Вы тут

Прэзідэнт правёў кадравыя перастаноўкі


Новыя асобы з’явіліся не толькі ў кіраўніцтве мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дыппрадстаўніцтве і рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, але і ў кіраўніцтве важных арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў, Нацыянальнай акадэміі навук.


У мясцовых выканаўчых і распарадчых органах

Так, Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Віталя Кулака на пасаду старшыні Жабінкаўскага райвыканкама. Раней ён з’яўляўся старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама.

На пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама ўзгоднены Юрый Бісун, які раней працаваў старшынёй Іванаўскага райвыканкама. У сваю чаргу, гэтую пасаду заняў Анатоль Ткачук, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, для чаго патрэбна ратацыя старшыні з аднаго райвыканкама ў іншы райвыканкам. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава адзначыла, што гэта пытанне абмяркоўвалася з губернатарам Брэсцкай вобласці, і ахарактарызавала Юрыя Бісуна як моцнага кіраўніка, вопыт якога сёння патрэбен у Пружанах для таго, каб раён развіваўся больш дынамічна.

Беларускі лідар адзначыў, што новы раён для Юрыя Бісуна будзе значна больш складаны, чым цяперашні. Новы старшыня ў адказ звярнуў увагу, што ў Пружанскім раёне 96 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і 50 тысяч свіней, што ў два разы больш, чым у Іванаўскім раёне. Калі ж узяць чыста эканамічныя паказчыкі, то ў Іванаўскім яны трохі вышэй, чым у Пружанскім.

Аляксандр Лукашэнка запытаў пра сітуацыю ў Брэсцкай вобласці па сельскай гаспадарцы. Віталь Кулак далажыў, што працы на плошчах, запланаваных пад сяўбу яравых культур, у цэлым па вобласці завершаны (з улікам умоў надвор’я). Ужо прыступілі да нарыхтоўкі кармоў, рыхтуюць свірэпіцу і азімае жыта на сілас. Што тычыцца травяных кармоў, з-за ўмоў надвор’я яны яшчэ не нараслі, літаральна з наступнага тыдня плануюць пачаць нарыхтоўку.

Калі параўноўваць з мінулым годам, то ў вобласці ёсць станоўчая дынаміка ў развіцці жывёлагадоўлі.

«Ці ёсць праблемы з рэалізацыяй мясной і малочнай прадукцыі? (у Брэсцкай вобласці — «Звязда»)» — спытаў Прэзідэнт і пачуў адмоўны адказ.

Таксама беларускі лідар пацікавіўся сітуацыяй у вобласці ў раслінаводстве. Яго праінфармавалі, што былі складанасці па вільгаці, але сітуацыя паправілася дзякуючы дажджам на тэрыторыі ўсяго рэгіёна. Былі невялікія замаразкі, аднак шкоды яны не нанеслі. Безумоўна, некаторыя складанасці ўнесла вясновая засуха, аднак спецыялісты своечасова рэагуюць на сітуацыю — дзесьці перасейваюць, каб кожны гектар зямлі выкарыстоўваўся максімальна прадуктыўна. Але адставанне ёсць.

«Калі адстаем — гэта нястрашна, я пра страты», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. У адказ яму паведамілі, што страты нязначныя, перазімоўка прайшла нармальна.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што з мінулага года былі зроблены высновы, таму за гэты і, магчыма, будучы год трэба аднавіць запасы кармоў і збожжа. «Трэба, каб былі запасы. Усякае можа быць, клімат памяняўся», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што трэба адаптавацца і шукаць новыя культуры для атрымання эканамічнай эфектыўнасці.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падумвае аб тым, што, можа, нам і не варта фарсіраваць павелічэнне мяса і малака, таму што прадаць яго не так проста. Безумоўна, калі будзе вялікі попыт у свеце, то асобныя пазіцыі (свініна, птушка) можна будзе нарасціць. Пакуль жа відавочна, што на традыцыйны рынках для Беларусі працаваць складана, тым больш, ёсць складанасці з Расіяй, якая не дазваляе паставіць нават абумоўленыя аб’ёмы.

«Гэта сур’ёзныя пытанні, нам трэба абмяркоўваць сур’ёзна на узроўні ўрада гэтую праблему. Таму паўстае пытанне: ці варта нам так інтэнсіўна нарошчваць гэтыя традыцыйныя нашы прадукты, — дадаў ён. — Трэба шукаць нешта новае, каб займацца імпартазамяшчэннем».

