Вы тут

Белстат тлумачыць пра зарплату


Чым адрозніваецца сярэдняя зарплата ад рэальнай і як яе лічаць? Што такое медыянная заработная плата? Чаму мужчыны зарабляюць больш за жанчын?

Нядаўна прайшла другая публічная лекцыя з цыкла «Белстат растлумачыць», якая была прысвечана пытанню, што востра хвалюе ўсё дарослае насельніцтва краіны, — заработнай плаце, а калі дакладней — статыстыцы па зарплаце. Яе прачытала начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі працы Ірына Бандарэнка.


Фота: 5min.by

Што такое сярэдняя зарплата?

Гэта ўсярэднены паказчык, у якім улічваецца заработная плата ўсіх работнікаў краіны, незалежна ад віду дзейнасці і пасады. Яна разлічваецца як сума налічанага фонду зарплаты ўсіх работнікаў усіх арганізацый — іншымі словамі, гэта сума заробкаў усіх — ад прыбіральшчыцы да генеральнага дырэктара — падзеленая на ўсю колькасць работнікаў.

Гэтая сума ўяўляе сабой «брудную» зарплату (з усімі даплатамі, прэміямі, адпускнымі), з якой яшчэ не вылічаныя падаходны падатак і страхавы ўзнос. То-бок, гэтая сума большая за тую, якую мы атрымліваем на рукі.

Такі падыход, як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі працы Белстата, адпавядае міжнародным стандартам і рэкамендацыям Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Як збіраецца інфармацыя?

Усе буйныя і сярэднія арганізацыі краіны, незалежна ад віду дзейнасці, штомесяц (мікра- і малыя арганізацыі — са сваёй перыядычнасцю, а некамерцыйныя, з колькасцю да 15 чалавек — раз у год) запаўняюць форму справаздачнасці і падаюць яе ў органы статыстыкі. Паказваюцца даныя аб колькасці работнікаў, фондзе заработнай платы, колькасці прынятых і звольненых на працягу месяца і некаторыя іншыя звесткі. Улічваюцца і работнікі, якія працуюць па дагаворы падраду.

У раённых і гарадскіх органах статыстыкі ўсе справаздачы аналізуюцца і падвяргаюцца разнапланаваму кантролю. Свежыя лічбы звяраюцца з інфармацыяй за папярэдні месяц, і калі ёсць прыкметнае разыходжанне паказчыкаў (шмат звольненых, значна скараціўся або вырас фонд зарплаты і да т. п.), работнікі статыстыкі ўдакладняюць прычыны.

Навошта ўсё гэта трэба?

Ведаць сярэднюю зарплату неабходна для аналізу і прагназавання сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Таксама на падставе сярэдняй зарплаты і індэкса спажывецкіх цэн разлічваецца рэальная зарплата, якую можна супастаўляць з прадукцыйнасцю працы. Рэальная зарплата — гэта сярэдні заробак, скарэктаваны на памер інфляцыі.

Арганізатарамі праекта з'яўляюцца Нацыянальны статыстычны камітэт, суполка «Адкрытыя даныя» і Прэс-клуб.

Таксама інфармацыя аб налічанай сярэднямесячнай зарплаце па краіне выкарыстоўваецца для ўстанаўлення памеру пенсій (яе рост дае падставу для перагляду працоўных пенсій) і некаторых дапамог. А ў сітуацыях, калі былі згубленыя даныя па зарплаце канкрэтнага работніка, суд прымае рашэнне выкарыстаць для налічэння яму пенсіі даныя аб сярэднім заробку альбо па краіне, альбо па канкрэтным рэгіёне, выглядзе дзейнасці, у якой гэты работнік быў заняты.

Чаму мужчыны зарабляюць больш за жанчын?

Разрыў у аплаце працы мужчын і жанчын назіраецца ва ўсім свеце. Найбольш істотным ён з'яўляецца ў Азербайджане (суадносіны сярэдняй зарплаты жанчын да зарплаты мужчын — 50 %), Арменіі (66 %), Казахстане (69 %), Эстоніі (72 %). А вось у Партугаліі (91 %), Бельгіі (89 %), Іспаніі, Літве (88 %) — амаль гендарная роўнасць. У Беларусі разрыў знаходзіцца ў межах 73—81 % пачынаючы з 1995 года.

Гістарычна так склалася, што сферы, у якіх пераважаюць жанчыны (адукацыя, сацыяльныя паслугі і інш.), з'яўляюцца не самымі высокааплатнымі. А напрыклад, у авіяцыі і ІT, дзе зарплаты адны з самых высокіх, занятыя пераважна мужчыны.

У лістападзе 2018 года сярэдняя зарплата склала 994 рублі, а медыянная зарплата — 751,1 рубля.

Што такое медыянная зарплата і чым яна адрозніваецца ад сярэдняй?

Двойчы ў год — за май і лістапад — Белстат збірае даныя ад арганізацый аб размеркаванні іх работнікаў па памеры зарплаты.

У якасці прыкладу прадстаўнік Белстата параўнала размеркаванне работнікаў па памеры зарплаты ў двух відах дзейнасці — адным з самых нізкааплатных (сацыяльныя паслугі і паслугі па доглядзе ў дамах-інтэрнатах) і ў адным з самых высокааплатных (у сферы ІT).

Большая частка айцішнікаў зарабляе ад 2 тысяч рублёў і вышэй. А сярэдні заробак сацработнікаў у лістападзе мінулага года склаў 572 рублі, пры гэтым амаль палова работнікаў мелі зарплату ад 400 да 600 рублёў.

На аснове такіх даных разлічваецца медыянная зарплата. Гэта тая сума, якая падзяляе работнікаў на дзве роўныя часткі: палова з іх атрымлівае менш, палова — больш.

У сусветнай практыцы нармальнай лічыцца розніца паміж медыяннай і сярэдняй зарплатамі ў межах 20—25 % (медыянная заўсёды ніжэйшая). У Беларусі гэты паказчык у межах нормы, хоць у апошнія гады і пачаў расці.

Па відах эканамічнай дзейнасці адна з самых невялікіх розніц у памеры медыяннага і сярэдняга заробкаў — у горназдабыўной прамысловасці, металургічнай вытворчасці, а самы вялікі разрыў — у паветраным транспарце.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата беларусаў у сакавіку гэтага года склала 1057 рублёў. Пры гэтым сярэдні заробак у Мінску за сакавік склаў 1 544,5 рубля (тэмп росту да сакавіка 2018 года — 105,9 %). У Мінскай вобласці — 1051,1 рубля (110,4 %), у Гомельскай — 930,2 рубля (107,3 %), у Гродзенскай — 892,7 рубля (108 %), у Брэсцкай — 892 рублі (107,4 %). Сярэдні заробак у Віцебскай вобласці — 867 рублёў (107 %), у Магілёўскай — 846,3 рубля (104,4 %). У цэлым па краіне рэальная заработная плата з пачатку года вырасла на 7,8 %.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.