Вы тут

Ветэран трапіла ў партызанскі атрад 12-гадовай дзяўчынкай. Яе гісторыя


Валасы падкручаныя, на вуснах памада, у вачах бляск і цікавасць — глядзіш на яе і не верыш, што перад табой удзельніца Вялікай Айчыннай.

— Калі маладая была, усе давалі мне больш гадоў, чым насамрэч. Цяпер наадварот. Гэта і добра! У кавалеры набіваюцца 70-гадовыя «хлопцы». Таму жаліцца няма на што, — смяецца Таісія Міхайлаўна Козыр-Паўлоўская ў адказ на кампліменты.

Самаіроніі жанчыне не пазычаць. Магчыма, менавіта гэтая рыса дапамагла перажыць страшныя выпрабаванні, якія выпалі на яе долю ў самым пачатку жыцця.


ПРАДЧУВАННЕ БЯДЫ

Сям'я Паўлоўскіх пераехала ў Брэст за год да вайны. Бацька спачатку быў першым ваенным камісарам горада, пасля ўзначаліў гарадскі ацяпляльны аддзел. Пасада высокая: меўся аўтамабіль з асабістым кіроўцам і сакратар.

— У суботу 21 чэрвеня бацькі пайшлі ў тэатр, а калі вярнуліся, то не маглі спыніць сварку. Мама казала, што бачыла ў зале пераапранутых немцаў. А бацька адмахваўся: «У нас жа мірны дагавор з Германіяй! Гэта проста яўрэі на ідышы размаўлялі!» — успамінае ветэран. — Увогуле, тыдні за два-тры народ у Брэсце быццам жыў прадчуваннем чагосьці нядобрага. Жыхары падзяліліся: адны, як маці, даказвалі, што немцы рыхтуюцца да наступлення, а другія, адданыя камуністы, як бацька, верылі ў сілу дагавора аб ненападзенні. На досвітку 22 чэрвеня, калі ў вугал нашага дома трапіў снарад, стала канчаткова ясна, хто меў рацыю. Пачалася вайна.

Таісія Міхайлаўна памятае, як самалёты зніжаліся над Брэсцкай крэпасцю і «пасыпалі» яе бомбамі, а перастрэлкі чуліся нават ноччу.

— Тады мы не здагадваліся, якое пекла разгарнулася за чырвонымі сценамі, але спадзяваліся, што вось-вось прыйдзе падмога і адваюе крэпасць назад. А цяпер на 9 Мая ўсе ветэраны горада збіраюцца на гэтым месцы. Дарэчы, кветкі, якія дораць дзеці на свята, я ніколі не бяру дадому — усё пакідаю героям крэпасці. Сюды з букетам можна толькі ўвайсці, але ніяк не выйсці!

— Крэпасць білася да апошняга салдата. А што адбывалася ў самім горадзе?

— Страшна было. Бацька пайшоў у лес (немцы вышуквалі камуністаў на высокіх пасадах і распраўляліся з імі ў першую чаргу. — Аўт.), мы засталіся. За некалькі дзён з'елі ўсе запасы прадуктаў: акрамя мяне, у мамы было яшчэ трое дзяцей — Ганна, Валерый і Алег. Каб не памерці з голаду, прыйшлося жабраваць. Вайна яна такая: учора ў цябе быў аўтамабіль з шафёрам, а заўтра твае дзеці ходзяць па вуліцах у пошуках лустачкі хлеба ці бульбіны... Праз месяц бацька прыслаў падводу з запіскай, і нам удалося выехаць. Мы жылі па некалькі месяцаў у розных вёсках. Заблытвалі след. Маці шыла для вясковых жанчын, за кошт гэтага мы і карміліся. Тата ўвесь час праводзіў у лесе, фактычна ён быў адным з пачынальнікаў партызанскага руху на Брэстчыне.