Таксама беларускі лідар нагадаў прысутным, што ў Беларусі — два палітычных года, час кампаніяў. Гэтым займаюцца ў тым ліку і старшыні райвыканкамаў. Паводле яго слоў, трэба, каб усё прайшло годна, умовы для гэтага ёсць.

У арганізацыях

На пасаду старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці беларускі лідар узгадніў прызначэнне Таццяны Лугіной. Да гэтага яна працавала генеральным дырэктарам ААТ «Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе».

Што тычыцца дадзенага канцэрна, то беларускі лідар адзначыў, што сёння наша краіна, якая ў савецкія часы валодала развітой лёгкай прамысловасцю, увозіць «рознага роду рыззё» з-за мяжы, паколькі сама вырабляць не можа.

«Вядома, будзе няпроста падняць гэты пласт, але вы заўсёды можаце разлічваць у тым ліку і на маю падтрымку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і заклікаў агучваць праблемы, у тым ліку паведамляць у Адміністрацыю Прэзідэнта.

На думку кіраўніка дзяржавы, трэба страсянуць гэты апарат. Калі ж хтосьці не хоча працаваць, то неабходна падумаць над уводам новых людзей. Ён звярнуў увагу, што часу на разварушванне практычна няма.

«Трэба раскруціць тыя прадпрыемствы, якія сёння могуць працаваць, іх нямала. А тыя, якія маюць патрэбу ў падтрымцы — як тут мы целяпаемся з гэтым сукном — трэба разбірацца», — сказаў беларускі лідар.

Таксама Прэзідэнт адзначыў, што ўсе прадпрыемствы павінны быць у роўных умовах, каб была канкурэнцыя. «Прадукты харчавання і адзенне для чалавека — галоўнае», — дадаў ён.

Генеральным дырэктарам ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» стаў Валерый Іванковіч, раней — генеральны дырэктар ААТ «АМКАДОР».

Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне Рыгора Іванькова на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Лідсельмаш». Да гэтага ён узначальваў вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Амкадор-ДОМЗ». 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці не аслабіць «АМКАДОР» перавод двух яго моцных супрацоўнікаў. Наталля Качанава адзначыла, што на гэтым прадпрыемстве добрая пераемнасць, таму замена ёсць. Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць ратацыі, каб людзі ўжывалі свой вопыт на розных пазіцыях.

На думку беларускага лідара, Валерый Іванковіч і Рыгор Іванькоў накіроўваюцца на няпростыя прадпрыемствы, дзе трэба сур’ёзна дадаваць. Асабліва гэта тычыцца кампаніі «МАЗ».

«Калі вы там справіцеся з гэтай працай, я вам проста асабіста буду вельмі ўдзячны. Мы гэта прадпрыемства проста не можам страціць», — сказаў ён.

МАЗ, БелАЗ і МТЗ Прэзідэнт назваў тварам нашай краіны і тварам беларускага аўтамабілебудавання. Аляксандр Лукашэнка таксама анансаваў свой візіт на МАЗ у гэтым годзе. На яго думку, на гэтым прадпрыемстве мела месца кадравая праблема, таму ў выпадку неабходнасці ён заклікаў запрашаць новых супрацоўнікаў. Трэба павысіць эканамічныя паказчыкі — гэта тычыцца і «Лідсельмаша», які трэба вывесці на новы ўзровень.

Аляксей Кушнарэнка стаў генеральным дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліву і газіфікацыі «Белпалівагаз», да гэтага ён узначальваў «Магілёўаблгаз».

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Аляксея Кушнарэнкі, што трэба зрабіць у «Белпаліўгазе». У адказ ён адзначыў, што ў рабоце арганізацыі ёсць два вялікія кірункі — паліўны складнік (са збытам праблем няма) і газазабеспячэнне. Што да апошняга, то з-за вялікай колькасці карыстальнікаў задача арганізацыі — зрабіць усё, каб газ бесперабойна і безаварыйна паступаў да спажыўцоў.

Дарэчы, гэтая ж структура займаецца і газіфікацыяй — як прыватным асобам, так і юрыдычным.

Прэзідэнт адзначыў, што тут асаблівых праблем няма, проста патрэбны парадак і арганізацыя. Ён заклікаў не губіць неабходнае, аднак не трымаць лішняе.

