Вы тут

Нацыянальны выставачны цэнтр пабудуюць у раёне Экспабела


Падрабязнасцямі аб будаўніцтве Нацыянальнага выставачнага цэнтра па выніках нарады падзяліўся першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын.


На думку першага віцэ-прэм’ера, прынятае рашэнне аб будаўніцтве з’яўляецца вельмі важным, паколькі Беларусь — экспартна арыентаваная краіна, пабудова дадзенага комплексу разглядаецца праз гэтую прызму.

«Колькасць выстаў, удзел у іх замежных кампаній, замежных партнёраў, і як вынік — прасоўванне нашых тавараў за мяжу, — патлумачыў Аляксандр Турчын. — На самай справе, я б сказаў, што гэта нацыянальны праект — будаўніцтва такога цэнтра. Безумоўна, у многіх краінах ёсць спецыялізаваныя выставачныя цэнтры, якія арыентаваны менавіта на правядзенне выстаў, якія ў тым ліку дэманструюць патэнцыял гэтых краін. Таму так, рашэнне прынята, папярэдні архітэктурны праект мы сёння паказвалі кіраўніку дзяржавы».

Першы віцэ-прэм’ер дадаў, што ў прынцыпе ў Прэзідэнта пярэчанняў не было, аднак ён яшчэ раз даручыў прапрацаваць праект з улікам эканоміі грашовы сродкаў. «Усё павінна быць годна, прыгожа, але нядорага», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

Такім чынам, пастаўлена задача — у 2021 годзе Нацыянальны выставачны цэнтр павінен функцыянаваць. Паводле слоў першага намесніка прэм’ер-міністра, паколькі тэрміны сціснутыя, праектаванне комплексу неабходна пачаць у бліжэйшы час. Як толькі праект будзе гатовы, пачнуць будаўніцтва — і гэта трэба рабіць не пазней наступнага года.

«Месца размяшчэння — у раёне Экспабела», — сказаў ён і растлумачыў, што гэта пляцоўка з левага боку ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Былі і іншыя прапановы, напрыклад, пляцоўка ў раёне вёскі Малінаўка Мінскага раёна на скрыжаванні МКАД і Брэсцкага шасэ, аднак кіраўнік дзяржавы адхіліў такую прапанову, паколькі на прапанаваным месцы знаходзяцца жылыя дамы. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў: неабходна ўлічваць інтарэсы людзей.
«Чаму спатрэбілася пабудаваць асобны выставачны цэнтр, нягледзячы на наяўнасць двух спецыялізаваных збудаванняў і пляцовак тыпу Футбольнага манежа?» — пацікавіліся журналісты.

«У нас з спецыялізаваных выставачных пляцовак сёння ў краіне існуе два аб’екты — гэта павільён «Белэкспа», Пераможцаў, 14 — «Рамонак» так званы — і пабудаваны новы цэнтр у Кітайска-беларускім парку, — адзначыў Аляксандр Турчын. — А Футбольны манеж, «Мінск-Арэна» — гэтыя аб’екты будаваліся для зусім іншых мэтаў. Многія выставы там па аб’ектыўных прычынах не могуць размяшчацца — па габарытах не праходзяць і гэтак далей».

Ён падкрэсліў: Нацыянальны выставачны цэнтр — гэта іміджавы і знакавы праект для нашай краіны, ён стане чарговым упрыгожаннем не толькі сталіцы, але і ўсёй Беларусі.

Якія крыніцы фінансавання будаўніцтва? Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, гэта альбо крэдытныя рэсурсы «Банка развіцця», альбо ўключэнне ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Пры гэтым на нарадзе беларускі лідар падкрэсліў: у далейшым дадзены цэнтр павінен быць самаакупным, гэта значыць, усе эксплуатацыйныя выдаткі будзе несці арганізацыя, якая эксплуатуе будынак.

У тым праекце, які на нарадзе прадэманстравалі кіраўніку дзяржавы, запланавана наступная плошча цэнтра: 15 тысяч кв. метраў выставачных плошчаў і 15 тысяч кв. метраў — кангрэс-хол і бізнес-цэнтр. Сумарна — 30 тысяч кв. метраў. Таксама прадугледжана адкрытая пляцоўка для выставы цяжкай тэхнікі. Аднак Аляксандр Турчын падкрэсліў: гэта толькі папярэдняя плошча.

Ён адзначыў, што калі выставы не праходзяць, у цэнтры будзе адбывацца пастаянны рух і будуць арганізаваны іншыя мерапрыемствы. Паміж тым, заўважыў, што ў Беларусі за мінулы год прайшло больш за 200 выстаў. Гэта значыць, каляндар дастаткова насычаны.

Што тычыцца адзінай сістэмы каардынацыі выставачнай дзейнасці, то вядома, што за каардынацыю выстаў за межамі Беларусі адказвае БелГПП, а ўнутры краіны адзінага аператара няма. Урад атрымаў даручэнне: да заканчэння першага паўгоддзя разгледзець розныя варыянты па адзінай сістэме і ўнесці на разгляд кіраўніку дзяржавы. Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, ёсць некалькі варыянтаў, трэба выбраць аптымальны. Галоўны крытэрый, які агучыў Прэзідэнт па гэтым пытанні: усё павінна быць у дакладным кіраванні.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.