Вы тут

Наталля Гайда: Для артыстаў прафесійная планка павысілася


Ёсць юбілеі, а здараецца і так, што ў адзін год ёсць збег некалькіх дат. Але ў дачыненні да Наталлі Гайды хочацца ўжыць слова «свята». Яе асабістае свята (дзе ёсць прыгожая і пашанотная лічба) — гэта свята і для ўсіх гледачоў, якім артыстка служыць ад пачатку творчай дзейнасці 60 гадоў (спявае і выступае як драматычная актрыса). Свята ў гонар народнай артысткі Беларусі адбылося ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, дзе яна выходзіць на сцэну з 1970 года.


Яна першая выканаўца галоўных жаночых роляў у спектаклях беларускіх кампазітараў Юрыя Семянякі («Спявае “Жаўрук”», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання»), Рыгора Суруса («Несцерка»), Андрэя Мдзівані («Дзяніс Давыдаў»), Яўгена Глебава («Мільянерша»), Уладзіміра Кандрусевіча («Джулія», «Шклянка вады»). Але таксама яна Віялета, Марыца, Сільва, Разалінда, графіня Мальбара, Эліза Дулітл, Мадам Рэнесанс… Яркія партыі і лепшыя эпізоды жыцця артыска згадала падчас святочнага вечара. Некаторыя яе ўспаміны і думкі гучаць сёння для нашых чытачоў:

Пачатак кар’еры

— Я не мела адносінаў да тэатра аперэты, пакуль не пераехала ў Мінск, пры тым, што гэты жанр вельмі любіла. Напачатку была праца ў Свярдлоўскім акадэмічным тэатры оперы і балета, у які мяне запрасілі на чацвёртым курсе кансерваторыі ў 1965 годзе. Гэта на той час быў адзін з лепшых тэатраў. Мой муж Юрый Бастрыкаў спяваў там увесь рэпертуар, у тым ліку партыю Дэмана, якая цудоўна лягла на яго голас. Я за 4 гады таксама выканала 15 партый. Разам мы спявалі ў «Снягурцы» і «Царскай нявесце» Мікалая Рымскага-Корсакава, у спектаклі «Рамэа і Джульета ды цемра» савецкага кампазітара Кірыла Малчанава.

Але неяк у Свярдлоўск прыехаў Кірыл Кляменцьевіч Ціханаў, дырыжор беларускага тэатра оперы і балета, і распавёў пра конкурс барытонаў, які праводзіўся ў Мінску. Мы ведалі пра гэты тэатр, таму што трупа беларускага тэатра тады шмат гастралявала. Багата з кім з беларускіх артыстаў пазнаёміліся. Потым Юра з’ездзіў у Мінск, выйграў конкурс барытонаў, і яго запрасілі ў тэатр. Кірыл Кляменцьевіч прапанаваў працаваць у Вялікім тэатры Беларусі і мне, нягледзячы на тое, што ў маім голасе трупа не мела неабходнасці: тады яшчэ спявалі Тамара Мікалаеўна Ніжнікава, Люда Златова і іншыя.

На мінскай опернай сцэне я праслужыла год, спявала Мюзету ў «Багеме» і Фраскіта ў «Кармэн». У гэты ж год мяне запрасілі ў Свярдлоўск узяць удзел у здымках фільма-спектакля «Званая вячэра з італьянцамі» Офенбаха. Мяне адпусцілі. А калі вярнулася ў Мінск, была запрошана ў тэатр музычнай камедыі, які толькі адкрыўся. Я пагадзілася і ніводнага разу потым не пашкадавала.

Кар’ера і сям’я

— Мы пазнаёміліся на першым курсе, а на другім, пасля вясновых экзаменаў, сталі з’яўляцца ўсюды разам. Калі блізка маеш зносіны з чалавекам, бачыш, як ён ставіцца да сваіх блізкіх, да цябе, да тых, хто навокал. У нейкі момант я зразумела, што самая асноўная рыса Юры — надзейнасць, прычым ва ўсім: у працы, у адносінах з людзьмі. Мне здаецца, што гэта наогул самая галоўная рыса ў чалавеку, аснова ўсяго: такі ніколі не здрадзіць, ён адказны за сям’ю, за сваю працу. І зараз я разумею, што пражыла ўсё жыццё ЗА мужам.