СВАЕ СЯРОД ЧУЖЫХ

— Тое, што мы з Лерыкам выжылі, — цуд! Мама ніколі не будзіла мяне рана, давала выспацца. Тым кастрычніцкім ранкам чамусьці адправіла па малако. Брат пайшоў пасвіць вясковых кароў. Больш мы сваю сям'ю ніколі не бачылі, — Таісія Міхайлаўна прыкрывае твар рукамі і робіць паўзу. — Іх расстралялі, не пашкадавалі нават Алега — яму і трох гадоў не было. Мяне на паўдарозе да хаты спынілі суседзі, сказалі ісці прэч ад вёскі. Толькі ўвечары я даведалася, што здарылася.

Трое сутак Таісія правяла ў лесе.

— Я б зараз на такое пад дулам пісталета не пагадзілася! Тады ноччу прыходзілася забірацца ў гурбу лісця. Добра, што яшчэ сабака прыбег, якога я ў вёсцы падкормлівала, — разам цяплей. Вясковыя хлапчукі на другі дзень далі вопратку, нейкую ежу. Але сыпануў дождж, і я вярнулася ў вёску. Там ужо чакалі Іван і Марфа Дукшэй, знаёмыя бацькоў, якія таксама трымалі сувязь з партызанамі. Спачатку жыла ў каморы ў іх доме, а пасля мяне забрала да сябе бяздзетная пара — Пётр і Ксенія Суботы. У дзядзькі быў конь, і паліцаі час ад часу прасілі яго што-небудзь ці каго-небудзь падвезці, таму да іх асабліва не чапляліся. Зіму мы перажылі спакойна, але ў сакавіку па мяне ўсё ж такі прыйшлі.

Мінула столькі гадоў, аднак жанчына добра памятае галасы і твары тых, хто яе дапытваў... З засценкаў гестапа паўжывую Таісію забралі Суботы. Дзеля дзяўчынкі па сутнасці чужыя людзі за ноч сабралі па ўсёй вёсцы багаты выкуп і завезлі яго паліцаям. Месяц Таісія цяжка хварэла, нават гаварыць не магла, але Ксенія з Пятром яе выхадзілі.

— Заставацца ў іх было небяспечна. Як толькі паправілася — пайшла ў лес разам з сям'ёй Дукшэяў. Яны трапілі ў сямейны лагер, а я — у атрад імя Шчорса, дзе брат Валерый уваходзіў у спецгрупу падрыўнікоў.

ПАРТЫЗАНСКІЯ БУДНІ

— Першае, чаму навучылі ў атрадзе, — як саму сябе наганам застрэліць. — Таісія Міхайлаўна бярэ відэлец, адкрывае рот і паказвае, як трэба было трымаць рэвальвер, каб пуля адразу праз мозг прайшла і смерць наступіла імгненна. — Навошта такія веды? Застаюся, напрыклад, ноччу адна каля вогнішча. А калі немцы прыйдуць? У агонь кідацца?

Ветэран прызнаецца: паміраць не баялася, было страшна трапіць жывой да фашысцкіх катаў.

— Што яны зрабілі з нашым Вадзімам! Выразалі зоркі па ўсім целе, павесілі на вачах у іншых і прыбілі на цела шыльду з надпісам «Так будзе ўсім партызанам»... Але падрывы чыгункі не спыняліся. Гэта было лета 1943-га — пачатак рэйкавай вайны.

У партызанаў была сувязь з падпольшчыкамі Брэста. Яны ведалі, калі будуць ісці цягнікі з жывой сілай. Дабрацца да варожых эшалонаў было няпроста: немцы прадбачліва прымусілі сялян з навакольных вёсак высекчы лес на 200 метраў ад чыгункі. На кожныя 500 метраў-кіламетр паставілі блок-пасты.

— Паўзеш па-пластунску ўначы па голым полі і бачыш толькі, як папяросы ў цемры свецяцца. У мяне зрок быў добры, я пракладвала шлях падрыўнікам. Туды лезеш — ні шораху лішняга, ні руху, а пасля выбуху ўскокваеш і бяжыш на ўсіх парах. Навокал жудасны свіст (гэтак вагоны разляталіся), параненыя крычаць і шалёна калоціцца тваё ўласнае сэрца.

