Вы тут

Як зрабіць авіяпералёт максімальна камфортным


Набліжаецца сезон адпачынкаў, час, калі змучаны руцінай будняў арганізм расслабляецца і зараджаецца энергіяй. І паколькі адлегласць да месца адпачынку звычайна няблізкая, частка шляху праходзіць на борце самалёта на вышыні, большай за 10 000 метраў. Як зрабіць яе камфортнай, нам расказала ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена СТРАЕНКА.


Не забудзьце пра аптэчку

Падрыхтоўка да паездкі пачынаецца са збору чамадана. І тут пажадана скласці спіс загадзя.

— Перад паездкай сфарміруйце аптэчку першай дапамогі. Яна павінна ўключаць абязбольвальныя, гарачкапаніжальныя, антыгістамінныя сродкі, антыбіётыкі, прэпараты ад дыярэі, для ўжывання пры траўмах, ад укачвання, для загару, рэпеленты ад насякомых, сродкі першай дапамогі пры ўкусе пчол і змей, — кажа Алена Страенка. — Гэта сэканоміць час на пошук лекаў у незнаёмай краіне. Спіс варта скарэктаваць з улікам вашых асабістых хвароб.

Правільнае адзенне і зручнае месца

Пры выбары месца ў салоне кіруйцеся сваім густам. Некаторыя любяць сядзець каля акна. Аднак падчас працяглага палёту кожны раз, калі спатрэбіцца выйсці, будзьце гатовы разбудзіць суседзяў побач. А тым, хто аддае перавагу месцам з краю, трэба быць гатовымі да пастаяннага руху з боку праходу. Але тут ёсць магчымасць устаць і прайсціся, акрамя таго, такія месцы дазваляюць сесці ў крэсле больш зручна.

Для палёту выбірайце зручнае адзенне з натуральных матэрыялаў. Падчас доўгіх пералётаў тэмпература ў салоне можа мяняцца, таму апранайцеся «слаямі»: майка, байка, вятроўка. Не забудзьцеся ўзяць цёплыя шкарпэткі, каб можна было зняць абутак і не адчуць холаду.

Найлепшы напой — вада

Не трэба забываць, што палёт — стрэс для арганізма.

— За гэты час мы губляем да шклянкі вады ў гадзіну, кроў згушчаецца, павышаецца нагрузка на сасуды і сэрца. Але праносіць вадкасць у ручной паклажы забаронена, а кошт вады ў перадпалётнай зоне завышаны. Таму можна ўзяць з сабой пустую бутэльку для піцця, як у спартсменаў. Пасля зоны мытнага і пашпартнага надгляду заўсёды ёсць фантанчыкі для піцця, дзе можна набраць вады.

— Працэс абязводжвання ўзмацняецца прыёмам алкаголю, — звяртае ўвагу Алена Страенка. — Таму не трэба ў самалёце ўжываць віно ці гарэлку. Лепш адмовіцца і ад напояў, што змяшчаюць кафеін: яны перашкаджаюць сну і садзейнічаюць далейшаму абязводжванню.

Крэслы ў самалёце не самыя зручныя, ненатуральная поза і зніжаная актыўнасць выклікаюць ацёкі. Пакладзіце пад паясніцу падушку, згорнуты шалік ці світар, накрыйцеся пледам. Падушку і плед можна папрасіць у сцюардэсы. Не забывайцеся: чым вышэй ногі адносна падлогі, тым лепш, таму паспрабуйце паставіць іх проста на ўласны багаж пад крэслам перад вамі.

Ледзянцы дапамогуць... вушам

У норме ціск у барабаннай поласці роўны атмасфернаму. Праблемы ўзнікаюць пры парушэнні гэтага балансу. Пры хуткім пад'ёме ўверх (узлёце самалёта) ціск у сярэднім вуху не паспявае выраўняцца і становіцца вышэйшы за атмасферны. Пры заходзе самалёта на пасадку ціск у сярэднім вуху перыядамі (да паступлення па слыхавой трубе чарговай порцыі паветра) аказваецца ніжэйшы за атмасферны. Гэта непрыемнае адчуванне, быццам бы вам у вуха трапіла вада і ніяк не выходзіць адтуль.

Каб аблегчыць праявы гэтага эфекту, дапамагаюць глытальныя і жавальныя рухі, на крайні выпадак «маляўнічы» зявок. Папулярнасцю карыстаюцца і ледзянцы, якія забяспечваюць глытальныя рухі падчас узлёту і пасадкі.

Калі пералёт доўгі, можна выкарыстоўваць бярушы ці навушнікі, маску для сну і падушку для падтрымкі шыі. Не забывайце, што навушнікі, якія выдаюць на борце, як правіла, не новыя, хоць і старанна ўпакаваныя. Іх ачышчаюць пасля палёту, а затым фасуюць зноў. З пункту погляду гігіены лепш узяць уласныя.

Выконваючы гэтыя няхітрыя правілы, вы забяспечыце сабе бесклапотны палёт.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Палёт без турбот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».