Юра працягваў паспяхова працаваць у оперы. Ён хадзіў на мае прэм’еры, а я першых гадоў дваццаць старалася паглядзець усе яго спектаклі. Але потым перастала, таму што нервавалася падчас яго выступаў больш, чым падчас сваіх. Я была цалкам спакойная адносна яго голасу, але чаплялася да акцёрскага майстэрства. А ён мяне заўсёды хваліў. Гэта адно з вельмі важных яго якасцяў. Часта адзначаюць, што ў акцёрскай сям’і, калі абодва сужэнцы на сцэне, можа ўзнікнуць нейкая творчая рэўнасць. А ён заўсёды так радаваўся за мяне... Таксама і выхаванню дачкі ён аддаваў больш часу, таму што я першыя гадоў пятнаццаць раніцай і ўвечары стала знаходзілася ў тэатры аперэты.

У 1999 годзе Юрый Георгіевіч атрымаў званне народнага артыста Беларусі. Яму было 62 гады. Мы ўжо і не чакалі гэтага звання, хоць ён быў у добрай музычнай форме. Ён радаваўся гэтай узнагародзе шчыра, як дзіця. І спяваў бы яшчэ, калі б не яго сэрца. З-за хваробы і 2-й групы інваліднасці давялося адмовіцца ад сцэны. Апошні раз Юра праспяваў на вечары памяці Аркадзя Саўчанкі партыю Рэната. Я чула, што яму было цяжка, і пасля гэтага выступу папрасіла даць мне слова, што ён не будзе нават спрабаваць выходзіць на сцэну.

Ён звольніўся з тэатра ў 2002 годзе. На пенсіі ўсё роўна не мог сядзець без справы. І нават будучы ўжо вельмі слабым, уставаў і заўсёды сустракаў мяне ў пярэднім пакоі, калі я прыходзіла пасля спектакля. Я ціхенька паварочвала ключ, каб яго не патрывожыць і, адчуваючы, што ён устае, казала: «Юрачка, пачакай, я зараз прыйду». Але ён уваходзіў і ўсё роўна дапамагаў мне зняць паліто. Я дакладна ведаю: калі б не Юра, у мяне не склалася б ні кар’ера, ні сям’я. Я вельмі гэта цаніла і ўсё жыццё яму пра гэта казала. Шчасце, што гэта ў нас было…

Сям’я і творчасць

— Маё дзяцінства прайшло ў Свярдлоўску і ў Сяміпалацінску. Мама вучылася ва Уральскай кансерваторыі, валодала прыгожым сапрана, але вучобу перапыніла вайна. Тата пайшоў на фронт, а яна засталася ў Свярдлоўску са мной на руках. У 1944 годзе, калі з’явілася магчымасць выехаць на цягніку, мама адвезла мяне ў Сяміпалацінск да бацькоў таты. У Казахстане я жыла і вучылася да 9 класа. Бацька быў па прафесіі геолагам. Калі дэмабілізаваўся, працягнуў працаваць начальнікам геолагаразведачнай экспедыцыі. Яны з мамай жылі спачатку ў Карагандзе, потым у Сяміпалацінску, а затым яго перавялі ў Іркуцк, дзе я і скончыла дзесяцігодку. Я памяняла некалькі школ, але ўсюды займалася ў гуртках — вакальных, танцавальных, драматычных.

У Свярдлоўску падчас вайны мама працавала ў філармоніі. Ёй давялося пакінуць кансерваторыю. У гэтыя гады ў Свярдлоўску ў эвакуацыі знаходзілася Кіеўская кансерваторыя. У дзвюх кансерваторыях вучыліся будучыя зоркі савецкай оперы. У Кіеўскай займалася знакамітая спявачка Ірына Масленікава. Маміны аднакурсніцы па Свярдлоўскай кансерваторыі — Вераніка Барысенка, якая стала пазней салісткай маскоўскага Вялікага тэатра, і вядомы кампазітар Людміла Лядава. Я, кіруючыся юнацкім максімалізмам, казала ёй: «Значыць, і ты магла б спяваць у Вялікім! Значыць, ты не хацела! Вось я б на тваім месцы...» Але мама працавала, каб нам неяк выжыць. Таму бацькі так радаваліся, калі ў 1966 годзе пасля гастроляў Свярдлоўскай оперы ў Маскве пра мяне ўпершыню напісалі вялікі артыкул у «Культуры». Пазней ужо ў Мінску яны часта прыязджалі з Урала на мае спектаклі, канцэрты, калі я атрымлівала высокія званні.

