Вы тут

Дагледзець блізкага каштуе работы. Якія яшчэ ёсць варыянты дапамогі сям'і?


З такой праблемай многія нярэдка сутыкаюцца падчас актыўнай працоўнай дзейнасці. Аднойчы паўстае пытанне — пакінуць работу альбо знайсці нейкія іншыя спосабы, каб годна дагледзець старога і хворага роднага чалавека. У кожнага з нас, у нашых сяброў і знаёмых ёсць свае гісторыі на гэты конт. І сваё меркаванне.


Жыццёвыя гісторыі

Напрыклад, на маіх вачах адна калега, супрацоўніца абласной газеты, крыху больш за год разрывалася паміж працай і домам, дзе ляжала хворая маці. Яны з мужам па чарзе двойчы на дзень прыязджалі дадому. Ён дамовіўся з кіраўніцтвам, яму зрабілі абедзенны перапынак з 11 да 12 гадзін, ёй, адпаведна, з 12.30 да 15.30. Так яны ездзілі штодня, кармілі хворую, мянялі памперсы. А калі няма магчымасці рэгуляваць рабочы дзень альбо работа знаходзіцца даволі далёка ад дому? Яшчэ адны знаёмыя наймалі прыватную сядзелку, на што ішла не толькі пенсія старога бацькі, але амаль што і зарплата яго дачкі. Для многіх таксама не выйсце.

Гэтую гісторыю давялося пачуць у адной з апошніх камандзіровак. У Ніны, назавём яе так, добрая сям'я, можна сказаць, тыповая для простых працавітых жыхароў райцэнтра сярэдніх гадоў. Яны з Анатолем пажаніліся даволі маладымі, нарадзілі дваіх дзяцей, пабудавалі кватэру ў горадзе. Ён працуе ў будаўніча-меліярацыйнай арганізацыі, яна працавала ў паштовай сувязі. Раней тыдзень шчыравалі на асноўнай рабоце, у выхадныя ехалі ў вёску, дапамагалі бацькам мужа. Ну і вядома, мелі ад іх харчовую дапамогу, інакш цяжка было б і крэдыты аплачваць, і дзяцей паднімаць. Ніна цяпер успамінае нябожчыцу-свякроў добрым словам. Раней, праўда, не заўсёды разумела, калі тая бурчэла на мужа. Ён умудраўся на выхадных трымаць форму, а свае п'яныя грахі пакідаў на будныя дні. Незадоўга да смерці маці цяжка ўздыхала, маўляў, намучыцеся вы з ім.

Пасля смерці гаспадыні дома гаспадар зусім адчуў вольніцу. І ці не ў першы выхадны нявестцы патэлефанавалі з другога канца вёскі: забірай свёкра. Яна ледзьве выцягнула з канавы п'янага чалавека, з цяжкасцю прывалакла дадому. Мужа не было, ён працаваў тады вахтавым метадам. А наступны раз такая п'янка скончылася наогул дрэнна, кровазліццём у мозг. Невядома яшчэ, колькі праляжаў на падлозе, сабутэльнікі патэлефанавалі дзецям, калі самі прачнуліся раніцай.

Ніна з Анатолем прыехалі хутка, вёска побач з райцэнтрам, убачылі сінія ногі бацькі. Падумалі, што падаў ды пабіўся. Не адразу з гэтай прычыны «хуткую» выклікалі. Потым урачы сказалі, што хвароба праяўляецца і так. Адным словам, выйшаў з бальніцы ён канчатковым інвалідам. Ніна пакінула работу, яны з мужам пераехалі ў бацькоўскі дом. Бацьку яны падлячылі, фізічна ён стаў актыўным, а вось свядомае стаўленне да жыцця так і не вярнулася. Цяпер яна толькі бегае за ім ды ўстараняе ўсе праяўленні шкодніцтва, як за малым дзіцем: то тыднёвы запас курынага корму высыпле за раз, то цяпліцу раскрые і плёнку выкіне. Калі такое здараецца раз-другі, можна сцярпець, а калі кожны дзень, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам і ўжо год за годам, то, вядома, нервы здаюць, сваё здароўе пачынае даваць збоі. А ёй трэба думаць і пра сваю пенсію, гэта значыць, варта было б уладкавацца на пастаянную работу. Але як быць з бацькам? Цікава, што сын адмовіўся перайсці ў ролю сядзелкі. Была такая магчымасць: у арганізацыі Анатоля пачаліся перабоі, нават вымушаныя адпачынкі за свой кошт былі. Стаж у яго дастатковы, яна тады прапанавала на сямейным савеце варыянт, што сама выйдзе на работу, а мужа аформіць на дапамогу па доглядзе інваліда. Ён сказаў, што ў яго не хопіць цярпення, ён можа сарвацца, накрычаць, а то і ўдарыць. І яна адступіла. Пакінула ўсё як ёсць.

