Вы тут

Лебедзеўская «Спадчына», альбо Магчымасці школьнага музея


Даўным-даўно, шмат тысяч год таму, на Маладзечаншчыне, якой тады, канечне, і ў паміне не было, сфарміравалася ледавіковае возера. Праз некаторы час на месцы вадаёма паўсталі гарадзішча і паселішча, а потым і мястэчка Лебедзева. Разам з паэтычнай назвай населены пункт атрымаў і выгаднае геаграфічнае размяшчэнне: праз яго праходзіў гандлёвы шлях з Менска на Крэва і Вільню, што дапамагала ладзіць у Лебедзеве шматтысячныя кірмашы. Не толькі гандляроў прыцягвала мястэчка, у розныя часы яго наведалі Міхал Агінскі, Ян Чачот, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ігнат Буйніцкі, Браніслаў Тарашкевіч і шмат іншых дарагіх беларускай культуры асоб. Чым вабіла мястэчка наведвальнікаў, — сёння звычайны невялікі аграгарадок, — паабяцаў мне расказаць аўтар кнігі «Лебедзеўская сага», настаўнік гісторыі і адзін з заснавальнікаў унікальнага музея «Спадчына» на базе Лебедзеўскай сярэдняй школы — Антон Антонавіч Апанасевіч.


Фрагмент экспазіцыі.

Трэба сказаць, выпраўляючыся на экскурсію, не чакала нічога выбітнага ад школьнага музея. Але маленькі пакойчык, што прытуліўся да аднаго з класаў, сапраўды здзіўляе: уся прастора застаўлена, завешана экспанатамі розных эпох і часоў. Перад вачыма мікс гісторыі: тут вам і рэшткі маманта; і рэканструяваная гармата; і калекцыя дарэвалюцыйных падручнікаў па матэматыцы (якой, можа, і ў Нацыянальнай бібліятэцы няма); і балцкі меч часоў лебедзеўскага гарадзішча; і каштоўны медальён «Маці, якая корміць», створаны вядомым французскім майстрам Эмілем Дропсі, і колькі яшчэ ўсяго!

Пра вучняў

Не паспяваю нават зразумець, дзе апынулася, як аднекуль з’яўляюцца вучні-экскурсаводы і шпарка расказваюць аб рэчах, што знайшлі прытулак у музеі. У Антона Антонавіча свая методыка падрыхтоўкі кадраў:

— У нас пятнаццаць экскурсаводаў. Я пачынаю даваць неабходныя веды да гэтай місіі з пачатковай школы, а ў адзінаццатым яны ў мяне ўжо амаль прафесіяналы. Акрамя гэтага, мы з вучнямі актыўна ўдзельнічаем у даследчых канферэнцыях — два-тры разы на год. Не толькі ў Беларусі, мы таксама два гады запар ездзілі на конкурс імя Вярнадскага ў Маскву. Першы раз перамаглі, другі атрымалі дыплом І ступені. А сёлета не паехалі — не было грошай... У нас ёсць традыцыя перадаваць на апошняй лінейцы альбом выпускнога класа ў музей. Першы выпуск у школе быў у 1948 г. — вось ужо семдзесят гадоў традыцыя працягваецца, і ўсе альбомы захоўваюцца. Трэба сказаць, шмат хто з былых вучняў намагаецца штосьці зрабіць для развіцця музея, дапамагчы ў рэканструкцыі і пошуках.

Пра легенды

— Я знайшоў каля дзесяці легенд аб паходжанні назвы Лебедзева. Нават сусветна знакамітыя гарады, як Іерусалім, Афіны, Рым, не маюць такой колькасці легенд. Спачатку мястэчка называлі «Лебедзева Дно». Потым «Дно» згубілася і засталося толькі «Лебедзева», — расказвае Антон Апанасевіч.

Самая знакамітая легенда апавядае пра тое, што калісьці на месцы, дзе зараз паўстаў аграгарадок, паміж двух пагоркаў знаходзілася вялікае возера. На берагах вадаёма жылі людзі, а на выспе пасярэдзіне — лебедзі. Але ніхто на іх не паляваў, бо ведалі: птушкі ахоўваюць возера і тайна ад людзей будуюць і рамантуюць дамбы і плаціны. Але, як звычайна, знайшоўся адзін злы чалавек, які застрэліў лебедзя. Птушкі пакрыўдзіліся і назаўсёды пакінулі сваё месца жыхарства. З часам дамбы прагнілі, а возера выйшла з берагоў, затапіўшы хаты, ураджай і скаціну. Прайшоў час, і людзі пачалі сяліцца на дне былога возера, даўшы паселішчу назву «Лебедзева Дно».

