Вы тут

Пакаштаваць пернік і ўбачыць 3D-мапінг на Гальшанскім замку


Рэгіянальны фестываль «Гальшанскі замак» пройдзе Х раз. Арганізатары запрашаюць наведаць яго заўтра, у суботу, 18 мая.

Цікавы сваімі міфамі і легендамі замак роду Сапегаў у Гальшанах прапануе прыхільнікам сярэднявечнай культуры, аматарам рыцарскіх турніраў і народных рамёстваў прыняць удзел у мерапрыемстве, паведамляе «Ашмянскі веснік».


— Акрамя абноўленай Паўночнай вежы замка, гасцей свята чакае мноства сюрпрызаў і падарункаў, — запэўніваюць арганізатары, — незвычайнай будзе віртуальная экскурсія і выстаўка «Наша гісторыя ў стэрэавыявах», а таксама дэманстрацыя 360-градусных панарам Гальшанскага замка.

Распачне фестывальны дзень тэатралізаваны пралог «Сапега праз стагоддзі вітае гасцей». А ўрачыстае адкрыццё пачнецца з дэгустацыі знакамітага гальшанскага перніка і выступлення гурта «Стары Ольса». Дзённую праграму працягне тэатралізаванае коннае шоу «Крылатая слава Гальшанскіх зямель» конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора» і мінскага ваенна-гістарычнага клуба «Секерж». Выдатным падарункам для усіх гасцей фестывалю стануць турніры лучнікаў з выкарыстаннем 3D-мішэняў, а таксама паказальныя выступленні клуба гістарычнай рэканструкцыі «Шатландская пяхота».

На пляцоўцы «Рыцарскі стан» каля сцен замка збяруць сваіх прыхільнікаў рыцарскія турніры і бугурты — гэта адно з самых займальных відовішчаў свята. Вулічны сталічны тэатр «Вір» навучыць на майстар-класе хадзьбе на хадулях.

Чароўнасць харэаграфічнай культуры мінулага прадэманструюць танцавальныя калектывы SОLЕІL і 1410. А ўдзельнікаў вячэрняй праграмы фестывалю чакае незабыўная музычная імпрэза вядомых гуртоў сярэднявечнай музыкі «Літы Талер», Nevrіda і РАWА. Яскравае тэатралізаванае фаер-шоу пакажа тэатр «Вір». Незабыўным відовішчам стане 3D-мапінг на сценах Паўночнай вежы. Завершыцца фестываль яркім феерверкам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.