Праз некаторы час немцы прыдумалі пускаць за паравозам некалькі платформаў з пяском.

— Затое да нас пачалі прылятаць самалёты. Ведаеш, як дазнацца, што яны побач у поўнай цемры? Трэба ссунуць траву і шчыльна прыціснуцца вухам да зямлі — адчуеш вібрацыю. Мы на аэрадроме дзяжурылі па трое. Кожнаму давалі па 50 грамаў газы і салому. Лётчыкі, калі бачылі, што ўнізе адначасова ўспыхвалі тры вогнішчы, ведалі: гэта партызаны, можна садзіцца.

Але не толькі баявымі заданнямі запомнілася Таісіі партызанскае жыццё.

— Балотны побыт — рэч не самая прыемная. Ногі ўвесь час мокрыя, бо шлях да зямлянкі пралягаў праз дрыгву. Аступішся — пойдзеш пад ваду, ніхто і ведаць не будзе. А як нас вошы заядалі! Жудасць. Адзінае выратаванне ад іх — мыць адзенне. Не мылам і парашкамі, як цяпер. Націралі попелам, у балотнай вадзе паласкалі — і пад чыгунны прас з гарачымі вугольчыкамі, — расказвае з веданнем справы партызанка. — Не хочацца крывіць душою і казаць, што падчас вайны ўсе былі на роўных. На мой «лясны перыяд» жыцця якраз прыпаў момант пераходу ад дзяўчынкі да дзяўчыны. Мамы, сястры ці нават сяброўкі, якія маглі б растлумачыць, што са мной адбываецца, побач не было. Затое быў дзядзька Ваня — дарослы і ўважлівы да нас, падлеткаў, чалавек. Прынёс неяк з вёскі льняныя прасціны са словамі: «Парві сабе на анучкі». Вось вам і сродкі гігіены тагачасныя.

ЗАГАД АД СІКОРСКАГА

— Дзяжурыла я аднойчы на аэрадроме, раптам чую знаёмы голас: «Тася! Гэта ты?» Паварочваюся — Сяргей Іванавіч з жонкай і маёй аднакласніцай Валькай. Сікорскія да вайны жылі на адной з намі вуліцы. Даведаўшыся пра мой незайздросны лёс, будучы Герой Савецкага Саюза, а тады яшчэ проста камандзір Брэсцкага партызанскага злучэння сказаў: «Зараз жа вылятаеш у Маскву. Пярэчанні не прымаюцца. Гэта загад!» Я ўпіралася, а Сікорскі прыгразіў, што прывяжа да насілак і ўсё роўна мяне забяруць, — з усмешкай прыгадвае ветэран. — Дабіраліся на «вялікую зямлю» пад залпы агню. Калі самалёт пралятаў над цэнтральнай часткай Беларусі, штурман абвясціў: «Пралятаем над партызанамі Мінскага злучэння. Яны нас вітаюць ракетамі!» Мы так радавалася і думалі: нішто сабе некаторыя партызаны жывуць, ракетніцы лішнія маюць! Аднак радасць сышла пасля прыбыцця ў Маскву. Там нас сустрэлі з перапужанымі тварамі. Камандаванню пілот перадаў зусім не такое паведамленне, як пасажырам. Насамрэч стралялі немцы. Прычым так, што ўсе загадзя паспелі з намі развітацца.

Працягнуліся прыгоды і ў савецкай сталіцы.

— Нас з Валькай Сікорскай міліцыя затрымала! Прыехалі, што называецца, дзяўчынкі з брэсцкіх балот у Маскву. Вядома, на месцы не сядзелася. Выйшлі на вуліцу, крыху прайшліся і на першым жа павароце дзядзька ў форме: «Хто такія? Партызаны? А дзе дакументы?» Добра хоць Таццяна Новікава з ЦК партыі БССР нас хутка знайшла.

