Вы тут

Фінал конкурсу «Сям’я — крышталь грамадства» прайшоў у Мінску


Пяць маладых сем’яў ваенных змагаліся за званне найлепшых у Цэнтральным доме афіцэраў. Таленавітыя ўдзельнікі спявалі, танцавалі, чыталі вершы, расказвалі пра каханне і любоў да Радзімы. Адным словам, рабілі ўсё, каб даказаць, што іх саюз — самы творчы, трывалы і пяшчотны.


Канкурсанты паказвалі сябе ў трох намінацыях. Прадстаўлялі «Візітную картку сям’і». Расказвалі пра любыя сэрцу мясціны ў спаборніцтве «Мой родны кут, як ты мне мілы...». Паказвалі яркія таленты ў «Творчым конкурсе».

Віктар і Яўгенія ГАНЧАРЭНКІ, якія сёлета сталі найлепшай маладой сям’ёй Узброеных Сіл Беларусі, спадзяюцца выхаваць двух сыноў патрыётамі краіны:
— Стараемся ніколі не журыцца і праводзіць час з карысцю. Гадуем спартыўных, моцных і вынослівых мужчын. Праводзім увесь свой час з дзецьмі. Хочам, каб яны сталі гонарам для нас і краіны.

Пераможцы паабяцалі, што спыняцца на двух сынах не збіраюцца, а перамогу яшчэ да канца не асэнсавалі. Хоць старэйшы сын капітана Ганчарэнкі, начальніка радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны 377-га зенітнага ракетнага палка ВПС і войскаў СПА Андрэй радасна крычыць: «Я на першым месцы!»

— Калі цяжка, мы ўсё зможам. Тут галоўнае — удваіх, — мяркуюць Валерыя і Ян МАКАРАНКІ. Прадстаўляючы сваю сям’ю, яны ў сапраўднай вершаванцы расказалі, як адно аднаго чакалі, разам у Ліду з Мінска ад’язджалі і актыўна адпачывалі. Пакуль старшы лейтэнант Макаранка, намеснік камандзіра вучэбна-трэніровачнага авіяцыйнага звяна 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ВПС і войскаў СПА і яго жонка трэніруюцца клапаціцца і адказваць за будучых дзяцей на шчанюку. Яскравая пара заняла другое месца ў конкурсе «Сям’я — крышталь грамадства».

Балельшчыкі Дзмітрыя і Вікторыі КАЗЛОВЫХ, якія сталі трэцяй сям’ёй, адзначанай як найлепшая, падтрымлівалі пару так актыўна, што самі маглі б стварыць цэлы нумар са сваіх палымяных крычалак-бадзёрак. «Усе за аднаго, адзін за ўсіх. Сям’ю Казловых чакае поспех», гэта толькі першая вершаванка, якімі калегі ўвесь час падтрымлівалі капітана Казлова, намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце батальёна забеспячэння цэнтра 72АВЦ і яго сям’ю. 

Сям’ю Пятра і Кацярыны КАБАНОВІЧАЎ прадстаўляў Дамавы, які жыве ў іх. На фоне фільма з хатняга відэа ён расказаў, што гісторыя сям’і пачалася яшчэ ў 2006-м, калі Пётр і Кацярына разам вучыліся ў старшых класах, пасля прыехалі паступаць у сталіцу, пажаніліся, нарадзілі двух дзетак. Малыя, дарэчы, актыўна дапамагалі бацькам выступаць. Дзімка з татам, капітанам Кабановічам, начальнікам курса ваеннага факультэта ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, спяваў, а Алінка танчыла з мамай.

Артур і Марына КУЦКО паказалі гісторыю свайго знаёмства і жыццёвых каштоўнасцяў у «палымяным» відэароліку, дзе з шэрагу розных дзяўчат толькі Марына не паквапілася на грошы і аўто старшага лейтэнанта Куцко, камандзіра парашутна-дэсантнага ўзвода парашутна-дэсантнай роты 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады сіл спецыяльных аперацый, які ў роліку граў ролю гэткага багатага плэйбоя. Такім стаўленнем і сваёй прыгажосцю яна выкрала сэрца хлопца назаўжды. Скончылася справа тым, што «яны разам, і кахаюць». А як яны спяваюць... Гэта трэба проста чуць.

Было прыгожа, яскрава, таленавіта і вельмі шчыра. Так яднацца ў каханні і службе яшчэ трэба павучыцца.

Ірына СІДАРОК, фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?