Пра знакамітых лебедзеўцаў

— Самае важнае — гэта людзі. Не кожны вялікі горад мае столькі знакамітых асоб, колькі нарадзілася ці вучылася тут. Напрыклад, Раман Семашкевіч. Адзін з найлепшых савецкіх мастакоў 20—30-х гг. У Маскве яго шануюць, карціны ў Траццякоўскай галерэі вісяць. А ў Беларусі Семашкевіча мала хто ведае, нават у падручніках па гісторыі няма яго імя. Мне з вялікай цяжкасцю як дэпутату ўдалося назваць адну вуліцу ў гонар славутага земляка. І то не ў Лебедзеве, а ў суседняй вёсцы! Што цікава, Іван Корсак, зяць Барыса Кіта, заснаваў лебедзеўскі хор. Гэта адзіная ў рэспубліцы вясковая народная харавая капэла. Цяпер гэтую традыцыю працягваюць у нашай музычнай школе, — Антон Антонавіч не схлусіў, калі сказаў, што з Лебедзевым звязаны лёсы многіх знакамітых людзей. Сярод іх — сусветна вядомы навуковец Барыс Кіт, беларускі савецкі паэт і літаратуразнавец Рыгор Семашкевіч, сучасны паэт Канстанцін Цыбульскі, вучоныя Васіль Рагуновіч і Яўген Шыраеў, гісторык Генадзь Каханоўскі, народная артыстка Чувашыі Тамара Супоніна і інш.

Пра Янку Купалу

— А вось самавар, з якога піў сам Янка Купала. Справа ў тым, што ён сябраваў з грамадскім дзеячам і педагогам Андрэем Посахам, жыхаром нашай вёскі, і часта заязджаў да яго, калі працаваў на бровары ў Яхімоўшчыне, — працягвае расповед краязнаўца. — У Лебедзеве наш класік напісаў верш «А як выйдуць чарнасотнікі», што быў надрукаваны ў газеце «Наша ніва» ў 1908 г. І менавіта наш Посах — першы чалавек, што пазнаёміў Максіма Горкага, з якім адпачываў на Кіпры, з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Пра вітраж Свентажэцкіх

— Вітраж з капліцы Свентажэцкіх у Маліноўшчыне. Капліца была пабудавана італьянцамі, якія прыйшлі з французамі падчас вайны 1812 г. Завод, якому цяпер належыць капліца, не стаў замарочвацца: паставіў у малельні звычайнае шко, а вітраж аддаў нам, успамінае А. Апанасевіч.

Капліца старажытнага роду Свентажэцкіх з фамільным склепам уяўляе сабой чатырохвугольную піраміду. Калісьці да яе вяла незвычайная алея: пачыналася яна нізкімі дрэвамі, якія паступова, па меры аддалення ад малельні, павялічваліся. Ствараўся эфект узлёту. Свентажэцкія верылі, што алея дапаможа арыентавацца душам памерлых. Двойчы бальшавікі абражалі капліцу — у 1920 і 1939 гг. Але, нягледзячы на выпрабаванні, яна добра захавалася да нашых дзён.

Пра Барыса Кіта

— З Барысам Кітом мне пашчасціла размаўляць у апошнія гады яго жыцця. Для славутага навукоўца Лебедзева было вельмі знакавым месцам. Сам ён нарадзіўся ў Пецярбургу, карані яго ў Карэлічах. А жонка Ніна Корсак з Лебедзева. І калі мяне папрасілі напісаць кніжку («Лебедзеўская сага». — Заўв. аўт.), я ўсё думаў, хто напіша прадмову. І Барыс Кіт пагадзіўся. Тут якраз ёсць экзэмпляр, падпісаны ім самім, — звяртае ўвагу настаўнік.

