Вы тут

«Нарачанская зорка» для Алега Навіцкага


Расійскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі ў чарговы прыезд на малую радзіму — горад Чэрвень — наведаў унікальны «Аптэкарскі сад» у Мядзельскім раёне і пагутарыў з журналістамі.


Алег Віктаравіч прыляцеў на Мядзельшчыну на верталёце. Як толькі ступіў на зямлю, адразу выказаў захапленне краявідамі, якія пабачыў з вышыні.

— На Мядзельскай зямлі я ўпершыню, — кажа Герой Расіі. — Сапраўды, цудоўны, прыгожы зялёны край. Канешне, хацелася б пабыць тут даўжэй, пакупацца ў возеры, паблукаць па лесе. Магчыма, прыеду сюды з сям'ёй падчас чарговага адпачынку.

У «Аптэкарскім садзе» касманаўт пасадзіў яблыню.

— Цяпер буду прыязджаць сюды кожную восень, каб сабраць ураджай, — пажартаваў ён.

Дырэктар Цэнтра экалагічнага турызму «Экасад» Аляксандр Рогач выказаў гатоўнасць адпраўляць касманаўту поштай сакавітыя яблыкі з гэтага дрэва. Спецыялісты кампаніі «Ля трох азёр» паказалі шаноўнаму госцю майстар-клас па змешванні розных відаў чаю з дабаўленнем зёлак і па яго заварванні. А яшчэ яны распрацавалі для яго эксклюзіўны рэцэпт чаю «Нарачанская зорка». Алег Навіцкі паабяцаў, што наступны раз возьме яго ў космас.

— Я люблю беларускія прадукты, таму што для мяне яны самыя чыстыя і самыя смачныя, — падкрэсліў касманаўт. — А цяпер, пабачыўшы, які ў вас узровень вытворчасці, перайду на беларускі чай.

— Алег Віктаравіч, ці бераце з сабой чай у космас?

— Набор прыгатаваных прадуктаў уключае пакецікі чаю, змешчаныя ў вялікія двухслойныя пакеты, запаяныя з двух бакоў. Напаўняем такі пакет вадой і чакаем, пакуль заварыцца. Выбар у нас невялікі — чорны і зялёны чай. Акрамя таго, ёсць з дадатковым кампанентам — ягадным, клубнічным, сунічным.

— А ці відаць з космасу Беларусь і возера Нарач?

— Возера вельмі добра відаць, паколькі яно самае вялікае ў краіне. Неаднойчы яго фатаграфаваў з вышыні 420—430 кіламетраў. Беларусь таксама бачная. Але справа ў тым, што гэта не экватарыяльная дзяржава, дзе заўсёды яснае неба. Над тэрыторыяй Беларусі часта бывае воблачнасць, праходзяць цыклоны, антыцыклоны. Таму злавіць яе ў аб'ектыў цяжка. Калі нейкі аб'ект не змог сфатаграфаваць, то пралятаць над ім будзеш толькі праз некалькі дзён. Асаблівую радасць выклікае, калі ўдаецца зняць свой родны Чэрвень. Зрабіць гэта нялёгка. Горад невялікі па памерах, а хуткасць касмічнай станцыі
28 тысяч кіламетраў у гадзіну.

— Як часта бываеце на малой радзіме?

— Стараюся як найчасцей прыязджаць. Там засталася мая маці. Брат і сястра са сваімі сем'ямі жывуць у Мінску.

— Няма жадання на пенсіі пасяліцца ў Чэрвені?

— Я хацеў бы жыць у бацькоўскім доме. Пакуль працую ў Расійскай Федэрацыі, няма праблем, як і для любога чалавека, прыехаць і спакойна спыніцца тут, тым больш што дом вялікі, месца хапае ўсім. Не выключаю магчымасці некалі вярнуцца на радзіму.

— Беларускую мову не забылі?

— Добра разумею матчыну мову. Адзінае, што самому цяжка размаўляць на літаратурнай мове, шмат гадоў прайшло з таго часу, як пакінуў родны кут. А вось на трасянцы размаўляць — калі ласка.

— Алег Віктаравіч, дата наступнага палёту ў космас ужо вядомая?

— Дата і экіпаж афіцыйна яшчэ не прызначаны. Але па стане здароўя я прыгодны да палёту.

— Чалавецтва сутыкнулася з праблемай касмічнага смецця. Як яна будзе вырашацца з цягам часу?

— Пытанне вырашаецца, але вельмі марудна. Калі пачалі запускаць караблі, не задумваліся, што давядзецца ў далейшым сустрэцца з такой сітуацыяй. Існуе рэальная магчымасць не размінуцца з нейкім прадметам, абломкам. Таму цяпер часта мяняюцца арбіты станцый. Акрамя таго, у наш час імкнуцца пераходзіць на такія тэхналогіі, каб не засмечваць космас. У Зорным гарадку сярод дзяцей праводзяцца конкурсы, дзе яны прапаноўваюць праекты, як прыбіраць космас, не дапускаць яго засмечвання.

— А пажары з арбітальнай станцыі бачныя?

— Ачагі ўзгарання добра відаць. І адна з нашых задач — даваць адпаведным службам інфармацыю аб маштабах і распаўсюджванні пажараў.

— Якую звышнатуральную здольнасць для сябе абралі б?

— Хацеў бы стаць невідзімкам.

— Ці хацелі б, каб пра вас напісалі кнігу?

— Не хацеў бы. «Дзённік жонкі касманаўта» ў дзвюх частках напісала мая спадарожніца па жыцці. Гэтага дастаткова.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.