: Ад песень ліцвінаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.