Вы тут

«Еўрабачанне—2019»: старт дадзены!


Сёння ў Тэль-Авіве на плошчы ля старэйшага ў краіне тэатра Габіма адбываецца афіцыйнае адкрыццё Еўратыдня. На чырвоную дывановую дарожку, якая сёлета, зрэшты, была аранжавай, выходзяць з бялюткіх лімузінаў і ўрачыста шпацыруюць пад прыцэлам тэлекамер дэлегацыі з 41 краіны—удзельніцы 64-га песеннага конкурсу. Трансляцыю цырымоніі ў прамым эфіры зладзіў ізраільскі тэлеканал Kan, а таксама інтэрнет-канал конкурсу.


Вы вячэралі ў шабат?

Цікавая дэталь: Ізраіль прымае «Еўрабачанне» ўжо ў трэці раз, прычым адбываецца гэта праз роўныя прамежкі ў 20 гадоў — 1979-ты, 1999-ты і, нарэшце, 2019-ты. Аднак упершыню гаспадаром шоу стаў менавіта Тэль-Авіў. 

Каб напоўніцу пагрузіць тысячы гасцей у ізраільскую гасціннасць і нацыянальны каларыт, муніцыпалітэт падрыхтаваў шэраг пазаконкурсных мерапрыемстваў — экскурсіі, паход на адкрыты кірмаш Шук Кармель, тэматычныя вечарынкі, а таксама адмысловы праект «вячэра ў шабат» (унікальная магчымасць трапіць перад фінальным шоу на традыцыйную святочную сямейную вячэру і пакаштаваць мясцовыя стравы. І хоць каштуе гэта задавальненне для турыстаў нятанна, ад 60 еўра на чалавека, попыт на кулінарнае знаёмства з Ізраілем надзвычай высокі).

Яшчэ адна цікавінка «Еўрабачання-2019» — магчымасць для артыстаў, ды і наогул для ўсіх ахвотных, высветліць сваё паходжанне. Рэч у тым, што партнёрам конкурсу выступае кампанія My Heritage, якая займаецца даследаваннямі паходжання чалавека. Таму ўсім удзельнікам конкурсу прапанавалі здаць ДНК-тэст і даведацца пра свае карані і нацыянальнасці сваіх далёкіх продкаў. Напрыклад, пераможца «Еўрабачання-2018» Нета Барзілай высветліла, што ў яе каля паловы генаў сефардскіх яўрэяў з Паўночнай Афрыкі і яшчэ палова — ашкеназійскіх яўрэяў з Усходняй Еўропы. Дарэчы, падобныя ДНК-тэсты для ўдакладнення свайго радаводу кампанія рэкламуе і прадае па ўсім свеце. 

Мільён для Мадоны

Сам конкурс арганізатары таксама пастараліся зрабіць відовішчным і эфектным. Дзеля гэтага ў каманду вядучых, акрамя зоркі YouTube Люсі Айяб і папулярных тэлеперсон Асі Азара і Эрэс Тала, запрасілі знакамітую ізраільскую супермадэль Бар Рафаэлі, а на шоу замовілі выступіць Мадону. Дзве песні, якія выканае амерыканская поп-дзіва, абышліся ў 1 мільён долараў, але гэту суму знайшлі па-за бюджэтам (спонсарам выступіў канадскі мільярдэр ізраільскага паходжання). Таксама сярод музычных «разынак» конкурсу — своеасаблівая пераклічка пераможцаў і фіналістаў «Еўрабачання» розных гадоў. Як плануецца, Монс Зэлмерлёў са Швецыі, Верка Сярдзючка з Украіны, Канчыта Вурст з Аўстрыі, Элені Фурэйра з Кіпра, леташняя пераможца Нета Барзілай... пераспяваюць песні адно аднаго.

Бела-ружовае, але не зефір

Асноўная ўвага гледачоў у зале і тэлеаўдыторыі, якая складае каля 200 мільёнаў чалавек па ўсім свеце, безумоўна, будзе належаць канкурсантам. У беларускі ЗЕНЫ (Зінаіда Купрыяновіч), якая выступіць у першым паўфінале 14 мая, задача мінімум — трапіць у дзясятку лепшых, каб працягнуць барацьбу ў фінале. Пакуль што шансы 16-гадовай артысткі еўрапейская прэса і фанаты ацэньваюць даволі сціпла, нягледзячы на завадны, танцавальны нумар і бадзёранькую модную песню. 

Чым яшчэ за тры хвіліны выступлення будзе браць публіку ЗЕНА? Ну, па-першае, прыродным абаяннем і хараством юнацтва — гэтага дабра ў артысткі хопіць на некалькіх менш матываваных спявачак. Па-другое, ванільным бела-ружовым уборам: высокія белыя чаравікі са шнуроўкай і лагатыпам-імем артысткі на халявах, бела-ружовы топ з графіці і такія ж шорты. Выглядае так, як быццам стылісты, якім надакучылі параўнанні артысткі з даўнімі вобразамі Брытні Спірс, вырашылі: а няхай параўноўваюць, і яшчэ ўзмацнілі эфект. Нарэшце, па-трэцяе, у нумары ЗЕНЫ, які адлюстроўвае, паводле задумкі рэжысёра-пастаноўшчыка Андрэя Цара, «культуру вуліц», два хлапцы-малайцы пакажуць трыкінг. Нічога страшнага за гэтым словам не хаваецца, проста спалучэнне паветранай акрабатыкі і танцу. Ну і напрыканцы, як водзіцца, піратэхніка: дым і 30 вогненных фантанаў.

У топ ідуць адны юнакі

Пакуль вы разважаеце, ці дастаткова ўсёй гэтай прыгажосці для фіналу конкурсу, скажам некалькі словаў пра тых, каго там даўно чакаюць — прынамсі, паводле прагнозаў букмекераў. У пяцёрцы найбольш верагодных пераможцаў сёлета адны толькі мужчыны. Фаварыт нумар адзін — Дуглас Лоўрэнс з Нідэрландаў, стаўкі на перамогу якога прымаюцца з каэфіцыентам менш за 3,5. Яму ў спіну дыхаюць швед Джон Лундвік, скандальны прадстаўнік Францыі Білал Хасані, расіянін Сяргей Лазараў, які па прыкладу многіх удзельнікаў «Еўрабачання» спрабуе двойчы ўвайсці ў адну раку (чаму б і не, калі ў тваёй камандзе Філіп Кіркораў?), і галасісты спявак Чынгіз з Азербайджана. Беларусь у спісах букмекераў па-ранейшаму ніжэй за 30-ю выніковую пазіцыю, хоць і хацелася б, каб на гэты раз прагнозы не спраўдзіліся. Нездарма ж слоган конкурсу сёлета — Dare to Dream, «Дазволь сабе марыць»!

Больш падрабязна пра сапернікаў ЗЕНЫ, цікавыя падзеі і галоўных фрыкаў «Еўрабачання-2019» чытайце ў наступных матэрыялах на сайце «Звязды».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovision.tv

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.