Вось яшчэ адна гісторыя з камандзіровак. У 2003 годзе я пісала пра былую настаўніцу з пушчанскай вёскі Пружанскага раёна, па жыцці якой няўмольна прайшлося пасляваеннае перакройванне межаў. Гэта трагічна-шчымлівая гісторыя, але маё захапленне выклікала высокая годнасць гэтай жанчыны і тое, як яна расказвала пра горкі лёс сям'і мужа-нябожчыка, інтэлігента ў трэцім пакаленні. А некалькі гадоў таму зноў пабывала ў той вёсцы, і мне расказалі пра жыццёвы фінал маёй гераіні. Яна захварэла на хваробу Альцгеймера. Даглядаць яе прыехала дачка з Расіі, якая толькі дасягнула пенсійнага ўзросту. Маці хадзіла па вёсцы, прасіла хлеба ў людзей, несла поўную бязглуздзіцу, беспадстаўна вінаваціла дачку ва ўсіх грахах. А дачка ўсё гэта так блізка прымала да сэрца, што, пахаваўшы маці, менш чым праз год памерла сама. Усе як адзін у вёсцы лічаць, што Улляна Пятроўна даканала дачку.

Сацыяльная падтрымка

На жаль, так бывае. Калі ў заходніх краінах усе пацыенты з падобнымі дыягназамі накіроўваюцца ў спецыялізаваныя пансіянаты, у нас вельмі часта заложнікамі хвароб бацькоў становяцца дзеці. Што рабіць, калі пажылога хворага чалавека пакінуць аднаго нельга, а
з работы звальняцца таксама не выпадае? З гэтым пытаннем іду да намесніка дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Брэста Ганны ЗАЛАЦЕНЬКАЙ.

— Першая і самая галоўная форма дапамогі пажылым пенсіянерам — гэта абслугоўванне сацыяльнага работніка, які прыходзіць у дом альбо кватэру ад двух да пяці разоў на тыдзень, — гаворыць Ганна Георгіеўна. — У зоне абслугоўвання 53 сацыяльных работнікаў Маскоўскага раёна зараз налічваецца 447 пенсіянераў. У асноўным гэта людзі ва ўзросце 83—85 гадоў. А яшчэ ёсць аддзяленне сацыяльнай падтрымкі сям'і і дзяцей, дзе працуе 19 сядзелак для ляжачых хворых. І вось гэтыя сядзелкі часта становяцца падтрымкай сям'і альбо нават выратаваннем сітуацыі.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай падтрымкі сям'і і дзяцей Таццяна ШЫКУНЕЦ паведаміла, што сядзелка ажыццяўляе догляд хворага чатыры гадзіны альбо восем гадзін у дзень, адпаведна — на палову стаўкі альбо на стаўку. Гэтая паслуга платная, плата складае рубель у гадзіну.

