Вы тут

На Фестываль кулікоў запрашае ў Тураў «Ахова птушак Бацькаўшчыны»


25-26 мая Грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ладзіць VIII Фестываль кулікоў у старажытным Тураве. 


Мерапрыемства праводзіцца побач з унікальнай прыроднай тэрыторыяй — Тураўскім лугам, які мае міжнародны статус «тэрыторыі, важнай для птушак», і з 2008 года абвешчаны біялагічным заказнікам. На ім можна сустрэць 33 віды кулікоў. Гэта адно з самых важных месцаў у Еўропе для гнездавання і адпачынку больш як 50 відаў водна-балотных птушак падчас іх міграцыі. Побач працуе першая ў Беларусі станцыя кальцавання птушак.

Праграма фестывалю ўключае экскурсіі па горадзе і на станцыю кальцавання, назіранні за птушкамі на лузе. Будзе працаваць фотазона, можна будзе паўдзельнічаць у цікавых спаборніцтвах.

Раніцай у суботу 25 мая пройдзе чэмпіянат па фотабёрдынгу для ўсіх ахвотных. Таксама на гэты дзень запланаваныя практычная лекцыя ад Цэнтра экалагічных рашэнняў, прысвечаная асобнаму збору смецця, запуск паветраных змеяў на Замкавай гары, выступленне ля вогнішча на беразе Прыпяці паэткі Насты Кудасавай, а таксама Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым.

У нядзелю 26 мая адбудуцца фотавыставы «Стары Тураў», «Палессе ў міжваенны час» С. Хохмана і «Прырода беларускі / She is nature» ад Цэнтра экалагічных рашэнняў і праекта «Вэтландс», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам. У нядзелю для гасцей арганізуюць продаж сувеніраў, будуць праходзіць майстар-класы па вырабе гліняных кулікоў-свісцёлак і кулічкоў з паперы ды воўны, а таксама птушыных прынтоў на торбах. У праграме дня — выступленні гуртоў, уключаючы зорак року AKUTE і «РЭХА».

З пятніцы па нядзелю на беразе Прыпяці будзе адкрыты кемпінг. Можна ўзяць палатку і спальнік, каб начаваць на ўлонні прыроды. Удзел у фестывалі бясплатны

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Віктара КАЗЛОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».