Вы тут

Тэхналогія пад наглядам


Супрацоўнікі дзяржкантролю працягваюць праводзіць маніторынг стану спраў на жывёлагадоўчых комплексах краіны.


Пасля візіту Прэзідэнта ў "Купалаўскае" рэвізоры выявілі каля тысячы розных парушэнняў на тэрыторыях фермаў, механізаваных двароў. Сотні кантралёраў па ўсёй краіне не проста рабілі заўвагі, але і аналізавалі, што з'явілася прычынай безгаспадарчага падыходу.

Леанід Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, нядаўна браў удзел у двухдзённым маніторынгу дзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на тэрыторыі Докшыцкага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў. Нагадаў старшыням райвыканкамаў і тым, хто ўзначальвае гаспадаркі, што трэба выконваць патрабаванні тэхналагічнай дысцыпліны. І ўвага да гэтай тэмы — працяг шматгадовага маніторынгу, у далейшым пытанне таксама будзе пад кантролем.

У Віцебскай вобласці супрацоўнікі КДК разам з УДФР правялі кантрольныя мерапрыемствы ва ўсіх раёнах. Татальная праверка па пытаннях навядзення парадку на аб'ектах сельскагаспадарчых арганізацый пачалася з канца сакавіка.

У тым ліку ў васьмі раёнах — паўторна па пытаннях ліквідацыі раней выяўленых парушэнняў. Усяго ўстаноўлена 175 фактаў парушэнняў ці недахопаў у вывучаных гаспадарках.

— Па патрабаванні камітэта вобласці да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя 64 службовыя асобы. Сярод іх 54 — спецыялісты і кіраўнікі аграрных прадпрыемстваў, восем — кіраўнікі раённага ўзроўню, двое — старшыні райвыканкамаў: Бешанковіцкага і Гарадоцкага.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя дзевяць кіраўнікоў сельгасарганізацый. У тым ліку: камітэтам — восем, адзін — Ушацкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (па патрабаванні камітэта), — растлумачыў Мікалай Хацкевіч, начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў.

Па ўсіх выяўленых фактах для прыняцця мер рэагавання камітэтам было аператыўна інфармавана кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама і райвыканкамаў.

Ёсць і прыклады прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

УДФР Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці заведзена справа па артыкуле "Бяздзейнасць службовай асобы" Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да службовых асоб гаспадаркі "ДраздыАгра" і Бешанковіцкага райвыканкама. Зараз упраўленнем Следчага камітэта праводзяцца неабходныя мерапрыемствы.

— Для прыняцця мер рэагавання па зноў выяўленых парушэннях у дзень іх выяўлення, як і недахопаў праінфармаваныя старшыні Браслаўскага, Віцебскага, Докшыцкага, Лепельскага, Мёрскага, Полацкага, Талачынскага, Шаркаўшчынскага райвыканкамаў.

Рыхтуюцца матэрыялы для правядзення адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да пяці вінаватых кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Аршанскага, Браслаўскага, Шумілінскага, Талачынскага і Ушацкага раёнаў, — працягвае суразмоўнік.

Дарэчы, на сёння ліквідавана больш за 60 % выяўленых Камітэтам дзяржаўнага кантролю парушэнняў.

На некаторых з правераных сельгасарганізацыяй працягваюць выконваць работы па ачыстцы тэрыторый фермаў ад гною і вывазе яго ў палі севаабаротаў. Таксама ўсталёўваюць агароджы жывёлагадоўчых фермаў, займаюцца вывазам і рэалізацыяй дзяржаве металалому. Усё больш актыўна пачынаюць разбіраць і вывозіць рэшткі дэманціраваных будынкаў і збудаванняў.

— Кантроль за ліквідацыяй раней і зноў выяўленых парушэнняў і недахопаў у сельскагаспадарчых арганізацыях усіх 21 раёнаў вобласці камітэтам вобласці працягваецца, — падкрэслілі ў ведамстве.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?