Вы тут

Як вядомы беларускі пейзажыст упрыгожвае сваімі скульптурамі малую радзіму


Вы чулі? Хутка ў Клімавічах прапішацца сама княгіня Мяшчэрская. Калі гуляеш па раённым цэнтры, міжволі звяртаеш увагу на незвычайны будынак з мезанінам і тонкай ажурнай разьбой. Гэта асабняк ХІХ стагоддзя, дзе жыла княгіня Марыя Мяшчэрская. Зараз тут музей, у ім ёсць нават чайны пакойчык княгіні. А хутка каля дома з'явіцца і скульптура былой гаспадыні. Над гэтай кампазіцыяй зараз актыўна працуе мастак Леанід Ячнеў, ураджэнец гэтага раёна, асоба, вядомая ў мастацкіх колах і сярод аматараў жывапісу. Ён удзельнік міжнародных пленэраў і выставак. Яго карціны ўпрыгожваюць музейныя і прыватныя калекцыі ў Беларусі і за яе межамі. Але перш за ўсё ён імкнецца стварыць імідж сваёй малой радзіме.


След у гісторыі

— Адкрыццё скульптуры плануецца 18 мая, — паведамляе мастак. — Княгіня будзе сядзець на лаўцы, а побач з ёй застанецца вольнае месца для фотасесій. Вобраз гаспадыні крыху міфічны. Яе фота, на жаль, не захавалася, але ў мяне добрая фантазія. Ды і не мог я адмовіць, калі да мяне звярнулася вельмі захопленая сваёй справай кіраўніца раённага краязнаўчага музея Дар'я Эверс.

У музея з мастаком цеснае супрацоўніцтва. І не толькі як з аўтарам карцін, якія тут захоўваюцца. У яго багатая сямейная гісторыя, цесна звязаная з мінулым гэтага краю. Па просьбе музейных работнікаў Леанід запісаў успаміны маці пра вядомага тутэйшага пана — Камінскага. А ёй пра яго расказвала яе маці — Марыя Захараўна Давыдова, якая працавала ў пана пакаёўкай. Дагэтуль на тэрыторыі тутэйшага Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода стаіць будынак з цікава аформленым фасадам. Дакладней, малюнкам унутранага інтэр'ера спіртзавода тых часоў, калі яго гаспадаром быў Камінскі. Захаваліся таксама падвальныя памяшканні, дзе настойваліся напоі.

— У багаты дом на працу бабуля трапіла зусім дзяўчынкай, гадоў у 15-16. Яна была вельмі сімпатычная, і там яе адзявалі як ляльку. У яе абавязкі ўваходзіла падаваць ежу да стала, — пераказвае словы маці мастак. — Камінскі быў вельмі багатым чалавекам, меў вялікую гаспадарку, кавалак лесу, палі, некалькі вёсак. Усе, хто на яго працаваў, не крыўдзіліся. Ён нікога не караў, плаціў добра. Бабулі, напрыклад, даваў тры рублі ў месяц. Прыстойную на той час зарплату. А яшчэ ў яго было хобі — збіраць лекавыя травы, ён нават бясплатна лячыў імі простых людзей.

З мастацкім ухілам

Імя Леанід для сямейства Ячневых вельмі сімвалічнае. Бацька мастака, таксама Леанід, заслужаны дзеяч культуры, кампазітар, кіраўнік трох народных хароў. На будынку Клімавіцкага раённага цэнтра культуры ёсць памятная дошка з яго імем. У горадзе таксама збіраюцца назваць адну з вуліц у яго гонар.

Сын Леанід набыў вядомасць дзякуючы сваім пейзажам і нацюрмортам. А ў апошнія некалькі гадоў раскрыў у сабе талент скульптара. Дапамагае яму ў гэтым прафесійны тынкоўшчык. Бо стварэнне скульптуры з жалезабетону патрабуе не толькі мастацкага густу, але і ведання асноў лепкі. Тандэм хутка набыў папулярнасць. Адзін з пастаянных заказчыкаў — Клімавіцкі лясгас.

Чалавек з ружжом і трафеем у выглядзе кабана каля дома паляўнічага — якраз адна з першых работ мастака ў ролі скульптара. Шмат аўтарскіх вырабаў упрыгожвае сам дом паляўнічага і пасеку лясгаса. Усяго ў раёне каля 30 ячнеўскіх скульптур — вікінгі, мядзведзі, розныя кампазіцыі. Адзін прыватнік папрасіў яго зрабіць перад домам вялікую пячору, перад уваходам у яе прыступкі, на якіх сядзіць ваўчынае сямейства.

На ўездзе ў Клімавічы, дзе знаходзіцца свінакомплекс, можна ўбачыць яшчэ адзін цікавы праект. Адна свіння стаіць на бочцы, другая ляжыць насупраць, задраўшы ўгору капыткі, трэцяя красуецца на подыуме — гэтакая каралева прыгажосці. Гледзячы на ўсё гэта сямейства, пачынаеш міжволі ўсміхацца, настрой з'яўляецца. Не дзіўна, што тут пастаянна праводзяцца фотасесіі.

— Такія скульптуры ўжо даўно карыстаюцца попытам у бліжэйшым замежжы. У нас жа яны толькі набіраюць папулярнасць, — адзначае Леанід Ячнеў. — Мой калега з Украіны на гэтым нават бізнес зрабіў.