Барыс Уладзіміравіч Кіт — вялікі вучоны, які займаўся распрацоўкай паліва для касмічных караблёў, траекторыі палёту на Месяц; аўтар першага падручніка па ракетным паліве — жыў у Лебедзеве ў 1941—1944 гг. са сваёй сям’ёй. Менавіта там нарадзіўся яго старэйшы сын Уладзімір, якім, дарэчы, таксама можа ганарыцца яго радзіма. Уладзімір Кіт скончыў чатыры факультэты Вашынгтонскага ўніверсітэта, займаў пасаду намесніка міністра астранаўтыкі ЗША, дасягнуў поспехаў у галінах палітыкі, фізікі, камп’ютарных тэхналогій і спорту.

Пра дзядзьку Шымона Пэрэса

Антон Апанасевіч.

— Да нас прыязджаюць з розных краін. Адкуль толькі наведвальнікаў ні было! Нядаўна прылятаў равін з Нью-Ёрка — хацеў паглядзець, адкуль яго карані. Дарэчы, тут жыў родны дзядзька Шымона Пэрэса — былога прэзідэнта Ізраіля. У Лебедзеве яго клікалі не Пэрэсам, а Перцам. У нас ёсць цікавы фотаздымак. Гэта пажарная варта Лебедзева, 1938 г., сваяк Пэрэса — крайні справа ў трэцім радзе.

Дзядзька былога прэзідэнта Ізраіля выконваў ролю апавяшчальніка пры пажары — гукаў у трубу, даваючы сігнал аб узгаранні. У 1942 г. разам з іншымі яўрэямі быў спалены нямецкімі захопнікамі.

Пра добраўпарадкаванне могілак

— Недалёка ад Лебедзева, каля Беніцы, знаходзяцца брацкія могілкі часоў Першай сусветнай вайны. І на гэтым месцы быў сметнік. Калісьці на могілках стаяў крыж, але за савецкім часам пра іх забыліся. І толькі ў мінулым годзе намаганнямі нашых вучняў (таксама і былых) пахаванні былі расчышчаныя. Спіртагарэлачны завод у Маліноўшчыне па нашай просьбе дапамог зрабіць спецыяльны памятны знак. Паставілі крыж на брацкіх могілках, прывялі тэрыторыю ў парадак. Дакументамі дапамаг Расійскі дзяржаўны ваенны архіў, — гаворыць Антон Апанасевіч.

У музеі даволі экспанатаў часоў Першай сусветнай вайны. Недалёка ад Лебедзева, у смаргонскім напрамку, быў так званы Свянцянскі прарыў, таму засталося нямала рэчаў, якія нагадваюць аб баявых дзеяннях: пагоны, біклажкі, спражкі, сталовыя прыборы і інш.

Пра стваральнасць

Але гэты музей усё ж нараджае вобраз стваральнага жыцця людзей. Сведчанне гэтаму, напрыклад, — музычны інструмент, які называецца акарыя. Прыдумаў яе італьянскі майстар Джузэпэ Данаці ў 1860 годзе. Потым гэтая незвычайная флейта пачала распаўсюджвацца па Еўропе. У Беларусі яе выраблялі толькі ў трох месцах: Слоніме, Івянцы і Лебедзеве. Тут акарыі стваралі з апошняй чвэрці ХІХ ст. да пачатку Другой сусветнай вайны. Потым пра гэты музычны інструмент забыліся. Але зараз у лебедзеўскай школе мастацтваў працягваюць традыцыі, і дзеці вучацца граць на акарыі.

Тут адчуваецца свая непаўторная рэальнасць, дзе суседства ваяра ў кальчузе і калаўрота не здаецца дзіўным. Экскурсавод яшчэ доўга распавядаў мне сакрэты экспанатаў музея «Спадчына», які даўно перарос катэгорыю «школьнага». Але ўсё ж было б цудоўна, каб у дзецішча, якому Антон Антонавіч прысвяціў больш як трыццаць гадоў свайго жыцця, з’явілася большая прастора, чым школьны клас. А пакуль спяшайцеся ў маленькі пакойчык, што прытуліўся да аднаго з класаў у лебедзеўскай школе. Там будзе чакаць вас Антон Антонавіч Апанасевіч, цудоўны краязнаўца, настаўнік гісторыі, чалавек, што многія гады безупынна і самааддана збіраў, знаходзіў, адкопваў рэчы, у якіх увасобілася гісторыя Лебедзева і Беларусі.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.