Творчыя часы

— Калі я была студэнткай чацвёртага курса, то ўпершыню спявала ў оперным спектаклі — Б’янку ва «Утаймаванні свавольнай» рэжысёра Марка Мінскага. Мяне, студэнтку, запрасілі замяніць спявачку, таму што я ведала партыю і праспявала спектакль практычна без рэпетыцый.

Першая праца з рэжысёрам — партыя Мюзеты ў «Багеме». Памятаю, як я прыйшла на рэпетыцыю і напружана чакала ўказанняў рэжысёра Георгія Мілера. А ён мне: «Вось тут стаяць госці, тут — навес над кафэ, тут — стол — дзейнічайце». Я не разгубілася... Калі скончыла сцэну, Мілер мне кажа: «А на спінку крэсла заскочыць зможаце?» Адказала, што змагу. Заскочыла. І практычна ўсё, што я тады зрабіла, засталося ў спектаклі. Даць артысту свабоду — гэта дарагога вартае.

Мне пашчасціла працаваць у тыя гады, калі быў росквіт савецкай аперэты: для нас шмат пісалі кампазітары і драматургі. Тэатры маглі сабе дазволіць часта запрашаць розных рэжысёраў з іншых тэатраў. Кожны год тэатр музкамедыі выязджаў на летнія гастролі па Савецкім Саюзе. Публіцы падабаліся нашы пастаноўкі, людзі запаміналі імёны артыстаў. Мне нават расказвалі, як на гастролях у Сочы, якія я ў той год прапусціла, гледачы, купляючы квіткі, пыталіся: «А Гайда іграе?» Цікавасць гледачоў была вялікая. Масква запрашала спевакоў з розных рэспублік для ўдзелу ў канцэртах саюзнага маштабу: у Калоннай зале Дома Саюзаў, у Алімпійскім. Вядучыя артысты з розных тэатраў Саюза ведалі адзін аднаго. Мы часта запісваліся на радыё. Выступалі на тэлебачанні: у навагодніх «Блакітных агеньчыках» у 1976 годзе я спявала Джудзіту з балетам Маскоўскага музычнага тэатра, а ў 1979 выступала разам з партнёрам з Эстоніі Вальдэмарам Куслапам. Гэта былі цікавыя часы.

Вядома, мяняюцца час, густы, светаадчуванне. Змяняемся мы, акцёры, мяняецца глядач. Сёння гледачы больш развітыя і музычна, і тэатральна. Перад табою ўвесь свет на экранах тэлевізараў, камп’ютараў і г. д. Таму і для артыстаў прафесійная планка павысілася. Сёння ў пастаноўках, прэм’ера якіх адбылася даўно, але якія па-ранейшаму карыстаюцца поспехам у публікі, мы прыбіраем некаторыя рэчы, якія ўжо выглядаюць наіўна. Мы павінны не толькі адпавядаць нашым гледачам, але і быць трохі наперадзе. Каб гледача скарыць, мне здаецца, артыст павінен заўсёды іграць як у апошні раз. Напэўна, сучасны тэатр — той, які сённяшняга гледача чапляе, а інакш гэта не мастацтва.

Час Прымадонны

— На сцэне я павінна адчуваць сябе прымадоннай, таму што калі я не буду верыць у сваіх гераінь сама, то не паверыць і глядач. Калі выходзіш на паклон у канцы спектакля, у святле сафітаў атрымліваеш букеты і апладысменты і адчуваеш глыбокае пачуццё прафесійнага задавальнення ад таго, што я гэта зрабіла, дайшла да вас душой, і мяне зразумелі, — гэта той момант, для якога мы і працуем. Але ў жыцці рабіць з сябе прымадонну, зорку, па-мойму, смешна, і нават не зусім прыстойна. Да таго ж слова «прымадонна» часам гучыць негатыўна і становіцца амаль намінальным: капрызная, фальшывая, легкадумная, шалапутная асоба, якая думае толькі пра сябе і свае жаданні. Хоць мы ўсе воляй-няволяй у жыцці іграем, імкнёмся здавацца цікавейшымі, чым мы ёсць, але гэта натуральнае жаданне нармальнага чалавека.

Акцёрскае самалюбства цешыць, калі рэжысёр бачыць толькі цябе і лічыць, што толькі ты зможаш справіцца з роляй. Так, гэтае самалюбства грэе, і ты будзеш са скуры вылузвацца на рэпетыцыях. Але калі прызначаюцца дзве ці тры выканаўцы адной ролі — гэта яшчэ больш цікава, гэта канкурэнцыя, гэта прымушае працаваць, таму што стаць самай лепшай з іх — найвышэйшы пілатаж…

Вольга САВІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.