Вы тут

На вялікім экране прамільгнула дацкая карціна «Вакацыі» Ізабэлы Эклёф


Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць ужо пяты фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», што намагаецца не проста паказваць кіно, але і рабіць яго нагодай для дыскусіі. 13 мая на вялікім экране прамільгнула дацкая карціна «Вакацыі» Ізабэлы Эклёф, прэм'ера якой у 2018 годзе адбылася на фестывалі незалежнага кіно «Сандэнс». Фільм расказвае пра псіхалагічную, эканамічную і сацыяльную пастку, у якой аказалася прыгожая маладая дзяўчына Саша, што жыве раскошным жыццём з бойфрэндам-наркадылерам і ад яго ж церпіць гвалт.


Ізабэла Эклёф па ўласным прызнанні і сама мае хоць і не ідэнтычны, але пэўны досвед знаходжання ў аб'юзіўных стасунках. Гламурны, лакавы, яркі фільм з пышным жыццём на турэцкай Рыўеры і надзвычай натуралістычнай сцэнай фізічнага гвалту стаў спробай рэжысёркі выказацца на актуальную тэму, але выказванне атрымалася не такім адназначным, як драматычная вусная рыторыка аўтаркі.

Галоўная гераіня карціны разам са сваім маладым чалавекам Майклам прыехала да яго сям'і на турэцкую вілу, дзе праводзіць бестурботныя дні ў багатым доме, на багатых вечарынах і ў багатых забавах. Бойфрэнд песціць яе шыкоўнымі падарункамі і ў той жа час псіхалагічна і фізічна дамінуе, а Саша ўсё ўсміхаецца, карыстаецца выгодамі свайго становішча і некалькі разоў сустракаецца з новым знаёмцам Томасам. Апошні ў выніку становіцца сведкам стаўлення Майкла да сваёй каханай, выказвае Сашы сваю агіду і аказваецца ёй жа імпульсіўна забітым.

Фільм можна ўспрымаць як размову пра дэвіяцыі ў стасунках (Майкл гвалтуе — Саша мірыцца з гвалтам), гісторыю паступовага паглынання цемрай (Саша пераймае метады свайго псіхалагічнага аўтарытэта Майкла), як адлюстраванне пэўных патэрнаў паводзін аб'юзараў і іх партнёраў і так далей. Але чым дакладна — у прыватнасці, для мяне — гэтая карціна не з'яўляецца, дык банальнай размовай пра ахвяру і яе безвыходнае становішча. Хоць, зыходзячы са слоў рэжысёркі, вакол гэтага тут усё і верціцца.

Пасля паказу ў кінатэатры «Мір» саму карціну і аб'юзіўныя стасункі абмеркавалі аўтарка «Вакацый» Ізабэла Эклёф, псіхолагі Алеся Будрык і Кацярына Зыкава і актывістка Дар'я Царык. Удзельніцы размовы чарговы раз нагадалі, што сысці ад гвалтаўніка і таксічных стасункаў для іх ахвяр — надзвычай цяжкі крок. Яму перашкаджае псіхалагічная і эканамічная залежнасць, нізкая самаацэнка, страх, памяць аб лепшых часах адносін і надзея на іх вяртанне, імкненне апраўдаць свайго блізкага, эфект выпаленай зямлі, сумненне ў асабістай адэкватнасці і асцярога быць асуджанай з боку соцыуму — цэлы паркан без аніякага лазу.

Асноўныя патэрны такога роду стасункаў у «Вакацыях» сапраўды можна прасачыць, але Саша не проста выходзіць за межы персанажа-ахвяры, а больш за тое — пераходзіць з Майклам на новы ўзровень адносін, то-бок партнёрства. Пры больш пільным разглядзе характар галоўнай гераіні робіцца ўсё больш цікавым, а дзеянні, увянчаныя пераможным позіркам у фінале карціны, тым больш «свядомымі».

Відавочна не дурная дзяўчына — яна валодае прынамсі адной замежнай мовай і мае добры густ — адзначаецца ў даволі дробнай рысе: Саша настолькі не можа ўстаяць перад новым купальнікам, што купляе яго за чужыя грошы, якія павінна перадаць ад аднаго наркадылера другому. Гэта прага не проста новай прыгожай рэчы, а прыгожага жыцця (яе любоў да сябе бачная ў сцэнах, дзе гераіня бясконца любуецца сабой у люстэрку) перамагае цвярозае непрыняцце гвалту і прымушае прыняць правілы гульні — то-бок свядома іх прыняць і ўсміхацца.

Тут і багаты антураж, у якім адбываецца бытапісанне як бы шараговых аб'юзіўных стасункаў, прыходзіцца дарэчы, бо галоўнай гераіні ёсць дзеля чаго ахвяраваць і ісці на здзелку.

Хоць тэхнічна Саша з'яўляецца ахвярай і становіцца ў кантэкст таксічных адносін з гвалтаўніком, яна гэтаксама лёгка ўплятаецца ў размову пра асабістыя прыярытэты і кошты, якімі ты гатовы купляць сваё забяспечанае жыццё. Гераіня свядома становіцца часткай гэтага жыцця, калі церпіць аплявухі партнёра Майкла, ігнаруе збіццё і крыкі ў падвале і здымае бялізну па загадзе бойфрэнда. Больш за тое, яна прымае не проста правілы гульні, але і аўтарытэтную цемру свайго маладога чалавека: пасля таго, як ён выказвае знявагу Томасу, яна атрымлівае ўнутраны дазвол на знявагу ў адносінах да гэтага чалавека таксама (так у дзяцінстве мы пераймаем меркаванні аўтарытэтных для нас дарослых). У выніку яна становіцца забойцай і замацоўвае сваю здзелку крывёю. Ператварэнне завершана, усё падпісана.

А чырвоны след ад шалі, што закруцілася ў кола скутара, на шыі Сашы сімвалічна сведчыць пра механізм паводзін: дзяўчыну папярэдзілі аб небяспецы, але, зачараваная сваёй мэтай на фоне краявідаў турэцкага курорта, яна пайшла ёй насустрач і толькі ўсміхнулася ад наступстваў.

Сёлетняя праграма «Паўночнага ззяння» ўключыла ў сябе васямнаццаць ігравых і дакументальных карцін, пароўну жаночага і мужчынскага аўтарства, дзіцячую праграму, рэтраспектыву латвійскай рэжысёркі Лайлы Пакальніня, сферычнае кіно і шэраг сустрэч і майстар-класаў. Фестываль мае завяршыцца 17 мая.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Не проста ахвяра

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.