Сядзелкі — гэта штатныя супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра. Перад прыёмам на работу яны праходзяць медыцынскую камісію, правяраюцца нарколагам і псіхіятрам, праходзяць псіхалагічнае сумоўе і тэсціраванне. Усё пералічанае неабходна, каб адсекчы прыход выпадковых людзей. У іх абавязкі ўваходзіць поўны догляд хворага чалавека. Яны мяняюць памперсы і бялізну, мыюць хворага, гатуюць ежу і кормяць. Абавязковымі рысамі характару павінны быць талерантнасць і спагада. Старыя, нямоглыя людзі вельмі часта капрызныя, з неўралагічнымі і псіхічнымі праблемамі. Паводле слоў Таццяны Вадзімаўны, выпадковыя людзі, як правіла, адсейваюцца ў першыя месяцы работы, застаюцца тыя, хто мае цярпенне і любоў да людзей. Такіх у калектыве большасць, працуе нават адзін мужчына — Мікалай Крылоў.

Мікалай Аляксандравіч якраз з тых, хто сам страціў работу, калі давялося даглядаць блізкага чалавека. Потым уладкаваўся ў тэрытарыяльны цэнтр, цяпер яго называюць адным з найлепшых супрацоўнікаў аддзялення. У яго двое падшэфных, з якімі ён працуе па паўдня. Мужчына лічыць, што вельмі часта робіцца нерэальным застацца на рабоце некаму са сваякоў хворага. Скажам, калі твой блізкі чалавек пасля інсульту паралізаваны з дадатковым дыягназам «поўная страта асобы». І тады паслугі сядзелкі на тыя ж чатыры гадзіны — гэта хоць нейкая абарона члена сям'і, які даглядае, ад эмацыянальнага выгарання або псіхалагічнага знясілення.

Клопат дзяцей

Знаёмыя вярнуліся з Германіі. Расказвалі, як гасцілі ў адной сям'і. Гаспадарам дома за сорак, як і прынята на Захадзе, дзеці ў іх невялікія, вучні пачатковай школы. Малыя з задавальненнем наведваюць бабулю і дзядулю ў пансіянаце, які знаходзіцца даволі блізка ад дому. А састарэлыя бацькі перайшлі ў сацыяльную ўстанову таксама з задавальненнем. Пенсій хапае на аплату. А распарадак жыцця такі, што старыя людзі не сумуюць. Умовы там надзвычай камфортныя, у іх асобны пакой з кухняй і санвузлом накшталт блочнага інтэрната. Хочуць — гатуюць самі, не хочуць — могуць паесці ў агульнай сталоўцы. Заняткаў і забаў ва ўстанове на любы густ, пакуль ты рухаешся і актыўны, калі не — адпаведны догляд. У нас, відаць, яшчэ само грамадства павінна прайсці пэўны этап развіцця, пакуль саспее такі ўзровень забеспячэння дастойнай старасці. Вядома, і ў нас ёсць дамы-інтэрнаты для састарэлых. Але ж пажылыя людзі баяцца перспектывы правесці апошнія дні ў падобных установах. І не без падстаў баяцца, трэба сказаць. Усё больш разлічваюць на дзяцей.

А дзеці нярэдка адчуваюць сябе разгубленымі, не ведаюць нават, куды звяртацца ў першую чаргу, асабліва калі тэрмінова даводзіцца забраць хворых маці альбо бацьку з другога горада ці з вёскі. Таму перш за ўсё трэба пайсці ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай дапамогі свайго раёна, даведацца пра парадак атрымання паслуг сацыяльнага работніка альбо сядзелкі. Гэтыя паслугі можна атрымаць па месцы жыхарства незалежна ад таго, дзе зарэгістраваны пажылы чалавек. Потым неабходна аформіць пакет дакументаў, першым з якіх будзе медыцынская даведка. Варта ўлічваць, што сядзелку выдзяляюць для ляжачых хворых. Калі догляд патрэбны пастаянна, варта разгледзець прапановы прыватнай сядзелкі, правільней сказаць, зверыць бюджэт, бо кошт прыватнага работніка перавышае кошт сацыяльнага ў разы, а то і ў дзясяткі разоў. І толькі пасля гэтага трэба прымаць канчатковае рашэнне аб сваёй далейшай рабоце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дагледзець блізкага чалавека

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.