Інфармацыя пра аўтара малых архітэктурных формаў хуценька разнеслася па наваколлі. Цяпер заказы паступаюць нават з найбліжэйшых да Клімавіч раёнаў Расіі. Нядаўна Ячнеў ездзіў туды да гаспадара аграсядзібы, які папрасіў зрабіць лесавіка. Жадае, каб скульптура стаяла на ўваходзе і сустракала гасцей. Потым, магчыма, непадалёк з'явіцца паляна з грыбамі і нешта іншае на лясную тэматыку. А яшчэ мастака чакаюць у Стаўбцах у Мінскай вобласці. Там трэба зрабіць вялікі штучны вадаспад вышынёй метры чатыры і даўжынёй метраў сем, а побач — вадаём. Народ актыўна ўпрыгожвае свае аграсядзібы і стараецца давяраць гэта не абы-каму. Балазе, у інтэрнэце шмат інфармацыі пра Ячнева і яго работы.

Ле­а­нід Яч­неў  і яго со­неч­ныя скульп­ту­ры.

Клімавічы ў фарбах

Скульптура — гэта спосаб зарабіць на жыццё, прызнаецца мастак, а вось жывапіс — сэнс існавання на зямлі. На жаль, на карціны цяпер меншы попыт. Але ён пастаянны ўдзельнік шматлікіх творчых міжнародных і айчынных праектаў. Нядаўна яго работы можна было пабачыць на выстаўцы «Мой родны кут» у Магілёве, у якой прымалі ўдзел майстры Саюза мастакоў Беларусі. Вельмі цікавым стаў вопыт удзелу ў пленэрах «Руская Атлантыда», якія Санкт-Пецярбургскі цэнтр гуманітарных праграм і Саюз мастакоў Расіі ладзяць у Ніла-Сталабенскай пустыні. Сюды прыязджаюць прафесіяналы з розных куткоў Расіі і іншых краін і некалькі дзён працуюць у розных манастырах. Кожны год Ячнеў наведвае міжнародны пленэр у расійскіх Шумячах, прысвечаны лаўрэату Сталінскай прэміі Фёдару Шурпіну. Ячнеўскія пейзажы кранаюць цёплымі вясковымі матывамі, у іх шмат глыбіні, прасторы, паветра. Яму падабаецца вяртацца ў мінулае роднага горада і аднаўляць ягоную прыгажосць у фарбах. Амаль завершана работа над карцінай, на якой выяўлены куточак Клімавіч пачатку ХХ стагоддзя.

— Маці расказвала, што раней у парку стаяла старая драўляная царква, якая дзейнічала яшчэ да вайны, — дзеліцца гісторыяй яе стварэння Леанід Ячнеў. — Музейшчыкі кажуць, што гэта была царква Іаана Прадцечы. Пасля вайны з яе знялі купалы і зрабілі кінатэатр. Там мая маці працавала касірам да 1958 года, пакуль не пабудавалі Дом культуры. А царкву непрыкметна разабралі. Я напісаў карціну па расказах маці і яшчэ нікому яе не паказваў. Для нашага сямейства гэта царква — месца наогул знакавае. Там быў і клуб, дзе толькі пачынаў працаваць мой бацька.

Глядзіш на карціну, і на душы становіцца цёпла і ўтульна, хоць на палатне зімовы пейзаж. Грэе мяккае лагоднае святло, якое струменіцца з вокнаў і дзвярэй царквы. Ідзе служба, і ўсё наваколле сціхае, быццам прыслухоўваецца да ўрачыстай літургіі.

Старшыня Клімавіцкага райсавета дэпутатаў Васіль Захарэнка:

— Навядзенне парадку на зямлі — адна з галоўных задач для кожнага жыхара нашага раёна. І малыя архітэктурныя формы надаюць населенаму пункту непаўторную асаблівасць. Тым больш калі іх аўтар — прафесіянал. Нашы прадпрыемствы ахвотна заказваюць у Леаніда Ячнева розныя скульптуры, каб прыцягнуць увагу да сваіх аб'ектаў. Прыемна, што землякі не застаюцца ўбаку ад спраў раёна, прымаюць удзел у яго развіцці. На рэспубліканскім суботніку два нашыя знакамітыя ўраджэнцы — Валерый Іваноў і Іван Кажамяка — дапамагалі ўпрыгожваць горад, саджалі туі на ўездзе ў яго. Яшчэ адзін наш зямляк Мікалай Крупінін стварыў у Селішчы базу аграэкатурызму і працягвае развіваць гэты населены пункт, рабіць яго ўсё больш прывабным і камфортным для адпачынку. Добраўпарадкаваў невялікую сажалку, прыводзіць да ладу парк, збіраецца зрабіць дзіцячую пляцоўку. У нас, дарэчы, існуе клуб ганаровых землякоў, яго члены паступова становяцца ганаровымі грамадзянамі. Сярод апошніх, хто атрымаў гэты высокі статус, — Мікалай Крупінін і Іван Кажамяка. Гэтыя людзі дапамагаюць вырашаць надзённыя праблемы для раёна. І мы імі вельмі ганарымся.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ірыны САВОСІНАЙ

Загаловак у газеце: Мастак для Клімавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!