Вы тут

Адметныя выстаўкі мая


Разглядаем выставачныя праекты, вартыя асаблівай увагі на пачатку мая, які абяцае шмат вольных дзён. Куды варта схадзіць?


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Тут дэманструецца персанальная выстаўка керамікі Тамары Курачыцкай «Скаванае полымя. Скульптура — рэльеф — жывапіс — графіка ў гліне», прымеркаваная да 70-годдзя аўтара. У экспазіцыі каля 30 твораў са збору творцы, некаторыя з іх прадстаўлены ўпершыню.

Адметная, знакамітая кераміка Тамары Курачыцкай — гэта і манументальныя работы (адны з найбольш вядомых упрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку Беларусі і канферэнц-залу Мірскага замка), і дэкаратыўныя рэльефныя пано, і скульптура, і вытанчаныя вазы, і малая пластыка. Мастачцы падабаецца працаваць з самымі рознымі жанрамі, у тым ліку з такімі, якія больш характэрныя для жывапісу ці графікі (пейзаж, нацюрморт).

Мастачка ўмее ператварыць гліняную масу, скаваную полымем, у паветраную, цякучую, меладычную. Палёт, адкрытая нябесная вышыня і поўныя таямніц водныя глыбіні — гэта свет Тамары Курачыцкай, у якім яна адчувае сябе ўтульна і ўпэўнена. Нездарма любімымі персанажамі мастачкі з’яўляюцца птушкі, анёлападобныя істоты, касмічныя прыхадні і рыбы. Таксама мастачцы падабаюцца ракавіны, іх дасканалыя спіральныя формы. Яна зноў і зноў гуляе з гэтымі вобразамі, якія ўвасабляюцца не толькі ў панцырах марскіх малюскаў або слімакоў, але і, напрыклад, у ручках ваз і нават у шахматных постацях.


Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры»

Каля дваццаці беларускіх мастакоў паказалі работы ў жанры пейзажфантазія на выстаўцы «Іншыя берагі». Візуальны шэраг экспазіцыі, прадстаўлены жывапісам і арт-шклом, мае лёгкую танальнасць і ненавязвыя адназначныя інтэрпрэтацыі. Яркі каларыт, экспрэсіўнасць — жывапісныя палотны зараджаюць рамантычным настроем. Метафізічная ўзаемасувязь усіх элементаў выставачнай кампазіцыі падтрымлівае жывыя фантазіі мастацкага шкла, якое сімвалізуе прывідную мяжу рэальнасці і нерэальнасці.

Такія мастакі, як Кацярына Сумарава, Рыгор Іваноў, Сяргей Пісарэнка, Аляксандр Лубнеўскі, Юрый Вінаградаў, Жанна Марозава, Леанід Гоманаў і іншыя, неаднаразова радавалі аматараў мастацтва адметнымі канцэпцыямі. Гэтым разам пейзажысты-рэалісты паказалі, што могуць працаваць з абстракцыяй ці ствараць відэаарт, а прыхільнікі «чыстай» абстракцыі якраз звярнуліся да рэалістычных элементаў жывапісу.

Фантазійныя пейзажы кожнага аўтара — гэта адкрытыя дзверы ва ўяўны свет. Шматмерныя палотны і шкляныя скульптуры дораць гледачам выдатную магчымасць — ісці за сваім унутранным жаданнем і зазіраць у залюстроўі, аднаўляць «казачныя гарады» са сноў і дзіцячых кніжак.


Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Творчая спадчына мастака Барыса Аракчэева дзякуючы намаганням яго сям’і дастаткова шырока вядома беларускаму гледачу. Кожны год дачка мастака Аксана Аракчэева паказвае на розных выставачных пляцоўках невядомыя творы майстра. Гэтым разам яна арганізавала выстаўку «Дом на вуліцы Любімскай», дзе прадстаўлены палотны Барыса Аракчэева, звязаныя са знакавымі мясцінамі пісьменніка Максіма Багдановіча.