Аляксандр Даўгала стаў генеральным дырэктарам кіруючай кампаніі холдынгу «Беларуская цэментная кампанія». Раней ён працаваў начальнікам упраўлення будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Апарату Савета Міністраў Беларусі.

Паводле слоў беларускага лідара, тут сітуацыя як з кампаніяй «МАЗ»: трэба выцягнуць сферу цэментнай вытворчасці. Якая тут самая вялікая праблема? Па словах Аляксандра Даўгалы, гэта выкананне абавязацельстваў па крэдытах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што больш ніхто падтрымліваць цэментную прамысловасць не будзе, так што трэба шукаць напрамкі рэалізацыі цэменту, каб паступова вяртаць крэдытныя сродкі.

Для гэтага патрэбна эфектыўная работа і на знешніх рынках. Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што мае месца непрыстойная канкурэнцыя на асобных рынках, але працаваць усё роўна трэба.

Аляксандр Даўгала адзначыў, што ўсе пастаўленыя Прэзідэнтам задачы па тых ці іншых прадпрыемствах выканальныя. Акрамя таго, попыт на наш цэмент ёсць за мяжой: так, за першы квартал бягучага года прырост па Польшчы склаў 125%, па Украіне — 38%, Латвія таксама купляе.

Таксама беларускі лідар заклікаў вельмі ўважліва паставіцца да магчымага продажу тых ці іншых прадпрыемстваў.

«Так, мы накіроўваем вас на няпростыя ўчасткі працы. Вельмі няпростыя, але цікавыя і працаваць там можна — і працаваць эфектыўна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У вышэйшых навучальных установах

Прэзідэнт узгадніў прызначэнне на пасаду рэктара ўстановы адукацыі "Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт" Вячаслава Шуціліна, раней - першага прарэктара гэтай навучальнай установы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: трэба рыхтаваць беларускіх студэнтаў для айчыннай эканомікі. Ён звярнуў увагу, што па заканчэнні выпускнікі павінны прыходзіць на адпаведнае кваліфікацыі месца працы. Таксама Аляксандр Лукашэнка заклікаў больш шырока паглядзець на развіццё гэтага універсітэта.

Віталь Веліканаў стаў рэктарам установы адукацыі "Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія". Да гэтага ён працаваў прарэктарам па выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі "Віцебская ордэна "Знак пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны".

Аляксандр Лукашэнка назваў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ўнікальнай навучальнай установай. Працы там будзе нямала, у тым ліку па добраўпарадкаванні тэрыторыі, дадаў ён.

Абмяркоўвалася вяртанне акадэміі навучальнай гаспадаркі - Віталь Веліканаў падкрэсліў яе важнасць у кантэксце практычнай падрыхтоўкі студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў. "Першае паўгоддзе гэтага года - пытанне павінна быць закрыта", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларускі лідар задаў лагічнае пытанне: якім чынам навучаць студэнтаў працы на зямлі, калі рабіць гэта няма дзе? Такім чынам, у хуткім часе навучальная гаспадарка павінна вярнуцца акадэміі.

У кіраўніцтве НАН Беларусі і падпарадкаваных арганізацый

Таксама адбыліся прызначэнні і ўзгадненні ў рабочым парадку.

Намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прызначаны Аляксандр Кільчэўскі, раней - галоўны вучоны сакратар акадэміі. У сваю чаргу, гэтую пасаду заняў Андрэй Іванец, які да гэтага працаваў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі.

На пасаду генеральнага дырэктара навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве ўзгоднены Вадзім Маханько, раней - намеснік гендырэктара па навуковай рабоце гэтага прадпрыемства.

У рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання

На пасаду першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва ўзгоднены Ігар Касцюкоў, да гэтага ён займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Аляксей Ананіч стаў намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва. Раней ён працаваў намеснікам дырэктара па эканоміцы ў "Мінскпраекце".

У дыпламатычным прадстаўніцтве краіны, абл- і гарвыканкамах

Ігар Фісенка - Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Беларусі ў Францыі і па сумяшчальніцтве Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА - прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Беларусі ў Манака і Партугаліі па сумяшчальніцтве.

На пасаду члена Віцебскага аблвыканкама ўзгоднены начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Грыб.

На пасаду члена Мінскага аблвыканкама ўзгоднены першы сакратар Мінскага абласнога камітэта грамадскага аб'яднання "БРСМ" Кірыл Шык.

На пасаду члена Мінскага гарвыканкама - начальнік галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Іван Кубракоў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.