«ЗЯМЛЯЧКА» ГАГАРЫНА

З Масквы Таісію адправілі ў Саратаў — да роднага брата мамы Аляксандра Ляхоўскага. Там яна скончыла школу і медвучылішча.

— Кожнае лета прыязджала ў Брэст — да Дукшэяў, Суботаў, сяброў бацькоў і сваіх таварышаў-партызанаў. Яны прасілі застацца назусім. А я не магла. Прыходзіла да нашага катэджа на вуліцу Чкалава (ён пасля вайны яшчэ стаяў) і плакала наўзрыд. Думкамі пастаянна вярталася ў тую страшную раніцу, калі расстралялі самых блізкіх майму сэрцу людзей. Абяцала сабе не жыць на мяжы. Ад тых успамінаў я, напэўна, і спрабавала збегчы, калі ўзяла пасля вучылішча размеркаванне на Далёкі Усход.

Дарэчы, там ветэран пражыла больш за дваццаць гадоў, паспела выйсці замуж, атрымаць дзве вышэйшыя адукацыі і зрабіць кар'еру — ад звычайнага фельчара ў глухой вёсцы да загадчыка аддзела аховы здароўя ў гаркаме Камсамольска-на-Амуры. Успамінаючы той час, Таісія Міхайлаўна дастае са шкатулкі невялічкі папяровы запрашальнік. На ім — абрыс Уладзіміра Леніна і загадкавы аўтограф.

— Гэта было ў 1967 годзе. На юбілей горада да нас з'ехалася шмат знакамітых людзей. Паколькі я адказвала за ўсіх урачоў раёна, то і медабслугоўванне высокіх гасцей было маёй задачай. І трэба ж здарыцца няшчасцю — у Юрыя Гагарына разбалеўся палец на левай назе! Узяла я найлепшага хірурга і бягом у гасцініцу, — успамінае ветэран. — Ніколі не забуду наш дыялог. Я яму: «Не хвалюйцеся, Юрый Аляксеевіч, зараз хірург пойдзе з вамі ў апартаменты, паглядзіць нагу, апрацуе і зробіць перавязку». — «Не, з такой цікавай жанчынай я адзін у нумар не пайду! — смяяўся ён. — Толькі калі з вамі». Ну што рабіць? Самы вядомы чалавек у свеце заве — трэба ісці! Ён усё жартаўліва называў мяне «зямлячкай», бо мы ў адным горадзе вучыліся. А праз некалькі гадзін было ўрачыстае пасяджэнне ў гонар юбілею. На першым радзе — месцы для гасцей прэзідыума, а мы, супрацоўнікі гаркама, сядзелі на другім. Увайшоў Юрый Аляксеевіч у залу, убачыў мяне — знаёмы твар — і сеў акурат наперадзе. У канцы пасяджэння сказаў: «Ну, зямлячка, дзе тваё запрашэнне?» Узяў і распісаўся на ім.

НА РАДЗІМУ ЎСЛЕД ЗА ГУССЮ

Вяртанне дадому ў Таісіі Міхайлаўны адбылося нечакана. Падчас чарговых вакацый у Брэсце яна прыйшла з мужам на рынак. Доўга хадзіла паміж радамі ў пошуках самага свежага і смачнага, пакуль не наткнулася на вялікія гусіныя тушкі.

— Калі даведалася, колькі яны каштуюць, то была ў шоку. Зусім танныя ў параўнанні з тымі, што прыходзілася купляць у Расіі. Менавіта ў той дзень у маёй галаве пачалі зараджацца думкі пра пераезд у горад дзяцінства. Вынік — я сяджу зараз перад вамі і ні кроплі аб гэтым не шкадую. Мае дзеці і ўнукі разляцеліся па свеце — жывуць у Мінску, Расіі і Фінляндыі. І пастаянна клічуць мяне да сябе, але я свой Брэст пакідаць не збіраюся!

Ганна КУРАК, фота аўтара

Мінск — Брэст — Мінск

Загаловак у газеце: Лясная быль Тасі Паўлоўскай

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.