Справа ў тым, што і мастака, і пісьменніка аб’ядноўвае Яраслаўшчына. Барыс Аракчэеў нарадзіўся на гэтай зямлі і зрабіў тут першыя крокі, а Максім Багдановіч пераехаў сюды з сям’ёй бацькі ў 1908 годзе і скончыў Яраслаўскую мужчынскую гімназію, Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Яраслаўль, яго ваколіцы, жыццё буйнога горада адлюстраваны пісьменнікам у шматлікіх нататках, замалёўках, рэпартажах і фельетонах.

Некаторыя з успамінаў Максіма Багдановіча знайшлі адлюстраванне ў творчасці Барыса Аракчэева. У фондах музея захоўваюцца яго карціны «Гады вучобы ў гімназіі», «Вясна ў Карабісе», «Дом у Яраслаўлі на вуліцы Любімскай» (дзе якраз з 1912 па 1914 год жыла сям’я Багдановічаў) і іншыя. Гэтыя творы і работы з асабістай калекцыі Аксаны Аракчэевай сталі асновай экспазіцыі. Упершыню прэзентуюцца матэрыялы з архіва сям’і Аракчэевых: эцюды, замалёўкі, працоўныя запісы і лісты Барыса Уладзіміравіча, якія раскрываюць некаторыя сакрэты складанага і шматграннага творчага працэсу


Мастацкая галерэя «БЕЛАРТ»

На пляцоўцы мастацкай галерэі «Беларт» размясцілася цікавая выстаўка жывапісу Алеся Філіповіча і скульптуры Яраслава Філіповіча «Асяроддзе жыцця».

Выстаўка арганізавана Беларускім саюзам мастакоў да 60-годдзя з дня нараджэння жывапісца Алеся Філіповіча. Майстар прадстаўляе палотны, створаныя пераважна ў пейзажным жанры. Алесь Філіповіч — актыўны ўдзельнік многіх рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў. Да таго ж на працягу многіх гадоў ён робіць уласны самастойны этнаграфічна-краязнаўчы пошук: уважліва вывучае сваю малую радзіму Уздзеншчыну, дзе апошнім часам жыве і працуе на сядзібе бацькоў у вёсцы Куль. Цікавыя, з гістарычным падтэкстам, работы прыцягваюць глыбокімі колерамі, своеасаблівай пластыкай. Мастаку вельмі падабаецца жанр пейзажа і партрэта. Усё сваё прафесійнае жыццё Алесь Філіповіч прысвяціў менавіта гэтым кірункам.

Побач з жывапіснымі палотнамі мастака на выстаўцы прадстаўлены бронзавыя скульптуры яго таленавітага сына Яраслава. Работы гарманічна ўпісваюцца ў кантэкст праекта, кранаюць тонкасцю і вытанчанасцю.


Арт-гасцёўня «Высокае месца»

У Арт-гасцёўні «Высокае месца» размясцілася выстаўка работ кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Інтэрферэнцыя». Экспазіцыя дэманструе шырокі спектр магчымасцяў розных тэхнік і матэрыялаў, а таксама неабмежаваны палёт мастацкай думкі. Гэта вынік узаемадзеяння розных кірункаў мастацкага тэкстылю і касцюма, керамікі, шкла і металу, камбінацыя традыцый беларускага мастацтва са свежымі ідэямі і творчымі пошукамі студэнтаў кафедры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва.

Інтэрферэнцыя хваляў у фізіцы — гэта з’ява павелічэння або памяншэння яркасці выніковай хвалі пры складанні дзвюх або некалькіх хваляў. Падобна таму, як інтэрферэнцыя дае магчымасць убачыць каляровыя разводы, так і ўзаемадзеянне традыцый і досведу выкладчыкаў кафедры з аўтарскім эксперыментам студэнтаў нараджае нечаканыя візуальныя эфекты.

Вывучаючы розныя спосабы дэкарыравання і трансфармацыі тканіны, студэнты распрацавалі асабістыя калекцыі, удзялілі асаблівую ўвагу тэатральнаму касцюму. У работах у кераміцы, шкле, метале мастакі выкарыстоўвалі ручныя і механізаваныя тэхнікі, эксперыментавалі з формамі і аўтарскімі падыходамі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.