Вы тут

Офісны боль. Як сядзячая работа павышае рызыку захворванняў


Больш за 61 % беларусаў, якія займаюцца разумовай працай, маюць недастатковую фізічную актыўнасць. Да такіх высноў прыйшлі спецыялісты падчас даследаванняў. Гіпадынамія, у сваю чаргу, уплывае на ўсе сістэмы нашага арганізма, у прыватнасці, выклікае сардэчна-сасудзістыя захворванні, замаруджвае абмен рэчываў, спрыяе развіццю псіхічных расстройстваў.


Не страціць здароўе ў офісе

Вольга СІНЯКОВА, навуковы супрацоўнік клінічнай лабараторыі прафпаталогіі Навукова-практычнага цэнтра гігіены, расказала, што даследаванне праводзілася ў адной з банкаўскіх устаноў Беларусі. Было абследавана 639 супрацоўнікаў, у якіх выяўлялі фактары рызыкі развіцця хранічных неінфекцыйных хвароб. Фізічная актыўнасць ацэньвалася па крытэрыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Згодна з імі нізкай яна лічыцца, калі чалавек прысвячае хадзьбе менш за 30 хвілін у дзень, умеранай, калі ходзіць не менш за 150 хвілін на тыдзень, і, адпаведна, высокай, калі займаецца бегам, аэробікай, яздой на веласіпедзе і інш. Сярод абследаваных 61 % мелі нізкую фізічную актыўнасць, і толькі 3 % — высокую.

У супрацоўнікаў банка таксама вызначалі баланс артэрыяльнага ціску на чатырох канечнасцях, праводзілі так званую аб'ёмную сфігмаграфію. У 77 % работнікаў разумовай працы гэта баланс парушаны. І адна з прычын дысбалансу — працяглае знаходжанне ў статычнай позе і малая фізічная актыўнасць. Акрамя таго, у 37 % выяўлены павышаны артэрыяльны ціск.

— Прычым многія не ведалі, што ім патрэбна фізічная актыўнасць. Чамусьці распаўсюджана меркаванне, што з высокім ціскам трэба ляжаць на канапе і чакаць, пакуль ён знізіцца ад прынятай таблеткі. Тым часам павышаны артэрыяльны ціск можна нармалізаваць з дапамогай правільна падабранай фізічнай актыўнасці, — падкрэсліла Вольга Сінякова.

Каля 33 % абследаваных мелі лішнюю вагу, 15 % пакутавалі на атлусценне І ступені, па 2,5 % — ІІ і ІІІ ступені. І ў кожнага прасочвалася сувязь масы цела з узроўнем фізічнай актыўнасці.

Недастатковая фізічная актыўнасць уплывае і на псіхічны стан, высветлілі даследчыкі. У чалавека зніжаецца псіхаэмацыянальны стан, адаптацыйныя магчымасці. Як адзначыла Вольга Сінякова, у арганізаваных працоўных калектывах, асабліва калі праца сядзячая, трэба вяртаць вытворчую гімнастыку. Але і кожнаму па сілах дадаць у сваё жыццё актыўнасці нават на працы:

— Пачынайце з малога, не трэба адразу ісці ў залу і цягаць штангу. Калі трэба аднесці паперы ў іншы кабінет, спусціцеся па лесвіцы, а не едзьце на ліфце. Калі трэба нешта абмеркаваць з калегам, не карыстайцеся тэлефонам, а прайдзіцеся да яго. Калі размаўляеце па тэлефоне, хадзіце па кабінеце ці хаця б стойце, а не працягвайце сядзець. Раніцай ці ўвечары праігнаруйце грамадскі транспарт і прайдзіцеся пару прыпынкаў пешшу, — раіць Вольга Сінякова.

Пачынаць у дзяцінстве...

Прыхільнасць да фізічнай актыўнасці трэба фарміраваць з дзяцінства. Прычым, калі любоў да спорту не дэманструюць на ўласным прыкладзе бацькі, чакаць яе ад дзяцей не трэба.

— Мы праводзілі даследаванне сярод дзяцей 3, 7, 10, 11-х класаў. Больш за трэць з іх сядзяць за камп'ютарамі і іншымі гаджэтамі больш за тры гадзіны ў дзень, — расказвае загадчык лабараторыяй гігіены дзяцей і падлеткаў Навукова-практычнага цэнтра гігіены Наталля ГРЭКАВА. — Каля 70 працэнтаў старшакласнікаў не выходзяць на прагулкі не таму, што шмат задаюць хатніх заданняў. А таму, што адразу пасля складаных урокаў садзяцца за складаную электронную прыладу. У іх не адпачываюць вочы, не адпачывае мозг ні на перапынку ў школе, ні дома.

...і не спыняцца ў старасці

— Многія лічаць, што, праходзячы 10 тысяч крокаў штодзень, яны робяць усё, каб жыць доўга. Але важна памятаць, што фізічная актыўнасць павінна быць інтэнсіўнай. Гэта 150 хвілін у тыдзень, калі ваш пульс павялічваецца на 40 працэнтаў, у адваротным выпадку не будзе выніку, — кажа кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава Людміла ЖЫЛЕВІЧ. — Але каля 20 працэнтаў дарослых не забяспечваюць сабе нават сярэднюю фізічную актыўнасць. Атлусценне, цукровы дыябет 2-га тыпу, артэрыяльная гіпертэнзія звязаны з гіпадынаміяй.

Эксперт падкрэсліла, што ў пажылым узросце людзі лічаць, што ім трэба зніжаць фізічную актыўнасць.

— Новыя даныя паказваюць, што гэта не так. Канешне, актыўнасць павінна быць не такая, як у маладых людзей, і для гэтага трэба параіцца з урачом. Напрыклад, у жанчын у постменапаўзе фізічная нагрузка дапамагае захаваць кальцый у касцях, — кажа Людміла Жылевіч. — У сябе ў цэнтры мы назіраем і тых, хто пражыў больш за 100 гадоў. Магу сказаць, што ўсе яны мелі пастаянную рухальную актыўнасць, але ні адзін не быў спартсменам высокага класа. Таму наша спадзяванне на даўгалецце павінна грунтавацца і на фізічных нагрузках.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».